Час прыгожых зімовых святаў, пара таямнічасці і казачнасці… Гэта я пра навагоднія і калядныя святы, якія для кожнага з самага дзяцінства былі, ды і застаюцца, чароўнай казкай… Так ёсць і будзе. А вось як было? Пра гэта журналісту расказала 87-гадовая жыхарка вёскі Путрычы Крывасельскага сельсавета Галіна Міхайлаўна Грышкевіч. Як святкавалі прыгожыя зімовыя святы ў далёкія гады яе дзяцінства?
З гэтага пытання і распачалася размова.
– Адразу скажу, што Новы год, які зараз так шумна і ярка сустракаюць у ноч з 31 снежня на 1 студзеня, у гады майго дзяцінства ў нашай вёсцы не адзначалі. А вось Каляды, якім папярэднічаў пост, святкавалі ўсе. І пачыналі з поснай куцці, 6 снежня ўвечары. У нашай сям’і гэта было так. Усе абавязкова збіраліся разам – каб увесь год сям’я не разлучалася. Бацька запальваў свечку і маліўся, і мы ўсе былі ўдзельнікамі гэтага малебена. Ужо быў падрыхтаваны стол, засланы белым абрусам, пад якім абавязкова клалі сена. Некаторыя іншы раз пытаюцца: для чаго сена? А маленькі Хрыстос, памятаеце, ляжаў у яслях з сенам… Пасля малітвы на стол ставілася куцця – гэта такая каша з ячменных круп. Спачатку ўсе елі яе, а ўжо пасля прыносілі на стол іншую посную страву: грыбы, квашаную капусту, селядцы, мочаныя яблыкі… У канцы ў нашай сям’і абавязкова пілі адвар з садавіны. У нас ля хаты расла груша, плады якой заўсёды і выкарыстоўвалі для такіх напіткаў.
– Так, цікавым быў вечар перад светлым святам… Менавіта ў гэты вечар і ноч людзі загадвалі жаданні і верылі, што яны абавязкова збудуцца. А як святкавалі ў вёсцы Каляды?
– Было весела і цікава. Канешне ж, старанна рыхтавалі святочны стол, які заўсёды быў багаты. Абавязкова варылі галоўную калядную страву – верашчаку з мяса, каўбас, свіных скабак… Елі яе з блінамі, без якіх таксама не абыходзіліся ў свята. Памятаеце, нават песня ёсць пра «калядачкі, бліны-ладачкі»? Карацей, на гэтае свята было многа мясных страў у розных выглядах. А вось малочных не было, бо зімою звычайна кароўкі не дояцца, яшчэ не ацяліліся, дык адкуль жа браць тыя сыры ды масла?
– А чым займаліся ў прыгожыя святочныя дні?
– Святкавалі. Моладзь ладзіла вечарынкі, розныя гульні, старэйшыя людзі таксама збіраліся разам, што называецца, «на сяло». Жартавалі, прыгадвалі мінулае, нешта планавалі…
– Напэўна ж, і калядоўшчыкі хадзілі з віншаваннямі па вёсцы?
– Калі я была зусім малая, дык было такое. Вяскоўцы пераапраналіся ў розных персанажаў і хадзілі з зоркай па хатах, віншавалі людзей, жадалі ўсяго найлепшага. Іх частавалі, дзякавалі за віншаванні. А ўжо пазней калядоўшчыкі не хадзілі, бо пачалася вайна, не да гэтага было. Ну а яшчэ пазней, самі ведаеце, – атэізм, дзяцей вучылі ў школах зусім іншаму… Таму вельмі радуюся, што цяпер традыцыі продкаў адраджаюцца, і нашы ўнукі ды праўнукі адзначаюць прыгожыя святы так, як і іх далёкія продкі.
– У дзяцей святкаванне навагодніх і калядных дзён звычайна асацыіруецца з падарункамі ды ласункамі. А якія ласункі былі ў гады Вашага маленства?
