Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Гаспадары зямлі сваёй і дзеці

Напэўна, кожнаму з нас вядомае сцвярджэнне: першы раз – выпадковасць, другі – супадзенне, трэці – заканамернасць. Узгадала гэта, знаёмячыся з вынікамі ўборачнай кампаніі на Вілейшчыне. У ліку лідараў – адкрытае акцыянернае таварыства «Нарачанскія зоры», і гэта не выпадковасць ці супадзенне, а заканамернасць, добрая традыцыя, што склалася за дзесяцігоддзі. Што ні жніво – лідар ужо прадказальны, і вынікі дзейнасці гэтага калектыву ўражваюць літаральна па ўсіх накірунках. Але сёння, у дзень раённых «Дажынак», мы будзем гаварыць пра сёлетняе жніво, галоўнымі героямі якога з’яўляюцца не толькі непасрэдныя яго ўдзельнікі – камбайнеры, вадзіцелі, аператары зернесушыльных установак, але і аграном, кіраўнік гаспадаркі. Адзіным дружным, скіраваным на дасягненне агульнай мэты калектывам робяць яны сваю адвечную справу, важную для ўсіх нас.

Хто ж яны – людзі, чыёй нястомнай працай зроблены важкі ўнёсак у каравай Вілейшчыны гэтага года?

Перш за ўсё трэба назваць кіраўніка гаспадаркі Генадзя Кучко, нядаўна ўзнагароджанага Ганаровай граматай Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Гэта чарговая ацэнка прафесіяналізму і шматгадовай працы знакамітага кіраўніка нашага краю, удастоенага ў свой час за шматгадовую добрасумленную працу і дасягненне высокіх у ёй паказчыкаў медаля «За працоўныя заслугі» і ордэна Пашаны. Шгогод гаспадарка пад яго кіраўніцтвам дасягае высокіх паказчыкаў і ва ўборцы збожжавых, і па іншых накірунках дзейнасці. Па выніках работы ААТ «Нарачанскія зоры» традыцыйна прызнаецца пераможцам раённага спаборніцтва сярод сельгаспрадпрыемстваў Вілейшчыны, і гэты год не стаў выключэннем.

Напэўна, ніхто не стане аспрэчваць важнасць дзейнасці галоўнага агранома ў сельскагаспадарчай арганізацыі. У «Нарачанскіх зорах» на гэтай адказнай пасадзе больш за тры дзясяткі гадоў знакаміты Віктар Драчылоўскі – прафесіянал сваёй справы, спецыяліст з глыбокімі ведамі, апрабаванымі шматгадовай практыкай. Што і казаць, прафесія агранома – адна з найбольш важных у сельскай гаспадарцы, аднак далёка не кожнаму пад сілу зрабіць яе цікавай, рознапланавай, наватарскай і па-сапраўднаму стваральнай. Віктару Уладзіміравічу гэта ўдалося. Урэшце, сам ён пра гэта звычайна разважае так: проста трэба любіць выбраную прафесію, удасканальвацца ў ёй, жыць ёю і працаваць, працаваць, працаваць… Здавалася б, так проста, а вось жа не ва ўсіх атрымліваецца жыць па гэтым прынцыпе…

На раённым свяце хлебаробаў з асаблівай пашанай гучыць і яшчэ адно прозвішча – Гарэлік.

На працягу многіх гадоў камбайнеры Мікалай Аркадзьевіч і Аляксандр Мікалаевіч Гарэлікі – працавітыя бацька і сын – з’яўляюцца лідарамі на жніве сярод камбайнераў Вілейшчыны.

Спачатку доўгі час старшым камбайнерам быў бацька, а цяпер ужо некалькі ўборачных сезонаў экіпаж узначальвае сын. Урэшце, ад гэтай перастаноўкі нічога не змяняецца – як былі пераможцамі, так і застаюцца імі. Вось і сёлета Гарэлікі сталі адзіным у раёне камбайнавым экіпажам, які намалаціў за сезон звыш дзвюх тысяч тон збожжа. Сустракаючыся з гэтым сямейным дуэтам на полі, заўсёды адзначаеш якасці, якія, мусіць, і дапамагаюць дасягаць высокіх паказчыкаў: адданасць прафесіі і працавітасць, усведамленне важнасці справы, якую робяць, і годнасць, сціпласць і нацэленасць на вынік. І ў іх усё атрымліваецца.

Як і ў мінулыя гады, сёлетняе жніво назвала ў ліку раённых лідараў і яшчэ многіх працаўнікоў «Нарачанскіх зораў». Тут можна называць і аператараў зернесушыльных установак, і вадзіцеляў, якія былі заняты на адвозцы збожжа, і камбайнавыя экіпажы, у тым ліку і маладзёжныя. Усе гэтыя людзі будуць адзначаны на раённым свяце, і яны пачуюць у свой адрас шчырыя словы віншаванняў, падзякі і пажаданні новых поспехаў. Упэўнена, іх у калектыву «Нарачанскіх зораў» наперадзе яшчэ шмат. Урэшце, у сапраўдных гаспадароў сваё зямлі і яе ўдзячных дзяцей інакш і не можа быць.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з архіва рэдакцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 72 queries