Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Паўстагоддзя ля станка: гісторыя заслужанага работніка вілейскага завода «Зеніт-БелОМА»

Рэдкія людзі могуць пахваліцца 50-гадовым працоўным стажам на адным прадпрыемстве. Слесар механазборачных работ ААТ «Зеніт-БелОМА» Пётр Лазар менавіта з такіх.

У некалі папулярнай песні ёсць такія радкі: «Нет на свете выше звания, чем рабочий человек». І гэта не проста прыгожыя словы, а рэальнасць: усё, што маем і што нас акружае, створана нястомнымі рукамі лю­дзей працы, майстрамі сваёй справы, высакакласнымі спецыялістамі. Да такіх адносіцца і заслужаны працаўнік флагмана вілейскай прамысловасці Пётр Лазар, які аддаў прадпрыемству пяцьдзясят гадоў сумленнай працы.

Надзвычайна сціплы і нешматслоўны, Пётр Міхайлавіч не любіць расказваць пра сябе, пра шлях у прафесію і адданасць ёй. Прыйшоў на завод і працую – вось галоўнае, і яму нават дзіўна, што можа быць па-іншаму, бо жыве чалавек па прынцыпе: «калі табе даверана справа – рабі яе з душой і сумленна».

Так і працуе на інструментальнай вытворчасці, у сто дваццаць першым цэху, дзе ўсё і ўсіх ведае. І працу сваю ведае да драбніц, што не раз даказваў на конкурсах прафесіянальнага майстэрства, якія штогод праводзяцца Мінскім механічным заводам імя С. І. Вавілава, што з’яўляецца ўпраўляючай кампаніяй холдынга «БелОМА», у складзе якога і вілейскі «Зеніт». На такіх конкурсах лепшыя прадстаўнікі рабочых спецыяльнасцей дэманструюць свае веды і прафесіяналізм, даказваючы, што сапраўды дастойныя насіць высокае званне лепшых па прафесіях. Віляйчане заўсёды паказваюць у конкурсах добрыя вынікі, іх прафесіяналізм дастойна ацэньваецца кампетэнтным журы. Вяртаюцца дадому з дыпломамі пераможцаў і зноў бяруцца за справу, працуюць сумленна, якасна, адказна. Так, як гэта робіць Пётр Лазар.

– Гэта чалавек, пра якога хочацца гаварыць толькі добрае, – ахарактарызавала Пятра Міхайлавіча старшыня цэхкама Надзея Іванова.  – Высокакваліфікаваны спецыяліст, якому можна даверыць любую справу і ведаць, што выканае яе выдатна. Тут ужо ніякія кантралёры не патрэбныя. Трэба каму дапамагчы  – ён ніколі не адмовіць.

Спакойны, ураўнаважаны і вельмі сціплы. Ён не з тых, хто гаворыць пра сябе і свае поспехі – гаворыць за яго праца.

Кожную раніцу садзіцца Пётр Міхайлавіч на веласіпед і адпраўляецца з вёсачкі Капішча, дзе жыве, у Вілейку, на завод, які стаў для яго нечым намнога большым, чым месца, дзе працуе. Тут яго цэх, калегі і справа, якой аддаў паўвека.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 192 queries