Жанчына. Хтосьці з мудрых назваў яе ўзорным тварэннем Сусвету. Жонка, маці, гаспадыня, працаўніца, кіраўнік – толькі яна можа ўдала сумяшчаць гэтыя іпастасі і заставацца жанчынай. Добрай, прыгожай, чулай, клапатлівай, усёразумеючай, слабай і адначасова моцнай. Такой, якой яе стварыла прырода.
Бягучы год асаблівы і адметны – упершыню ў гісторыі нашай суверэннай краіны ён праходзіць пад знакам Жанчыны. «Мы выбралі не проста тэму года, мы выбралі сімвал гэтага года, – адзначыў Прэзідэнт нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. – Год беларускай жанчыны павінен стаць асаблівым».
З гэтай прыемнай нагоды мы даём старт новай рубрыцы – «Віляйчанка», у якой будзем расказваць пра жанчын нашага краю, іх сумленную працу, старанную вучобу, мацярынскія клопаты, актыўную жыццёвую пазіцыю, захапленні. Сёння расказваем пра знакамітую ў раёне працаўніцу сельскагаспадарчай галіны і дастойную прадстаўніцу моладзі раёна.
«Малочныя рэкі» Леанціны Лернатовіч
Малой радзімай гераіні гэтага матэрыяла стала вёсачка Гіры, што ў Нарачанскім сельсавеце. Тут у працавітай мнагадзетнай сям’і, дзе падрастала дзевяць дзяцей, і прайшло яе маленства. Лёня (так называлі дзяўчынку ў вёсцы) была старэйшай з дачок, таму з дзяцінства была першай матулінай памочніцай.
– Бывала, уранку мама на ферме, а мне трэба было сабраць ды адправіць у школу малодшых, – прыгадала даўняе Леанціна Лернатовіч. – І нічога, з усім спраўлялася – і бліноў напяку, і накармлю, і адпраўлю, і сама бягу ў школу.

Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, Леанціна вывучылася на прадаўца. Праўда, папрацавала ў гандлі зусім нядоўга – адразу зразумела, што справа не па душы. З маленства яна цягнулася да жывёлы, заўсёды дапамагала бацькам на ферме і дома, таму і выбар быў адназначны – ферма.
Амаль паўстагоддзя – на адным месцы
У далёкім 1973-м прыйшла Леанціна на ферму «Канстанполле». Спачатку працавала лабарантам, затым – даяркай, пазней – загадчыцай фермы, спецыялістам па штучным асемяненні… Па ўсіх прыступках прайшла, на ўсіх «фермаўскіх» пасадах пабывала, усяму да драбніц навучылася, стала настаўніцай у працы для іншых. Сорак восем гадоў, якія адпрацавала на адной і той жа ферме, праляцелі неяк непрыкметна. За гэты час, як жартуе сама, гаспадарка пабывала пад рознымі шыльдамі: калгасы «Рускасельскі», «Дружба», «ХХI з’езд КПСС», адкрытае акцыянернае таварыства «Нарачанскія зоры». Змяняліся назвы, але нязменнай заставалася праца, якую Леанціна Леанідаў на заўсёды выконвала старанна, з душой, сумленна. І гэта дастойна ацэнена дзяржавай – шчырая працаўніца ў васьмідзясятых гадах мінулага стагоддзя была ўзнагароджана Ордэнам Працоўнай славы трэцяй ступені, а ў 2001-м атрымала за добрасумленную працу аўтамабіль «Жыгулі».

Малочныя рэкі. Пра іх нездарма ўзгадваюць у казках. Калі б сабраць, падумалася, усё тое малако, што прайшло праз рукі нашай гераіні амаль за паўвека працы, то якраз бы, відаць, рачулка і атрымалася.
Сям’я
Свайго суджанага Леанціна сустрэла тут жа, на малой радзіме, у вёсачцы Родзевічы. Пажаніліся, пабудавалі дом у Мацавічах, абое працавалі ў мясцовай гаспадарцы. Траіх дзяцей выгадавалі Лернатовічы, і жыццё кожнага з іх звязана з «Нарачанскімі зорамі»: старэйшая Марына, як і матуля, шчыруе на ферме, перадавік у сваёй справе; сярэдні сын Андрэй таксама пэўны час працаваў тут жа, на зямлі бацькоў; а малодшага Паўла ведаюць як высокакваліфікаванага заатэхніка-селекцыянера. У кожнага з дзяцей ужо даўно свае сем’і, а Леанціна Леанідаўна – шчаслівая бабуля пяці ўнукаў і прабабуля траіх праўнукаў. Праўда, радуецца гэтым статусам даўно адна – яе Пятра няма на гэтым свеце ўжо пятнаццаты год.
Але ж трэба жыць як набяжыць – так кажуць у народзе. Так Леанціна Леанідаўна і робіць, знаходзячы аддушыну і спакой …у працы. Размяняўшы восьмы дзясятак, жанчына не шукае сабе палёгкі, не бавіць вольны час пад тэлевізарам ды на лаўцы. На яе падворку ёсць яшчэ жыўнасць (нават кароўка Хрызантэма, адна, дарэчы, на ўсю вёску),у сезон шчыруе гаспадыня ў агародах ды кветніках, да нядаўняга часу ўлетку яшчэ бегала ў лес збіраць ягады.
Спытала ў сваёй суразмоўцы пра яе захапленне ў вольны час, маўляў, на пенсіі, напэўна, гэта актуальна, а яна, не раздумваючы, адказала: «Праца. На іншыя захапленні часу няма». І ў гэтых словах, падумалася, уся яна, Леанціна Лернатовіч.
Ірына БУДЗЬКО








