Віншуючы сваіх перадавікоў з прафесійным святам і ўшаноўваючы лепшых з іх, кіраўніцтва філіяла «ДЭУ №63 РУП «Мінскаўтадарцэнтр» адным з першых называе вадзіцеля пагрузчыка Юрыя Гакуця.
Прафесіянал сваёй справы, неаднаразовы пераможца конкурсаў прафмайстэрства, якія праводзяцца РУП «Мінскаўтадарцэнтр», спагадлівы і добразычлівы чалавек – так характарызуюць Юрыя Станіслававіча яго кіраўніцтва і калегі з ДЭУ №63. Сам жа ён стараецца сціпла прамаўчаць пра свае працоўныя поспехі, маўляў, усё гэта – штодзённае, радавое. Ды і як жа можа быць інакш?
Так склалася, што ў маладосці Юрыя Гакуця, ураджэнца Смаргоншчыны, жыццёвая сцежка прывяла сюды, у Вілейку. З таго часу і звязаў ён сваё жыццё з дарогамі: спачатку працаваў у ДРБУ № 162, а з кастрычніка 2004 года перайшоў сюды, у ДЭУ № 63. За шаснаццаць гадоў працы вадзіцелем пагрузчыка зарэкамендаваў сябе спецыялістам на сваім месцы і адказным, надзейным, працавітым чалавекам. А менавіта да такіх прыходзіць поспех. Вось і Юрыя Станіслававіча ўжо на працягу некалькіх гадоў называюць у ліку лепшых па прафесіі не толькі ў сваім ДЭУ, але і ў РУП «Мінскаўтадарцэнтр», дзе штогод праводзяцца конкурсы прафмайстэрства. Сёлета ён праходзіў у сёмы раз, і Юрый Гакуць, ужо па добрай традыцыі, падняўся на адну з пераможных прыступак у намінацыі «вадзіцель пагрузчыка».
– Усяго ў конкурсе ўдзельнічала 13 каманд, – прыгадаў сёлетнія спаборніцтвы Юрый Станіслававіч. – Нам, удзельнікам, трэба было прадэманстраваць як тэарэтычныя веды, так і практычныя навыкі, з чым сутыкаемся ў працы. А ацэньвала ўсё кампетэнтнае журы, у складзе якога былі прафесіяналы, таму выпадкова трапіць у пераможцы конкурсу ніяк не атрымаецца…
Чарговы дыплом пераможцы – гэта яшчэ адно папаўненне таго ўнушальнага пераліку дыпломаў ды грамат, заслужаных працавітым чалавекам за гады яго сумленнай працы. Прыемна, канешне, у вольны час перагледзець іх, узгадаць усё тое, што стаіць за кожнай канкрэтнай перамогай. А што за імі, гэта не сакрэт: праца, праца і яшчэ раз праца. Нялёгкая, але такая любімая!
– Выбраўшы у свой час прафесію дарожніка, я не памыліўся, – адзначыў Юрый Гакуць. – Гэта цяпер магу сказаць з упэўненасцю. Яна ж такая цікавая, наша работа… Уяўляеце: пачынаем працаваць іншы раз на нейкіх развалінах, а праз пэўны час тут ужо радуе вока прыгожая дарога…
Колькі іх, дарог, што звязваюць населеныя пункты і людзей, выпала будаваць Юрыю Гакуцю, бадай што, і не падлічыш. І ў кожнай з іх – часцінка яго працы і часцінка яго душы.
Ірына БУДЗЬКО/Фота прадастаўлена ДЭУ №63