Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

У памяць сясцёр міласэрнасці

Хвалюючае мерапрыемства прайшло ў мінулую сераду на тэрыторыі мемарыяльна-этнаграфічнага комплексу «Заброддзе», дзе ўшанавалі памяць гераічных удзельніц Першай сусветнай вайны.

У гэты дзень Заброддзе наведала дэлегацыя Мінскай абласной арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа, якая ўсклала кветкі да памятнага знака, дзе знаходзіўся лазарэт 29-й пяхотнай дэвізіі, а таксама да магілы сястры міласэрнасці Алены Шупляк з вёскі Бараўцы, якая тады, сто гадоў назад, даглядала параненых у гэтым лазарэце.

– Гэта мерапрыемства прайшло ў рамках кампаніі, якая праводзіцца Беларускім Чырвоным Крыжам у гонар двухсотгоддзя заснавальніцы сястрынскай справы Флоранс Найцінгейл, – расказала старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Святлана Лях. – Яе паслядоўніцы ў Беларусі – супрацоўніцы медыка-сацыяльнай службы Чырвонага Крыжа «Дапамога». У сталічнай вобласці больш за два дзясяткі сясцёр міласэрнасці, якія дапамагаюць нямоглым на доме, тым, каму вельмі патрэбна падтрымка. А гэта адзінокія і адзінока пражываючыя пажылыя людзі, інваліды.

Сталічныя госці адзначылі ўнікальнасць комплексу ў Заброддзі, які створаны і існуе дзякуючы намаганням, неабыякавасці сям’і Цітовічаў. Сярод іх многіх добрых спраў – і аднаўленне воінскіх пахаванняў, што надзвычайна важна. З цікавасцю азнаёміліся прадстаўнікі абласнога Чырвонага Крыжа з музеем, які працуе на тэрыторыі комплексу, і, у прыватнасці, з экспазіцыяй, што расказвае пра сясцёр міласэрнасці. Тут, да прыкладу, прадстаўлена гісторыя Рымы Івановай, адз­інай у Расійскай імперыі жанчыны, якая была ўзнагароджана ваенным ордэнам Святога Георгія 4-й ступені.

Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена раённай арганізацыяй Чырвонага Крыжа

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 65 queries