Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Сяўба-2010

Аб тэмпах асцерагаюся пакуль гаварыць, – галоўны аграном унітарнага прадпрыемства «Даўгінава» Аляксандр Акушэвіч лічыць за лепшае не скажаць рэальны малюнак ходу пасяўной. – Хоць па аднаму разу на дзень, але ў дыспетчарскую паведамляюць, што на тым ці іншым полі «засеў» агрэгат.У словах спецыяліста пераконваешся, аглядаючы падтопленыя веснавой паводкай вясковыя аселіцы. Асабліва многа такіх імправізаваных азерцаў, з якіх праступае пажухлае шчацінне мінулагодняй травы, уздоўж дарог і каля сажалак. Атрымоўваецца, хоць і дружная выдалася вясна, але не паспявае шчодрае сонца гэтак жа імпэтна выпіць усю вільгаць, падораную яму шчодрымі далонямі вызваленай з-пад снегу зямлі.
З Аляксандрам Аляксандравічам мы калясілі па прасёлкавых дарогах, выбіраючы найбольш прамыя і наезджаныя, каб сустрэцца з удзельнікамі палявых работ. Апошнія вядуцца ў комплексе: падсяваюцца сенажаці, уносяцца ўгнаенні, рыхтуецца пад сяўбу глеба. Гаспадарцы прадстаіць пасеяць сёлета 890 гектараў яравых культур. Гэты клін –адзін з буйнейшых у раёне.
У рабоце – «ФЭНДТ», самы высокапрадукцыйны камбінаваны агрэгат, на які прадпрыемства і ўскладвае найбольш надзей. Працуе ён у кругласутачным рэжыме, гэта значыць, і ў начны час. На перазменку адводзіцца толькі тры гадзіны. Пра гэта расказвае адзін з механізатараў, замацаваных за тэхнікай, – Аляксандр Казак. Яго зменшчык – Сяргей Пятровіч. Не трэба, пэўна, канкрэтызаваць, што на высокапрадукцыйны агрэгат гаспадарка прызначыла самых вопытных трактарыстаў. Мы заспелі «ФЭНДТ» перад пачаткам яго выхаду на новы пасяўны палетак. І пакуль Аляксандр адладжваў рэгуліроўкі, літаральна на некалькі хвілін адарвалі яго ад справы.
– Два б такія агрэгаты – і пасяўную ў «Даўгінаве» можна было лічыць завершанай?
– Амаль што так, – на хаду прыкідвае трактарыст, канстатуючы, што за змену агрэгат засявае 50-гектарную плошчу. А перавага яго ў тым, што ён адначасова яшчэ і ўзрыхляе зямлю.
– Ёсць у «Даўгінаве» касцяк механізатараў, – з гэтым сцвярджэннем галоўнага агранома мушу пагадзіцца. Тым больш, што мы пад’язджаем да майго даўняга знаёмага Станіслава Калягі, удастоенага спецыяльнага прыза «ШП» «За адданасць полю». Памятаецца наша сустрэча летась на жніўным палетку. Тады ў полі працаваў сямейны камбайнавы экіпаж Калягаў. Бацьку дапамагаў сын Аляксандр – студэнт машынабудаўнічага каледжа. Прадпрыемства завяршала жніво. Бункер камбайна на вачах запаўняўся збожжабабовай сумессю. Больш 1200 тон збажыны намалаціў летась сямейны экіпаж. І, як адданага зямлі працаўніка, адзначанага спецыяльным прызам газеты, Станіслава Калягу ўшаноўвалі пасля на раённым злёце перадавікоў сельскай гаспадаркі.
І вось зноў – сустрэча. Цяпер Станіслаў заняты на падсеве шматгадовых траў. Палетак ва ўсю кусціцца дружнымі ўсходамі. Прасторны, не пабіты кустоўем, ён ушчыльную прымыкае да шашы, над якой распусцілі аголеныя галінкі бярозы. Пупышкі набрынялыя, вось-вось лопнуць. І галоўны аграном пазірае на гэты няўстойлівы ландшафт з незразумелай трывогаю. Усё растлумачвае яго мімаходзь кінутая рэпліка:
– Калі бяроза зазелянела, раннія яравыя сеяць позна. – Вось так і суіснуюць навука з жыццёвай практыкай, узаемна дапаўняючы і абагачаючы адна адну.

(Продолжение в №28 на стр.2)

Марыя КУЗАЎКІНА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 61 queries