Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Свеціць, як сонца, ад самай калыскі… Так сказаў беларускі паэт Мікола Хведаровіч пра маці

Напярэдадні гэтага кастрычніцкага свята – Дня маці, якое дарагое кожнаму, мы ўсе з асаблівымі цеплынёй і любоўю думаем пра самага блізкага ў жыцці чалавека. Шчасце, калі цёплыя словы ёсць каму сказаць, і горка, калі дарагім словам «матуля» ўжо няма да каго звярнуцца і застаецца ў чарговы раз пагутарыць з самай мілай і блізкай у думках, узгадаўшы шчасліва-светлыя імгненні, калі яна яшчэ была побач.

У гэтыя кастрычніцкія дні бывае шмат зваротаў і да нас, у рэдакцыю, падчас якіх віляйчане расказваюць пра сваіх матуль. Вось і Жанна Бохан, якая пазваніла ў рэдакцыю, падзялілася, што хоча праз газету расказаць пра сваю матулю Веру Віктараўну Шарафановіч, якая напрыканцы верасня адзначыла сваё 72-годдзе. І яшчэ адзін жаночы лёс, няпросты, з многімі выпрабаваннямі, прайшоў перад вачыма…

Вера нарадзілася ў шмат­дзетнай сялянскай сям’і ў вёсцы Трыгузі. У бацькоў было васьмёра сыноў і дачок, і Вера была старэйшай з сясцёр. Жылося ў той пасляваенны час нялёгка, сялянскім дзецям было не да гульняў і забаў. Вось і Вера з малых гадоў дапамагала па гаспадарцы, была клапатлівай нянькай для малодшых брацікаў і сястрычак.

– Непрыкметна праляцеў час, і мама, што называецца, пайшла на свой хлеб – пачала працаваць на тарфяніках, – працягнула аповед пра жыццё матулі дачка. – Тут і адбылася сустрэча з татам, які быў старэйшы за маму больш чым на дзесяць гадоў і жыў у Чыжэвічах.
Вяселле згулялі, калі Веры споўнілася васямнаццаць. Шчыра расказваючы дочкам пра тыя гады, Вера Віктараўна прызнавалася¸ што не вельмі і спяшалася яна яшчэ замуж, ды блізкія настойліва раілі: выходзь, значыць, гэта твой лёс. Дзяўчына разумела бацькоў, у якіх, акрамя яе, было яшчэ сямёра, і зрабіла так, як ёй раілі. Так Вера стала жыхаркай Чыжэвічаў. Нельга сказаць, што замужам ёй жылося вельмі соладка, аднак і на лёс жанчына не скардзіцца: як-ніяк, а пражылі яны з мужам паўвека, нарадзілі і выгадавалі трох клапатлівых дачок. Каб у доме быў дастатак, Шарафановічы заўсёды трымалі немалую гаспадарку і многа працавалі, дапамагалі дочкам, якія выходзілі ў самастойны шлях, стваралі сем’і. Вера Віктараўна, узгадала Жанна, пэўны час працавала ў гандлі, а затым – на свінаферме, адкуль і выйшла на пенсію. У 2009 годзе на сям’ю абрушылася велізарнае гора – памерла адна з дачок, пакінуўшы сіратою пяцігадовую дачушку. На два гады матулю дзяўчынцы замяніла бабуля, і гэта адчуванне сваёй патрэбнасці, напэўна, і дапамагло Веры Віктараўне перажыць той страшны час. Прайшлі гады, вырасла ўнучка, якая зараз жыве ў сям’і яшчэ адной дачкі Веры Віктараўны, а боль незваротнай страты жыве ў сэрцах родных, не-не ды і нагадваючы пра сябе. А два гады назад Вера Віктараўна пахавала і мужа, з якім пражыла паўвека. Так сталася, што на гэтым свеце з усіх сясцёр і братоў засталася толькі адна сястра¸ якую жанчына ўзяла да сябе. Так і жывуць удзвюх, чакаючы выхадных, калі прыязджаюць дзеці з унукамі. Яны дапамагаюць маці ва ўсіх гаспадарчых справах. Тады дом Шарафановічаў ажывае.

– Як гэта важна – баць­коўскі дом, дзе цябе любяць і чакаюць, – прызналася Жанна, заканчваючы расказ пра маці. – Мне ўжо крыху да пяцьдзясят, а адчуваю сябе дзіцём, бо ў мяне ёсць мама, мамачка… Ведаеце, яна – цэнтр, аб’ядноўваючы пачатак нашай сям’і… Мама ўсё сваё жыццё пражыла і жыве дзеля нас, шчодра дзелячыся ўсім тым, што ведае і можа. Ад яе мы вучыліся быць сапраўднымі гаспадынямі, клапатлівымі жонкамі і маці. Кожнае вялікае свята, кожная сямейная ўрачыстасць у нашай сям’і праходзіць у родных Чыжэвічах. Мама заўсёды чакае, рыхтуе розныя смачныя стравы, радуе нас разнастайнай выпечкай. А ў яе ведаеце колькі рэцэптаў! Збірае іх доўгія гады, чытаючы газеты і часопісы, і абавязкова апрабоўвае. Калі ўжо загаварылі пра чытанне, то гэта любімы мамін занятак у вольны час. Захапляюць яе раманы, якіх многа перачытала. А яшчэ любіць і раёнку, уважліва перачытвае кожны нумар, каб ведаць, што робіцца ў раёне. Неабыякавы чалавек наша мамачка…

Слухала Жанну і міжволі думала пра тое, што многае з расказанага ёю мне вельмі знаёма і выклікае такія ж хвалююча-светлыя пачуцці. А самае галоўнае, што нас аб’ядноўвае, – нашы мамы, якія, дзякуй Богу, побач. І гэта найвялікшае шчасце. Са святам усіх вас, мілыя матулі! І доўгіх-доўгіх вам гадоў жыцця!

Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена Жаннай БОХАН

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 64 queries