Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Выязная рэдакцыя «Шп» у сельгаскааператыве «Чурлёны»

Сорак тон жыта перапрацавана ўжо з пачатку жніва ў сушыльнай гаспадарцы кааператыва. Гэта маленькая скібка ў тым хлебным караваі, які «Чурлёны» імкнуцца атрымаць сёлета. Вага яго, мяркуецца, складзе каля чатырох тысяч тон. Дні тры, расказвае старшыня, уборка вялася выбарачна: на жытнёвых і ячменных палетках, там, дзе выспелі каласы. Але, згодна апошніх візуальных назіранняў, сёння жніво можа ўжо набіраць масавы маштаб.– Пакуль суха, рушым на балота, важна адтуль збажыну выхапіць, – дзеліцца сваімі тактычнымі меркаваннямі Пётр Мікалаевіч. – Заадно і корманарыхтоўкі працягваем. На другі ўкос пайшлі канюшына, атава, аднагадовыя травы.
Трэба сказаць, што ў гаспадарцы ўведзена ў эксплуатацыю новая жывёлагадоўчая ферма. Яе кааператыў поўнасцю ўкамплектаваў за кошт свайго пагалоўя. Таму кармы – праблема з ліку найбольш актуальных. Вось і кукурузу на зерне пасеялі.
– Выспее, – запэўнівае старшыня.
У сказаным можна не сумнявацца. Бачылі мы на дарозе гэту кукурузу. Стаіць, як лес. Сцябліны густа абляпілі пачаткі. На іх у гаспадарцы таксама надзея. Цэльнае зерне ў яго натуральным выглядзе – лепшы корм для маладняку буйнай рагатай жывёлы.
Пад збожжавымі і збожжабабовымі ў «Чурлёнах» заняты 1240 гектараў ворыва. Штодня шэсць камбайнаў выходзяць на палеткі. Экіпажы і зернесушыльныя комплексы ўкамплектаваны не толькі сваімі, але і прыцягнутымі са старонніх прадпрыемстваў і арганізацый механізатарамі. Часова падзяліліся сваімі кадрамі мясцовая школа, лясніцтва, жыллёва-камунальная гаспадарка, палівазбыт…
Сёння ў гаспадарцы сцяг узняты ў гонар першага лідэра жніва – камбайнавага экіпажа Міхаіла Пашкевіча. Неабсяжны ячменны палетак, плошчаю больш чым ў паўсотні гектараў, раскінуўся непадалёк ад жывёлагадоўчай фермы. Мясціна пярэстая па рэльефу. І тэхніка раз-пораз вымушана даваць нырца ў лагчыны, каб потым імкліва ўзабрацца на грэбень агораных сонцаззяннем барханаў даспеўшай збажыны. У Міхаіла Пашкевіча сёлета першы год нямецкі камбайн «Medion-340». Памочнікам – жонка Марына і ў якасці добраахвотнага кантралёра – сын Юра. Падлетак не ляніцца раскідваць растрэсены на загонцы пласт пажніўных рэшткаў. Ад бацькоў ён цвёрда засвоіў адно: ніводзін колас не павінен застацца на полі. Працавітасць – адметная рыса сялянскіх дзяцей. Прасіць у бацькоў ці самім зарабіць? Як правіла, аддаюць перавагу апошняму варыянту. Юра, напрыклад, зарабіў на мабільны тэлефон, збіраючы чарніцы. Стрымана, як дарослы, канстатуе гэту акалічнасць, хоць у вачах бліскаюць-мітусяцца радасна-гарэзлівыя зайчыкі. Новы камбайн бацькі хлапчуку падабаецца. Як сталы механізатар, ён разважае аб яго тэхнічных вартасцях. І нечакана для ўсіх заяўляе: ў дзядзі Івана машына не горшая. У кабіне значна цішэй, бо «рухавік на «Палессі» стаіць ззаду камбайна, а ў «Медыёне» – адразу за кабінай». Іван Баравы працуе на айчыннай тэхніцы і не спрабуе аправергнуць сцвярджэнне будучага канструктара сталёвых караблёў. Мяркуючы па дапытлівасці і кампетэнтнаці юнага знаўцы, не выключаецца і такая перспектыва ў яго жыцці. Бацька Юры – патомасны механізатар. Бо яго дзед, Міхаіл Вікенцьевіч, быў першым калгасным камбайнерам і спакваля прывучаў сына да штурвала.
– Юра, а табе бацька дае паруліць?
– Не ведаю, – сумняваецца падлетак, таемна ловячы татаў погляд. І толькі злавіўшы ў ім маўклівую згоду, дадае: – Дае…
Ну, а як жа інакш, без гэтых добразычлівых бацькавых урокаў, вырасце сапраўдны хлебароб, гаспадар на зямлі? Навыкі, практыка – ўсё гэта прыйдзе потым. А вось што схоплена з дзяцінства – звон каласоў, водар жніўнага поля – ўсё гэта найвялікшым скарбам-набыткам ляжа ў чалавечую душу.
… Імклівая «газель» тармазнула насупраць прэс-падборшчыка, які прыпыніўся на ўскрайку ячменнага поля. Галоўны інжэнер СВК Уладзімір Сцепановіч, спяшыць пацікавіцца ў трактарыста Віктара Дземеша наконт прычыны вымушанага прастою. Супакойваецца, пераканаўшыся, што непаладак можа быць ліквідаваны за хвіліны.
– Віктар у нас – механізатар высокага класу, – запэўнівае ідэалагічны работнік кааператыва Таццяна Баравая. – Яму давяраем тыя адказныя работы, з якімі не кожны справіцца, лічыце, экстрэмальныя. Ён у нас апрабоўваў «Расу», напрыклад. Ведаеце, ёсць такі новы высокапрадукцыйны агрэгат.
Ведаю. Бачыла яго ў рабоце ў «Нарачанскіх зорах». І прадукцыйны, і праходны. З любой каламуці выйдзе. Таму незаменны ў час ранніх веснавых работ.
Такі ж дбайны, высокакваліфікаваны брат Віктара – Пётр. Яго мы не знайшлі на жніўным палетку. Заўтра ў сям’і ўрачыстая падзея: провады сына ў армію. Павел закончыў Вілейскі прафесійна-тэхнічны каледж, набыў спецыяльнасць муляра-вадзіцеля. І ідзе выконваць свой важнейшы грамадзянскі абавязак – служыць Радзіме.
Двое мужчын, бацька і сын, размаўлялі на падворку, дзе стаіць іх дом, дагледжаны, з выразным адбіткам гаспадарскага клопату. Дом, куды Павел абавязкова вернецца.
Марыя КУЗАЎКІНА, фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries