Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

40 гадоў поруч з цягнікамі: гісторыя жыцця дыспетчара Жанны Зяноўкі

«Аўтобус «Вілейка – Мала­дзечна» адпраўляецца з пляцоўкі…» Пачуўшы аб’яву дыспетчара на вакзале, скіраваліся да названай пляцоўкі тыя, хто чакаў свайго аўтобуса. А нехта са спазненнем кінуўся да акенца білетнай касы: «Да Маладзечна яшчэ можна?»

Вакзал жыве сваім звык­лым жыццём, і падобныя карцінкі тут можна назіраць штодня. З людзьмі і для лю­дзей працуе ён, а гэта няпроста і адказна.

У жніўні гэтага года споўніцца сорак гадоў, як на працу сюды прыйшла гераіня гэтага матэрыяла. Маладой дзяўчынай пачынала Жанна Зяноўка з пасады дыспетчара, пазней стала білетным касірам. Менавіта ў самым пачатку яе працы адбылася лёсавызначальная сустрэча з чалавекам, які стаў яе спадарожнікам жыцця і лёсам. Анатоль Зяноўка працаваў вадзіцелем і аднойчы, выйшаўшы з водпуску, убачыў у дыспетчарскай прыгожую незнаёмку. «Хто такая?» – пацікавіўся ў калег. «Новенькая дыспетчар. Дарэчы, незамужняя»,  – пачуў мнагазначны адказ. І лю­дзі як у ваду глядзелі – праз год маладыя згулялі вяселле.

Жаночае шчасце. Як важна, каб у жыцці кожнай з прадстаўніц слабага полу ўдала супалі асабістае з вытворчым. Гэта і ёсць самае галоўнае ў жыцці. І ў Жанны Іванаўны так яно і атрымалася. Яна з цеплынёй гаворыць пра ўсё, што мела і мае. Пра бацькоў, працавітых вяскоўцаў, якім удзячна за ўсё, чаму навучылі іх, сваіх дзяцей; пра калег па працы і арганізацыю, дзе адпрацавала амаль сорак гадоў; пра мужа Анатоля, дзяцей і ўнукаў, што сталі радасцю, сэнсам жыцця і ўпэўненасцю ў заўтрашнім дні.

Загаварылі з Жаннай Іванаўнай пра вольны час і адпачынак, і жанчына, крышку падумаўшы, зазначыла: «Наш з мужам адпачынак  – бацькоўскія хаты ў Ракшыцах, дзе я нарадзілася і вырасла, і ў Бараўцах, дзе мужава малая радзіма. Мы толькі зімой у горадзе, а з ранняй вясны там». Агароды, кветнікі, «соткі» бульбы – усё гэта было ў сям’і Зяноўка. Застаецца і цяпер, хіба што ў меншых памерах. Раней, усміхнулася жанчына, за працай не было калі і шашлык пасмажыць. Цяпер ужо, сабраўшыся з дзецьмі і ўнукамі, дазваляюць іншы раз сабе і такі адпачынак.

– Працую я два дні праз два, а муж ужо на пенсіі, упраўляецца дома, – расказала Жанна Іванаўна. – Ён у мяне чалавек старанны, гаспадарлівы. І гатуе, дарэчы, вельмі добра. Сёлета на Каляды такой смачнай вера­шчакі наварыў ды з жытнімі блінамі  – смаката!

Усе шчаслівыя сем’і падобныя адна на другую, кожная нешчаслівая сям’я няшчасная па-свойму. Гэтыя мудрыя словы ў свой час напісаў у вядомым рамане Леў Талстой. І гэта сапраўды так. Хіба што з важным працягам – сямейнае шчасце ў многім залежыць ад жанчыны, яе мудрасці, цярпення, умення выслухаць, параіць, уступіць. Гэтаму некалі вучыла Жанну Іванаўну яе мудрая матуля. І паслухмяная дачка добра засвоіла жыццёвую навуку блізкага чалавека. Яе жыццё – асабістае і вытворчае  – яскрава гэта пацвярджае.

Ірына БУДЗЬКО/ Фота Кацярыны БАБІЧ і з архіва гераіні матэрыяла

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 237 queries