Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Ступіце на забытыя вясковыя сцежкі

Жыццё чалавека – рух наперад. На розных этапах жыцця гэты рух мае розную хуткасць, але накірунак адзін – заўсёды наперад, толькі наперад. У многіх з нас ён настолькі імклівы, што няма часу прыгледзецца, што адбываецца вакол нас. А можна ж, наогул, хоць на нейкі момант спыніцца, азірнуцца: а што ж там, за маёй спіной? Які след пасля мяне застаецца?Заўсёды хочацца верыць, што ў кожнага з нас ёсць будучае, і абсалютна несумненна, што ў кожнага з нас есць мінулае, ёсць вытокі, ёсць той адпраўны пункт, з якога ўсё і пачыналася.
Сёння звяртаюся да тых, для каго такім вытокам, пачаткам з’яўляецца адна з вёсак Іжаншчыны. Пачынаючы з сёлетняга года, дзень напярэдадні Радуніцы мы аб’яўляем у Іжскім сельсавеце Днём вяртання. Спыніцеся, адкладзіце ўбок усе свае справы, прыедзьце ў панядзелак, 12 красавіка ў родную вёску, да бацькоўскага ці дзедаўскага парога, нават калі там, на вялікі жаль, вас ужо ніхто не чакае. Няхай у гэты дзень адпачнуць гарадскія тратуары ад стуку вашых абцасаў, ступіце на забытыя вясковыя сцежкі-дарожкі.
Магчыма, нехта прачытае і скажа: «У нас там заўсёды парадак». А побач з вамі закінуты суседскі падворак, на які ўжо шмат гадоў ніхто не заглядвае. Не шукаючы, хто павінен гэта зрабіць, а проста ў імя памяці аб сваёй былой суседцы, якая некалі так шчыра частавала вас салодкімі яблыкамі са свайго, цяпер ужо здзічэлага, саду, падыміце зламаную агароджу, прыбярыце быллё з панадворка.
Па ўсіх вёсках сельсавета ў гэты дзень пройдзе транспарт мясцовых СВК, у які можна будзе загрузіць смецце.
У гэты ж дзень на ўсіх могільніках (іх у сельсавеце 10) старастамі населеных пунктаў і дэпутатамі мясцовага Савета будуць арганізаваны работы па добраўпарадкаванню. Ёсць у нас добры прыклад жыхароў вёсак Каралеўцы, Лыцавічы, Ролічы, Золькі, Муляры, калі яны, прыбіраючы магілы сваіх продкаў, ніколі не прамінуць закінутую магілку і, не вагаючыся, пойдуць прыбіраць «нічыйную» тэрыторыю.
Не магу не выкарыстаць магчымасць звярнуцца праз раёнку да невядомага аўтара нядаўняга пісьма, якое прыйшло на адрас старшыні сельсавета. У неразборлівым подпісе з цяжкасцю разгледзела літары «Г» і «Д». Няхай гэта будзе «Гарадскі Добразычлівец». Дык вось ён напамінае мне аб неабходнасці паклапаціцца аб сваёй душы і навесці парадак на могілках. Думаю, што ў нас з Вамі, паважаны «ГД», 12 красавіка будзе магчымасць сустрэцца на адным з могільнікаў і разам выканаць наш агульны абавязак перад памяццю продкаў у імя выратавання сваёй уласнай душы.
Валянціна НАВАСЁЛАК,
старшыня Іжскага сельвыканкама

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 61 queries