Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Аднымі з першых на Вілейшчыне распачалі «зялёнае жніво» ў СВК «Юнік-агра»

Аднымі з першых на Вілейшчыне распачалі «зялёнае жніво» ў СВК «Юнік-агра» УП «Малочны гасцінец».

На пачатак першага летняга месяца тут было скошана 129 з 500 гектараў траў (120 гектараў было ўжо ўбрана)

– Канешне ж, на ўра­джайнасці адбілася не зусім спрыяльнае для росту траў надвор’е – халодныя ночы, – расказаў галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Станкевіч. – Нарыхтоўваем сянаж, якога ўжо маем 670 тон. Мяркую, даведзеныя планы па кармах выканаем, лета ж толькі пачынаецца.

Яўген Коўшык і Аляксандр Русак працавалі ва ўрочышчы «Ракшыцы»

Андрэй – хлопец тутэйшы, нарадзіўся і вырас у Забалацці. З дзяцінства, прызнаецца, цягнула яго да зямлі, вось і застаўся працаваць у роднай гаспадарцы. Пачынаў у 2005 годзе аператарам на зернесушыльным комплексе, быў брыга­дзірам. За плячыма хлопца Смілавіцкі сельгастэхнікум, вучоба ў якім дала Андрэю трывалыя веды. Іх ён паспяхова прымяняе на практыцы.

Нялёгкі ён, хлеб аграрыя, але ж прыкіпеў да зямлі сэрцам хлопец. Іншы раз прамільгне думка, што мог бы выбраць і іншую прафесію, ды гэта ўсяго толькі думка. Ну, як ён без сваёй гаспадаркі, без людзей, з якімі побач працуе? Не ўяўляецца такое Андрэю. Таму без нараканнняў і з усёй адказнасцю робіць ён давераную яму важную справу, жывучы клопатамі гаспадаркі. З шасці раніцы і да васьмі вечара бывае ён зараз на працы, бо ў галоўнага агранома, як і ва ўсіх хлебаробаў, пачалася гарачая пара. Агульную важную справу робіць калектыў, і кожны гэта ўсведамляе. Таму і стараюцца.

У першы летні дзень адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі Сяргей Жарскі касіў травы ва ўрочышчы «Аўсянікі». Яго падрыхтаваны да касавіцы трактар «Беларус-1221» плаўна перамяшчаўся па полі, то набліжаючыся, то аддаляючыся да другога канца, пакідаючы пасля сябе роўныя пакосы травы.

Фронт работ яго калег Яўгена Коўшыка, занятага на «Палессі FS 80-2», і Аляксандра Русака, які працуе на трактары «Беларус -3522», у гэты дзень быў ва ўрочышчы «Ракшыцы». Яўген убіраў скошаную масу, а Аляксандр адвозіў яе да сянажнай ямы ў Забалацце. Заўсёды прыгожа глядзіцца на фоне блакітнага неба гэта звыклая карціна «зялёнага жніва»: да кормаўборачнага камбайна пад’язджае трактар, і вось ужо яго кузаў запаўняецца травяной масай, якая стане пажыўным кормам для жывёлы ў стойлавы перыяд.

На календары – пачатак лета, якога пакуль што мы, на жаль, не адчуваем. Ды і раслінам вельмі не хапае летняга цяпла. Халаднавата… Аднак прагноз суцяшае, што вось-вось сапраўднае цяпло да нас прыйдзе. Што ж, мы вельмі чакаем яго, а аграрыі – асабліва.

Ірына БУДЗЬКО/Фота Андрэя СТАНКЕВІЧА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 67 queries