Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

«Любоў да песні ў нас – сямейнае…»

Так сцвярджае жыхарка Шылавічаў Яўгенія Міхайлаўна Краўчонак, усё жыццё якой звязана з мастацкай самадзейнасцю. І бацькі яе, і дзеці, і ўнукі – усе любяць песню і не ўяўляюць без яе жыцця.

Бываючы на разнастайных канцэртах, многія віляйчане, напэўна, звярнулі ўвагу на гэты дуэт галасістых спявачак, выступленні якога заўсёды кранаюць. Маці і дачка, на сцэне яны становяцца нібыта адным цэлым, тонка адчуваючы кожную нотку, ловячы і чытаючы кожны позірк партнёршы. І гучыць-заварожвае песня…

– Спяваць у нашай сям’і любілі заўсёды, – расказвае Яўгенія Міхайлаўна. – Бабуля мая добра спявала, мама таксама мае добры голас. Я ў дзяцінстве была сарамлівай, спявала хіба што для сябе, а ўжо ў старэйшых класах мяне, як кажуць, рассакрэцілі… Добра памятаю першае выступленне на сцэне тады яшчэ старога шылавіцкага клуба. У зале – аднавяскоўцы, сярод якіх і мая мама, а я, яшчэ зусім дзяўчо, выйшла на сцэну з вельмі сур’ёзнай песняй пра каханне… Спявала і ад хвалявання не ведала, куды мне глядзець… Пасля канцэрта, праўда, мама пахваліла і дала мудрыя парады, як трымацца на сцэне.

Заканчваючы школу, Яўгенія, канешне ж, марыла аб прафесіі культработніка. Ды ў душы варухнулася сумненне: а раптам не атрымаецца? Пайшла ў гандлёвы тэхнікум, пасля заканчэння якога без малога сорак гадоў адпрацавала за прылаўкам. Але гэта не значыць, што на песні яна забылася…

– Мне не было і дваццаці, калі выйшла замуж, – расказала пра сябе Яўгенія Міхайлаўна. – Сёлета будзем адзначаць з мужам Сяргеем Уладзіміравічам 44-годдзе сумеснага жыцця. Выгадавалі дзвюх дачушак – Алёну і Таццяну, якія падарылі нам унука і дзвюх унучак. Калі нарадзілася наша Алёнка, імя ёй выбралі па любімай песні кампазітара Мартынава… Дочкі нашы з дзяцінства спявалі і ў садку, і ў школе, і ў музычнай школе. Пасля заканчэння школы Алёна, нават не разважаючы, падала дакументы ў музычнае вучылішча, і мы яе толькі падтрымалі ў гэтым выбары. Пасля заканчэння вучобы яна прыехала дамоў, у Шылавічы, дзе і працуе ў культуры ўжо больш за дваццаць гадоў, дзесяць з якіх з’яўляецца дырэктарам сельскага Дома культуры.

Колькі цікавых мерапрыемстваў, запамінальных сустрэч, цудоўных канцэртаў адбылося за гэты час! Шылавіцкія артысты з задавальненнем выступаюць усюды, куды іх запрашаюць.
З зусім нядаўніх мерапрыемстваў Яўгенія Міхайлаўна назвала асенні баль, які прайшоў у Вілейскім Палацы культуры напярэдадні Дня пажылых людзей і ў якім удзельнічала вакальная група пенсіянераў «Валошкі» з Шылавічаў, музычным кіраўніком якой з’яўляецца Алена Мамай; і раённыя «Дажынкі-2020», якія прайшлі ў Лыцавічах і ў якіх
удзельнічала група шылавіцкага сацыяльнага пункта, якая дзейнічае з 2017 года. На «Дажынкі» шылавіцкія ветэраны прадставілі сваё падвор’е (ідэя зрабіць гэта належала старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Ганне Шэпелевай), у ролі гаспадыні якога была Яўгенія Міхайлаўна. Цудоўнае свята атрымалася, запамінальнае.

«Нам песня строить и жить помогает» – гэтыя словы з некалі вядомай песні даўно сталі крылатымі. А яно, згаджаецца Яўгенія Міхайлаўна, так і ёсць, бо з песняй і сапраўды любая справа спорыцца. Іншы раз, здаецца, адольвае стома, настрой не для песень, а сходзіш на рэпетыцыю – і ўсё гэта нібы рукой зняло. Кожныя выхадныя збіраюцца шылавіцкія самадзейныя артысты ў клубе, шліфуюць-адточваюць сваё майстэрства, каб радаваць людзей сваёй творчасцю. А нагода для гэтага ёсць круглы год. У апошні час, праўда, свае карэктывы ў жыццё ўнёс каранавірус, аднак і ён не ў сілах пазбавіць людзей песні. Вось і ў Шылавіцкім Доме культуры ў бліжэйшы час плануюць правесці дабрачынны канцэрт «Дзеці супраць раку», а там не за гарамі і розныя зімовыя святы…

– Цікава праходзяць у нас яны, шануем народныя традыцыі, перададзеныя нам продкамі, – падзялілася Яўгенія Міхайлаўна. – Вельмі цёпла прымаюць людзі нашых калядоўшчыкаў, валачобнікаў – атрымліваюцца агульныя для ўсіх святы. І мы, пенсіянеры, не застанемся ад іх убаку.

А як жа праходзяць сямейныя ўрачыстасці ў сем’ях культработнікаў?

– Вядома ж, весела, з песнямі, – з усмешкай адказала на гэта жанчына, – бо ўсе мы – самадзейныя артысты. Да майго юбілею Алёна напісала сапраўдны сцэнарый, у якім былі задзейнічаны блізкія. Гучалі песні, вершы і прыпеўкі, якія ў нас складаюць усе, нават мая старэнькая мама, што жыве тут жа, у Шылавічах. Карацей, бывае ў нас весела, і нават мой Сяргей Уладзіміравіч, які не вызначаецца прыгожым голасам, не застаецца ўбаку, падпявае…

Пра значэнне песні ў жыцці чалавека і ўвогуле пра ролю мастацкай самадзейнасці мы з Яўгеніяй Міхайлаўнай гаварылі доўга. Яна прыгадвала канцэрты, з якімі яны выступалі ва ўстановах культуры Вілейшчыны, адзначала, наколькі цёпла і сардэчна прымаюць артыстаў гледачы. Яно і зразумела, бо, як кажуць, не хлебам адзіным жывы чалавек… Гутарылі мы і пра цікавыя сустрэчы ў сацыяльным пункце, пра дзейнасць групы. Шчырыя словы сказала Яўгенія Міхайлаўна пра сваіх маму і свякроў, якія дапамагалі ёй засвойваць жыццёвую навуку гаспадыні, жонкі, маці, нераўнадушнай суседкі… І пра любімых унукаў гаварыла мая суразмоўца, старэйшыя з якіх ужо на шляху да будучых прафесій урача і інфарматыка. Радуецца бабуля, што і яны нераўнадушныя да мастацкай самадзейнасці і да песні, якая робіць жыццё святлейшым.

Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена Аленай Мамай

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 60 queries