Яго Вялікасць выпадак. У жыцці чалавека ён іншы раз мае велізарнае значэнне. Здараецца, адна выпадковая сустрэча становіцца галоўнай у жыцці, адна, здавалася б, нязначная падзея – лёсавызначальнай…
Вераніка Іванова, пра якую раскажам ніжэй, выбар сваёй прафесіі таксама лічыць выпадковасцю. Але выпадковасцю шчаслівай. Дзяўчына нарадзілася ў Гарадку на Віцебшчыне. Школьніцай марыла стаць настаўніцай і менавіта пачатковых класаў – як і многім дзяўчатам, ёй падабалася бавіць час з забаўнай малышнёй, нечаму яе вучыць, адчыняць перад юнымі новае, невядомае і цікавае. Аднак у жыцці атрымалася не так, як яна планавала, і вучыцца дзяўчына пайшла на тэхніка-тэхнолага харчовых прадуктаў. Нават папрацаваць давялося па спецыяльнасці ў раённым спажывецкім таварыстве на малой радзіме. А пасля жыццё скіравала яе на іншую сцяжынку – аграрную, і Вераніка пайшла працаваць лабарантам у сельскую гаспадарку. Пазней была селекцыянерам, брыгадзірам.

Шэсць гадоў назад Вераніка і Аляксандр Івановы (пра яго, перадавога спецыяліста па штучным асемяненні жывёлы ААТ «Новая Вілія», мы не раз расказвалі на старонках газеты) прыехалі на Вілейшчыну, пачалі працаваць у «Новай Віліі». Пра свае клопаты ў якасці вядучага заатэхніка Вераніка расказвае ахвотна:
– Прафесія патрэбная ў жывёлагадоўлі і адказная, патрабуе сур’ёзных ведаў, самааддачы. З раніцы да вечара і, што называецца, жывая работа, і работа з дакументацыяй. Тут не лічышся з асабістым часам, на сувязі і ў выхадныя ды святы. Урэшце, як і большасць з тых, хто працуе ў сельскай гаспадарцы.
Вучыцца, паглыбляць свае веды, расці ў прафесіянальным плане – гэта тое, што надзвычайна важна для маладых і перспектыўных людзей. Вось і Вераніка Іванова, як і яе муж, завочна закончыла Віцебскую ветэрынарную акадэмію, дзе атрымала грунтоўныя веды. Падмацаваныя ўжо даволі багатай практыкай, яны даюць шырокі прастор для прафесіянальнага росту. І перспектыўныя Івановы ідуць па гэтым шляху, удала спалучаючы вытворчае з асабістым і з’яўляючыся выдатнымі бацькамі дваіх сыноў.

У рэдкія вольныя хвіліны Вераніка і Аляксандр любяць сабрацца са сваімі роднымі, адпачыць на прыродзе. Такія сустрэчы даюць столькі цёплых уражанняў!
– Ніколі не думала, што знайду сваё прызванне ў аграрнай сферы, – усміхнулася Вераніка Іванова. – Некалі марыла, што буду працаваць у вялікім горадзе… А вось як жыццё павярнула. І мы, дарэчы, з мужам задаволены гэтым. Галоўнае – любім сваю справу, якой вучыліся і прысвяцілі жыццё, і не плануем нічога мяняць.
Ірына БУДЗЬКО







