Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Жніво ў ААТ «Алая зара» набліжаецца да завяршэння – у гаспадарцы на дзень нашага выезду туды (12 жніўня) заставалася ўбраць прыкладна дваццаць працэнтаў плошчаў, занятых зерневымі і зернебабовымі культурамі

– Уборачная складваецца нармальна, – адзначае малады (не толькі па ўзросце, але і па тэрміне знаходжання на пасадзе) кіраўнік гаспадаркі Андрэй Шупенька, з якім мы сустрэліся на днях. – Надвор’е спрыяльнае, пасеянае вырашчана, цяпер галоўнае – своечасова ўбраць і захаваць.

Перад выездам у поле: кіраўнік ААТ «Алая зара» Андрэй Шупенька

(злева) з перадавымі камбайнерамі Валерыем Хомічам (у цэнтры)
і Іллёй Чайкоўскім

Жніво ў гаспадарцы набліжаецца да заканчэння, на дзень нашай сустрэчы заставалася ўбраць крыху болей за дваццаць працэнтаў ад плошчы, занятай зерневымі і зернебабовымі. А яна ў «Алай зары» складае 1365 гектараў.
– Старанна працуюць усе ўдзельнікі жніва, бо разумеюць важнасць гэтай кампаніі, – заўважыў Андрэй Віктаравіч. –Ды і зарплаты ж напрамую залежаць ад гэтага старання, ад якасці работы, адносін да справы. Таму з кадрамі праблем не ўзнікае.

На мехдвары мы сустрэліся з перадавым экіпажам камбайнераў, які лідзіраваў на дзень нашай сустрэчы. Вопытны механізатар гаспадаркі Валерый Хоміч сёлета на жніве працуе з маладым памочнікам Іллёй Чайкоўскім. Такое вось удалае спалучэнне вопыту з маладосцю. У Валерыя Вячаслававіча гэта трыццаць трэцяя ўборачная, якой ён у прынцыпе задаволены. Сёлета, адзначыў ён, гаспадарка атрымае нядрэнны ўраджай зерневых, лепшы за некалькі папярэдніх гадоў, і гэта радуе. Ды і камбайн у гэтага экіпажа новы, толькі нядаўна атрыманы, а гэта, думаецца, дазволіць дабіцца адпаведных вынікаў.
– А гэта наша маладая змена, прадаўжальнік працавітай механізатарскай дынастыі, – паказаў кіраўнік гаспадаркі на высокага хлопца і прадставіў яго: – Ілля Чайкоўскі, сын нашага знакамітага механізатара Ігара Чайкоўскага. Бацька, дарэчы, зараз ужо заняты на ворыве, рыхтуе глебу пад новы ўра­джай. Працавіты бацька, гэтакі ж і сын: толькі прыйшоў з арміі – і на працу ў гаспадарку. Не паехаў, як іншыя, шукаць шчасця па свеце…
Хоць і зусім малады яшчэ хлопец, а ўжо не навічок у хлебаробскай справе.
– Сезонаў з шэсць быў памочнікам камбайнера на жніве, – удакладніў Ілля.– І з бацькам працаваў, і з Казімірскім… Так што ведаю многае ў гэтай справе.
Перадавы экіпаж, атрымаўшы спадарожныя парады ад кіраўніка, заспяшаўся да камбайна – чакае поле ля Рэчак. Трэба працаваць, пакуль спрыяе надвор’е. А мы з Андрэем Шупенькам пайшлі да зернесклада, дзе, па­дзяліўся мой суразмоўца, працуюць юныя памочнікі – старшакласнікі Людвіноўскай школы, якія жывуць у Ерхах. Па дарозе Андрэй Віктаравіч расказаў, што на жніве ў гаспадарцы заняты чатыры зерне­ўборачныя камбайны, у лідарах сярод якіх на дзень сустрэчы былі Валерый Хоміч з Іллёй Чайкоўскім. На другім месцы быў экіпаж пад кіраўніцтвам Ігара Саковіча, на трэцім – Аляксандр Кардаш.

З задавальненнем дапамагаюць роднай гаспадарцы старшакласнікі

Аляксандр Балуш і Ілля Івашанка. Фота Ірыны БУДЗЬКО

А вось і зернесховішча. Юных памочнікаў гаспадаркі Аляксандра Балуша і Іллю Івашанку мы засталі за працай – хлопцы старанна адгортвалі збожжа. Не ў іх характарах праводзіць летнія дні ў гульнях ды сядзенні за мабільнымі, куды цікавей, па­дзяліліся хлопцы, папрацаваць і зарабіць за гэта грошы. На што іх патрацяць? «Купім усё неабходнае да школы», – пачула ў адказ. З 21 ліпеня працуюць хлопцы ў гаспадарцы і вельмі задаволены такой магчымасцю. А што трэба папрацаваць, дык гэта для іх зусім няцяжка, прызналіся памочнікі, бо прывыклі дапамагаць дома і ніколі не цураюцца працы. Вось яна, маладая змена хлебаробаў, падумалася мне пасля гутаркі з хлопцамі. Прыйдзе той час, і яны, як і Ілля Чайкоўскі, будуць выбіраць сваё месца ў самастойным жыцці. І выбар, хочацца верыць, будзе правільны: родная гаспадарка.

Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 138 queries