Спачатку падалося, што рапс перажыў зіму. Свежая рунь выплеснулася з-пад снегу, густая і кусцістая. Але прайшло колькі дзён – і парасткі, пабітыя рудымі плямамі, пацямнелі, ніжнія наогул леглі на дол.– Зірніце, – Аляксандр Бядрыцкі выцягнуў з ворыва карэньчык, сціснуў яго ў далонях. Паміж пальцаў пасыпалася труха. – Давялося 90 гектараў перасеяць кукурузай. Не выстаяла і трыцікале.
– Тэхналогіі парушылі?
– Ранні мароз пабіў усходы. Гэта галоўная прычына.
Вось і давялося прымаць рашэнне аб тэрміновым перасеве. Нягледзячы на ўсе нюансы, яравую сяўбу ў падсобнай гаспадарцы «Асіпавічы» райаграсервіса завяршылі за сем дзён, скарыстаўшы самы аптымальны яе тэрмін. У ліку тых трох гаспадарак, каму адрасавалі свае віншаванні райвыканкам і раённы Савет дэпутатаў, была і падсобная гаспадарка «Асіпавічы». А да кукурузы ў Аляксандра Бядрыцкага, кіраўніка, асаблівая павага:
– Гэта самы малакагонны корм. Мы ёю перасеем не толькі тыя ўчасткі, што пабіў мароз. Але знойдзем яшчэ плошчы сярод тых, якія ўключаны ў севаабарот.
Што датычыць культуры земляробства, гаспадарка захоўвае яе на належным ўзроўні, з году ў год узнімаючы няўдобіцы, якія ўжо страцілі гаспадароў.
– Калі я толькі прыйшоў на працу ў Асіпавічы,стаяў ліпень. Кукурузу пасеяў – і яна дала добрую масу. Надвор’е паспрыяла: было ў меру вільгаці, а пасля насталі сонечныя дні. За суткі ў сярэднім сантыметраў на дваццаць прыбаўляла каралева ў росце.
Няма падстаў не давяраць майму суразмоўцу. Гады два таму бачыла на палетку побач з Ілішчавічамі кукурузу вышэй намнога чалавечага росту. Магчыма, прыхільнікі рацыянальных падыходаў запярэчаць, але са сваіх шматгадовых назіранняў я раблю выснову, што зямля, як жывая істота, рэагуе на добрыя да яе адносіны. Калі чалавек прыходзіць на поле не проста па абавязку, а і па нейкай сваёй душэўнай схільнасці. Тады і барозны выходзяць роўныя і ўзыходы дружныя. Дарэчы, палетак плошчай у 110 гектараў, засеяны «гонарам”. І ўжо сапраўды ганарліва забуяў свежай зеленню.
(Працяг у №32 на стар.3)
Марыя КУЗАЎКІНА