З вуліцы двор Ролічаў з вёскі Баравыя нічым не выдае таго, што гаспадары трымаюць вялікую гаспадарку. Заасфальтаваныя дарожкі, пафарбаваныя ў вясёлыя колеры лавачка ды плот, у самай квецені клумбы пры доме… Дзе тыя вёдры, бочкі ды чыгуны, якія звычайна паўсюль у дварах, дзе ёсць гаспадарка? Ды і дзе ўся тая жыўнасць, пра якую расказвалі? І толькі крышку пазней я знайшла адказ на гэтыя пытанні. Усё тое, што трэба ў багатай гаспадарцы, размяшчаецца ў двары, які хаваецца ад чужых вачэй за пабудовамі ды агародамі. Падумалася, што так і павінна быць, каб госця ў двары сустракалі кветкі і чысціня.Таццяну Роліч, гаспадыню дома, сустрэлі на золькаўскай малочна-таварнай ферме, дзе яна працуе загадчыцай. Нялёгка ёй, падумалася, дабірацца з Баравых да працы, ды яшчэ не адзін раз на дзень.
– Выручае скутар, – падзялілася Таццяна Уладзіміраўна. – На ім вельмі хутка дабірацца. А то, бывала, закончыш работу і яшчэ доўга чакаеш на ферме, пакуль машына збярэ нас усіх і развязе па дамах. А цяпер у мяне свая тэхніка, не трэба нікога чакаць…
Здаецца, гэта было зусім нядаўна: Таня, выпускніца Ільянскага сельгастэхнікума, прыехала па размеркаванні працаваць на Іжаншчыну. Тут чарнавокая прыгажуня сустрэла свайго суджанага – працавітага хлопца Івана.
– Пачалі сумеснае жыццё з таго, што купілі цялушку ў Дубаве, – узгадала Таццяна Уладзіміраўна. – Працы не баяліся, бо ведалі, што без яе немагчыма жыць дастойна. А хацелася ж і апрануцца прыгожа, і дзетак гадаваць у дастатку. Ды і будоўлю пазней распачалі, узяліся фінскі домік, які атрымалі, дабудоўваць.
Адзін за адным у сям’і нарадзіліся сыны. Саша, праз чатыры гады – Ваня. Вельмі хацелася бацькам мець і дачушку, таму яшчэ праз чатыры гады так чакалі яе! А нарадзіўся трэці хлопчык, Ігар. Значыць, не лёс маці было мець памочніцу. Таму Ролічы стараліся выхоўваць сыноў так, каб не дзялілі яны працу на мужчынскую і жаночую, а смела браліся за ўсё. Трэба прыбраць у хаце? Лёгка. А як наконт таго, каб падаіць кароў? Ніякіх праблем, за даёнку – і ў хлеў. Трэба прапалоць градкі ці калгасныя буракі – хлопцы тут як тут.А ўжо што выйсці з касой на поле ці з сякерай пашчыраваць ля дрывотні, дык гэта для працавітых хлопцаў справа звычайная.
– Здараецца, з танцаў вернецца каторы пад раніцу, і адразу ж на поле, касіць, – расказвае Таццяна Уладзіміраўна. – Так сказаў бацька, а яго слова для дзяцей – закон.
Ірына БУДЗЬКО
(Працяг у №55 на стар.3)