– Ой, якія там ласункі… У той далёкі час вясковыя дзеці амаль і не бачылі ніякіх цукерак ды печыва. Праўда, без салодкага я не заставалася – тата быў пчаляром, таму мёду сваёй сям’і хапала, яшчэ і суседзяў частавалі. А яшчэ старэйшы брат заўсёды запасаўся арэхамі. Балазе, арэшнік амаль што ля самай вёскі. Назбірае, бывала, цэлы гарнец (гэта пасудзіна такая была), каб на Каляды хапіла і самім паласавацца, і пагуляць у гульню «цотка-лішка», аматарам якой брат быў. Такія вось у нас былі небагатыя ласункі…
– Небагатыя, але карысныя. А што яшчэ цікавага было ў святочныя зімовыя дні?
– О, многа чаго. Вечерам перад старым Новым годам святкавалі багатую куццю. Зноў было многа самых розных мясных страў, а завяршалі застолле тлустым булёнам, у якім варыліся тыя прысмакі. І ў само свята – 14 студзеня – было прынята многа разоў садзіцца за стол, есці, лічылася, што ў такім разе багатым, негалодным будзе і ўвесь год. Стараліся, каб у сем’ях у гэты дзень было ціха і мірна – зноў жа дзеля таго, каб так пражыць цэлы год.
– Калядныя святы не ўяўляюцца без дзявочай варажбы…
– Гэта было абавязковым. Дзяўчаты ў нашай вёсцы варажылі вечарам перад старым Новым годам і перад Вадохрышчам. Такім чынам яны хацелі даведацца, калі выйдуць замуж, як будзе выглядаць жаніх. Варажылі па-рознаму: абхопвалі плот і лічылі: калі цотная колькасць абхопленых парканін – хутка выйдзе замуж, калі няцотная – то яшчэ трэба пачакаць. Альбо прыносілі бярэма дроў у хату і зноў жа лічылі па такім жа прынцыпе. А яшчэ, памятаю, варажылі дзеўкі ў нашай хаце: кожная прынесла свае аладкі і расклалі хто свае на лаве. Затым упусцілі ў хату нашага старога сабаку Балкана і сталі чакаць: чые першыя аладкі ён з’есць, тая дзяўчына і выйдзе хутка замуж. А Балкан, мусіць, быў добра накормлены, бо панюхаў-панюхаў усе аладкі, ні адной не з’еў – і за дзверы. Вось ужо смяяўся наш бацька! А дзяўчаты засумавалі… Праўда, замуж выйшлі ўсе, толькі не ў той год.
– Так што не памыліўся стары Балкан, бо варажылі ж, як кажуць, на блізкую перспектыву – на прадстаячы год… Цікава, хоць і няпроста, небагата жылі людзі. Многае было па-іншаму, нават і надвор’е ў тыя святочныя дні, ці не так?
– Так-так, зімы тады былі зусім не такія, як цяпер. Бывала, снегу намяце вышэй плоту, мароз-траскун! Аконныя шыбы замярзалі поўнасцю, нічога не было відаць. Памятаю, неяк на Каляды так намяло, што мы доўга не маглі адчыніць дзверы на вуліцу. А трэба ж жывёлу карміць! Ледзь павылазілі з хат. Вось як было. А цяпер і не разбярэшся, ці-то вясна на дварэ, ці-то восень – усё памянялася…
– А ці ведалі вяскоўцы калядныя прыкметы, па якіх можна было вызначаць, якім будзе год?
– Ведалі. Памятаю, што казалі так: калі на Каляды цёпла, то вясна будзе халоднай, і наадварот. А яшчэ заўважалі, што снег на Каляды прадказвае цёплую вясну, а завіруха ў святочную ноч абяцала вясну раннюю. Так што будзем глядзець на сёлетняе свята, прыкмячаць, а пасля меркаваць, ці спраўдзіцца.
– Абавязкова будзем. Дзякуй Вам, Галіна Міхайлаўна, за такія цікавыя ўспаміны. Думаю, нашым чытачам яны спадабаюцца. Здароўя Вам і доўгіх гадоў жыцця!
Гутарыла Ірына БУДЗЬКО