Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Усяго па раёне трэба ўбраць травы з плошчы больш за 14 тыс. гектараў

Цёплае надвор’е, што ўсталявалася ў пачатку першага летняга месяца, дае магчымасць аграрыям паспяхова весці адну з важнейшых сельскагаспадарчых кампаній – нарыхтоўку кармоў. Актыўна ўключыліся ў яе і працаўнікі Вілейшчыны.

У некаторых гаспадарках журналісты ўжо пабывалі і паглядзелі на свае вочы, як ідуць справы, чым падзяліліся затым з чытачамі газеты ў сваіх матэрыялах.

На днях мы наведаліся ў ААТ «Вілейскі райаграсэрвіс», дзе ў гэтыя гарачыя дні актыўна ідзе нарыхтоўка кармоў. Каб даведацца, як тут ідуць справы, мы ўзялі маладзечанскі накірунак, дзе, ведалі, на сенажацях працуюць корманарыхтоўшчыкі. Неўзабаве і сапраўды ўбачылі знаёмую для гэтай дзеі карціну: з поля выязджала загружаная травяной масай тэхніка, а далей, на другім канцы поля, рабілі сваю справу трактары з граблямі, падборшчыкі. Тут жа сустрэлі і агранома Валерыя Карповіча.

– Працуем, стараемся, – канстатаваў ён. – Надвор’е спрыяе, і гэта трэба выкарыстоўваць.
Аграном на хвіліну прыпыніў загружаны травяной масай «Беларус-3022» Віталя Субача. Скарыстаўшыся гэтым момантам, падышлі да механізатара і мы. Разгаварыліся. Больш за пятнаццаць гадоў працуе механізатар у гаспадарцы і ніколі, прызнаўся, не пашкадаваў, што застаўся тут, на бацькаўшчыне. Тут ўсё сваё, блізкае і да болю знаёмае, таму і камфортна тут чалавеку. Як працуецца? Нармальна, адзначыў Віталь, праца спорыцца, у дзень да 80 тон зялёнай масы перавозіць ён да сянажнай траншэі.

Механізатар ААТ «Вілейскі райаграсэрвіс» Віталь Субач заняты на адвозцы травяной масы

Кіруючыся за гружанай тэхнікай, паехалі да сянажнай траншэі і мы. Тут на ўтрамбоўцы працаваў на К-701 Юрый Бядрыцкі. Ён таксама чалавек мясцовы, сваю справу ведае дасканала, бо працоўны стаж у яго вялікі. То падымаўся трактар угору, то з’язджаў уніз, старанна трамбуючы зялёную масу. З веданнем справы працаваў механізатар, і мы не сталі яму перашкаджаць. Хіба што на хвілінку высунуўся Юрый Бядрыцкі з кабіны, і гэты момант паспеў «ухапіць» наш фотакарэспандэнт.

Становішча спраў з корманарыхтоўкай мы папрасілі пракамеціраваць выконваючага абавязкі кіраўніка ААТ «Вілейскі райаграсэрвіс» Аляксандра Альфера. Ён расказаў, што гаспадарцы трэба убраць травы на 700 гектарах. Скошана 140 гектараў. Плануецца нарыхтаваць чатыры тысячы тон сенажу, і першая тысяча ўжо ёсць. Аляксандр Леанідавіч зазначыў, што будуць нарыхтоўваць і сена. Так што праца чакае сур’ёзная і напружаная. Урэшце, як і заўсёды ў гэту гарачую пару.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Па дадзеных Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, на 10 чэрвеня на Міншчыне было скошана 147,8 тысячы гектараў траў, што складае 53 працэнты ад плана. Травы былі ўбраны з плошчы 119,2 тысячы гектараў (81 працэнтр да скошанага). Аграрыямі Міншчыны на гэты дзень было нарыхтавана 1983 тоны сена, 727702 тоны сенажу, 34701 тона сіласу з азімых культур. Усяго было нарыхтавана 210954 тоны кармавых адзінак – 10 працэнтаў ад плана.

На Вілейшчыне касавіца таксама ідзе поўным ходам. Усяго па раёне трэба ўбраць травы з плошчы ў 14146 гектараў.

На 10 чэрвеня было скошана 5252 гектары, што складае 37 працэнтаў ад плана.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 67 queries