Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Чайкі над гарадкамі

Грыпінічы – прозвішча, распаўсюджанае менавіта на Вязыншчыне. Таму для Вілейшчыны гучыць нязвыкла. – Усе, хто Грыпінічы – мая радня, – з веданнем сітуацыі сцвярджае Яўген. І задаволена ўсміхаецца, паведамляючы радасную для яго навіну: у маі носьбітаў прозвішча прыбавілася. У Яўгена Грыпініча, перадавога ў філіяле «Вязыньскі» механізатара, нарадзіўся сын Мацвей. Клапоцячыся аб індывідуальнасці нашчадка, бацькі імя хлопчыку таксама далі рэдкае. Не ўтаю, для мяне гэта навіна таксама прыемная. Памятаецца, летась, на пасяўной, я пажадала Яўгену не абмяжоўваць сямейны патэнцыял адным дзіцем. І вось – добры вынік гэтага пажадання. У трохгадовага Антона з’явіўся маленькі брацік. Ну, няхай растуць здаровымі хлапчукі на гэтай шчодрай зямліцы, якая відавочна адгукаецца на праяўлены аб ёй клопат.IMG_4547

Яўген Грыпініч спыніў свой «МТЗ» з валкаўтваральнікам на правяленым пракосе лугавой травы.
– На гэтых пяцідзесяці гектарах мы правялі перазалужэнне цімафееўкай, – уключаецца ў дыялог галоўны аграном філіяла Іосіф Шакель. Ураджай, самі бачыце, неблагі. Карыстаемся сухім надвор’ем. Усю траву сушым на сена.
Варта адзначыць, што лугі ў ваколіцах вадасховішча ніколі не адчуваюць недахопу вільгаці. Вада і сонца даюць той парніковы эфект, які спрыяе буянню траў. Але ў гэта самавольства прыроды чалавек уносіць свае карэктывы, накіроўваючы працэс у патрэбным для яго напрамку. Вось і гэту 50-гектарную плошчу паспелі падзаправіць азотам. А вынік? Ён – на сенажаці. Яўген на сваім «МТЗ» разварушвае валкі, «здвойвае» іх, рыхтуючы фронт работы для падборшчыка. Урочышча «гарадкі», нібы паўвостраў, з трох бакоў амываецца воднай гладдзю: зусім блізка палошчацца вілейскае вадасховішча і разразаюць луг на кавалкі глыбокія цясніны каналаў, што нясуць сталіцы водны блакіт нашай прыгажуні Віліі.IMG_4548
– Тут вясной вады было меней, а вось ва ўрочышчы каля Лугавых – сапраўдны заліўны луг. У разводдзе там стаяла цэлае мора, – расказвае Іосіф Шакель. – Цяпер касіць там можна толькі раніцой, з расой. У полудзень трава пругкая і цвёрдая, нібы дрот. – Таму і выходзяць вязынскія касцы на сенажаць а чацвёртай гадзіне раніцы. З улікам гэтых абставін для іх перагледжаны і нормы выпрацоўкі.
Алег Буслаўскі косіць травы ва ўрочышчы Рыбчына. Была некалі вёска з такою назвай. Цяпер успаміны аб ёй гойдаюць хвалі вадасховішча. А памяць людская матэрыялізуе іх у аднайменных назвах, што вабяць сваім адметным гучаннем і каларытам. Дарога да Рыбчына – у акантоўцы збожжавых палеткаў. З густой сцяны азімых жытоў цікуюць за дарогай блакітнавокія васількі. Іх язык не павернецца назваць пустазеллем. І буяюць ва ўрочышчы травы.
– Ад дарогі – пясок. А вы далей прайдзіце, туды, дзе тарфянікі, – галоўнаму аграному не церпіцца падзяліцца «травяной» сітуацыяй, якая дазволіць філіялу сёлета, як і летась, мець добры запас кармоў. Больш чым на 80 мільёнаў іх рэалізавана тым гаспадаркам, дзе як след не паклапаціліся аб паўнацэнным меню для буйной рагатай жывёлы.IMG_4557
Ужо запоўнены дзве сянажныя траншэі ля фермы «Ясьманаўцы», завяршаецца закладка яшчэ адной у Рэдзькавічах. Цяпер важна, каб дажджы не замачылі ў валках правяленую траву. Яе, дарэчы, атрымоўваюць цяляты ў выглядзе зялёнай падкормкі. Па тэмпах корманарыхтовак філіял «Вязыньскі» лідзіруе сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна. І поспех варта аднесці ў заслугу не толькі корманарыхтоўшчыкам, але і арганізатарам уборачнага канвееру. Слізгаючы графік рабочага дня, які дазваляе касіць травы з расой, а гэта адбіваецца станоўча не толькі на тэмпах, але і на якасці касьбы. Тры «МАЗы» і «Беларус»,з прычэпамі, штодня адвозяць з поля здробненую травяную масу. І хутка ў філіяле пачнецца сапраўды дабрачынная акцыя выдзялення сена для асабістых падсобных гаспадарак.
– Не абмінаем нікога. Пенсіянераў – таксама. Каля трох тон сена выдзяляем на карову. У вадзіцеля – спіс гаспадарак. Ён загружае рулоны – і дастаўляе іх прама ў двары, – тлумачыць Іосіф Шакель. Такі клопат – у кантэксце дзяржаўнай палітыкі, прадэклараванай Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь на нарадзе, прысвечанай развіццю асабістых падсобных гаспадарак.
… Аднаго з лідэраў уборачнага канвееру на полі сустрэць не прывялося. На «МАЗе» Алега Петрусевіча, згодна яго ўласнага выказвання,»вырвала цыліндр». Давялося стаць на рамонт. Без урону для самога працэсу корманарыхтовак. У панядзелак філіял «лавіў» добрае надвор’е. Таму толькі касіў і сушыў сена.
Блізкасць вадасховішча адбіваецца на каларыце вязынскіх сенажацей. Над імі лунаюць чайкі. Нязвыкла бачыць гэтых белых птахаў воддаль ад водных прастораў. На зялёным фоне кідка глядзяцца іх імклівыя сілуэты. І ў гэтым таксама адметнасць абмытых рукатворным морам прастораў.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 129 queries