Тры ў адным Рыгора Куляша. Раённы і мясцовы дэпутат, сельскі стараста – такую грамадскую работу ён выконвае ў Вязынскім сельсавеце.

Гадоў некалькі назад, калі пазнаёмілася з гэтым цікавым чалавекам – дэпутатам і актыўным сельскім старастам – у думках назвала яго дэпутатам не толькі па званні, але і па душы. А яно і сапраўды так, бо жыць на малой радзіме ў клопатах пра яе працвітанне і дабрабыт аднавяскоўцаў – яго жыццёвае крэда.
З малых гадоў хлапчук з Рэдзькавічаў жыў звыклымі клопатамі вяскоўцаў: араў, касіў, даглядаў жывёлу. Тады, у дзяцінстве, засвоіў галоўнае: жывучы сярод людзей, трэба і самому заўсёды быць чалавекам у поўным сэнсе гэтага слова, клапаціцца не толькі пра сябе, але і пра аднавяскоўцаў. З усведамленнем гэтага і ідзе па жыцці Рыгор Кулеш.
У свой час стартам у самастойнае жыццё для яго стала мясцовая гаспадарка, куды хлопец прыйшоў па бацькавых слядах. Працаваў трактарыстам, памочнікам на жніве, а пазней і камбайнерам на «Ніве», пра што зараз узгадвае з асаблівай цеплынёй у голасе. А пасля ў жыцці Рыгора Рыгоравіча адбылася перамена – ён перайшоў на працу ў Вязынскае лясніцтва Вілейскага лясгаса.
Ён доўга можа расказваць і пра важнасць працы ў лясной гаспадарцы, і пра адданых сваёй справе людзей, што там працуюць, і пра іх штодзённыя клопаты, і пра вялікую шкоду бураломаў, якія штогод налятаюць і прыносяць шмат урону.
– Трыццаць гадоў адпрацаваў у лясгасе, а зараз ужо на ільготнай пенсіі, – падзяліўся мужчына. – Будзе болей часу на грамадскую работу.
А яна ў гэтага нераўнадушнага чалавека сур’ёзная. Дэпутат раённага Савета дэпутатаў, мясцовы дэпутат і стараста пяці населеных пунктаў – Рэдзькавічаў, Кобузяў, Бярэзава, Азярца ды Матчыцаў. Тры ў адным атрымліваецца, з усмешкай зазначае сам Рыгор Рыгоравіч і тут жа дадае:
«Хочацца, каб нашы вёскі былі прыгожымі, дагледжанымі, каб парадак быў на кожным участку. Толькі вось не ўсе гэта разумеюць, іншы раз даводзіцца тлумачыць некаторым. І ўрэшце знаходзім паразуменне. А нярэдка і ўласным прыкладам паказваеш, як трэба наводзіць парадак. Косім, зразаем аварыйныя дрэвы, парадкуем. І старшыня сельсавета Ігар Судніковіч заўсёды першы
ў такой справе».
У канцы размовы Рыгор Рыгоравіч прызнаўся, што ў іх са старшынёй сельсавета вельмі многа задумак і планаў на будучыню па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. А што запланавана, трэба выканаць – такі ў іх прынцып. І выканаюць.
Ірына БУДЗЬКО







