Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Пётр Русак за сваю працу ўзнагароджан медалём

Нядаўна вялікая група працаўнікоў самых розных сфер узнагароджана медалём «За працоўныя заслугі». У ліку ўзнагароджаных – і віляйчанін Пётр Русак, вадзіцель пагрузчыка філіяла ДБУ-13 дарожна-будаўнічага трэста №5.

Дзяржаўных узнагарод удастоены 43 чалавекі самых розных прафесій. Так адзначаны іх шматгадовая плённая праца, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў. Адпаведны Указ № 483 быў падпісаны кіраўніком нашай дзяржавы 22 снежня. Што ж, гэта яшчэ і выдатны падарунак дастойным працаўнікам да навагодніх святаў.

Каля чатырох дзясяткаў гадоў працуе ў ДБУ-13 Пётр Русак. Ён не з тых, хто ў пошуках лепшага месца мяняе арганізацыі. Не, гэта не ў яго характары, таму роднаму ўпраўленню, нягледзячы ні на што, не здраджвае. Такім яго выхавалі бацькі – простыя сельскія працаўнікі з вёскі Рэчкі. Тут Пётр рос, тут навучыўся ўсім нялёгкім справам сельскага жыхара, тут, у мясцовай гаспадарцы, пачаўся яго працоўны стаж. А затым была служба ў арміі, пасля якой ён і звязаў сваё жыццё з ДБУ-13. Немагчыма прыпомніць усе аб’екты, дзе за доўгія гады ва ўпраўленні даводзілася працаваць Пятру Мікалаевічу. Бадай што, ва ўсіх важных будоўлях, у якіх прымала ўдзел упраўленне, ёсць доля яго працы. А якая яна, яго праца, яскрава раскажуць шматлікія граматы і падзякі працавітаму чалавеку, галіновы знак «Ганаровы дарожнік Беларусі II ступені», а цяпер вось – і медаль… Партрэт Пятра Русака неаднаразова змяшчаўся на Дошцы гонару і свайго ўпраўлення, і вышэйстаячай арганізацыі. Надзейны, прафесіянал сваёй справы, сціплы чалавек – так характарызуюць Пятра Мікалаевіча на працы. За гэта яго і цэняць.

А яшчэ Пётр Русак добры сем’янін – любячы і клапатлівы муж, бацька, дзядуля. Сваё асабістае шчасце ён некалі сустрэў у роднай вёсцы Рэчкі. Больш за тры дзясяткі гадоў ідуць яны з Таісай Васільеўнай разам па жыцці, дзелячы радасць і непрыемнасці на дваіх. У іх сям’і пануюць узаемаразуменне і павага. Дзвюх дачок выгадавалі і вывелі ў людзі Русакі.

Сёння Анастасія і Кацярына ўжо маюць свае сем’і, падарылі бацькам траіх цудоўных унучыкаў. Усёй дружнай сям’ёй Русакі любяць бываць на сваёй дачы ў вёсцы Хамянцы, дзе ў іх ёсць прысядзібны ўчастак, а побач – лес, у якім яны разам збіраюць грыбы і ягады.
– Пецю тут спраў хапае, – расказвае пра мужа Таіса Васільеўна. – У свой час набылі мотаблок, на якім муж апрацоўвае наш участак. Тут у нас і бульба, і іншая гародніна, і кветкі. Любім бавіць на прыродзе час усе разам, унукам тут так падабаецца…

Простае шчасце людское. У чым яно? На гэта пытанне можна адказаць па-рознаму. А на самой справе шчасце ў сям’і, блізкіх людзях і любімай рабоце. Так лічыць Пётр Русак, і не пагадзіцца з гэтым нельга.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага альбома Пятра РУСАКА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 69 queries