Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Больш за трыццаць пяць гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы жыхарка Забалацця Таццяна Белякова

Больш за трыццаць пяць гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы жыхарка Забалацця Таццяна Белякова. Зараз яна – галоўны эканаміст сельскагаспадарчага вытворчага філіяла «Юнік-агра» рэспубліканскага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Малочны гасцінец».

– Так склалася ў жыцці, што з роднага Забалацця я надоўга і не адлучалася, – расказвае Таццяна Георгіеўна. – Тут нарадзілася і вырасла ў сям’і калгаснікаў, адсюль паехала вучыцца ў Ашмянскі сельгастэхнікум. Пасля вучобы вярнулася ў тагачасны саўгас «За мір», пачала працаваць бухгалтарам. І вось да сёння ў мясцовай гаспадарцы.

Падчас сёлетняга жніва я неаднойчы гутарыла з Таццянай Беляковай, была і асабістая сустрэча. І кожны раз адзначала кампетэнтнасць галоўнага эканаміста ва ўсіх пытаннях, яе неабыякавасць да людзей, гонар за іх дасягненні. Прыемна было даведацца, што і малодшы сын Таццяны Георгіеўны, Юрый, які вучыцца на інжынера-механіка ў БАТУ, падчас летніх канікулаў быў трактарыстам. Не пажадаў студэнт, як многія іншыя, бавіць летні час за камп’ютарам ды ляжаннем на канапе, а пайшоў працаваць. І вельмі задаволены, дарэчы, што так зрабіў. Зараз, прыязджаючы дамоў на выхадныя, убачыўшы недзе знаёмую тэхніку, зазначае: «Вунь мой трактар паехаў…»

Траіх дзяцей выгадавалі Таццяна Георгіеўна і Пётр Часлававіч Беляковы. Старэйшы сын Аляксандр, як і бацька, звязаў сваё жыццё з лясной гаспадаркай; дачка Юлія стала педагогам; набывае прафесію інжынера-механіка Юрый. Па выхадных дзеці са сваімі сем’ямі збіраюцца ў бацькоўскім доме, дапамагаюць па гаспадарцы. Яна ў Беляковых, як і ў многіх сапраўдных гаспадароў, немаленькая: карова, свінні, агароды… Так што справа знаходзіцца кожнаму. А ў вольную хвіліну бабуля з дзядулем з задавальненнем бавяць час з трыма ўнукамі, якія нават сваёй прысутнасцю ствараюць ім адпаведны настрой, робяць шчаслівымі. Бо дзеткі – яны ж і ёсць шчасце…

Ад вытворчага – да асабістага, а затым зноў да вытворчага – такой атрымалася наша гутарка з Таццянай Беляковай. Задаволена кіраўніцтва гаспадаркі сёлетнімі вынікамі на жніве. Даўно не было такога, прызналася Таццяна Георгіеўна, каб ураджайнасць збожжавых у іх складала без малога сорак цэнтнераў з гектара. Сёлета гэтага дасягнулі. Значыць, ёсць рэзервы, ёсць правільны настрой на дасягненне пастаўленых задач і ёсць людзі, здольныя вырашаць гэтыя задачы.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з архіва рэдакцыі

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 65 queries