Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Уладзімір Батура: працаўнік, гаспадар, бацька

Са знакамітым механізатарам ААТ «Сцешыцы» Уладзімірам Батурам мы знаёмыя ўжо даўно. Заўсёды, калі журналісцкія сцежкі прыводзілі ў гэту гаспадарку, кіраўніцтва яе, адзначаючы перадавікоў, пачынала гэты пералік з прозвішча Уладзіміра Васільевіча. Яго сумленная праца заўсёды адзначалася на раённым (ды і не толькі) узроўні, менавіта Батуру быў аказаны давер быць у складзе вілейскай дэлегацыі на IV Усебеларускім сходзе.

Прафесіяналізм, адказнасць за даручаную справу механізатара высока ацэнены дзяржавай – у 2009 годзе ён узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі». У дадатак да ўсяго гэтага, Уладзімір Васільевіч – сціплы і тактоўны чалавек, з якім заўсёды прыемна пагутарыць.
Якраз падчас такіх размоў чалавек-працаўнік і раскрываецца ў сваіх галоўных якасцях – мужа, бацькі, гаспадара. З павагай і вялікай любоўю гаворыць ён пра жонку, Таццяну Уладзіміраўну, і пра іх галоўнае сямейнае багацце – дзяцей. Іх у сям’і Батураў пяцёра. Сёння трое з іх дарослыя: Крысціна пасля заканчэння педуніверсітэта будзе працаваць у Мінску¸ там жа, у сталіцы, пасля службы ў арміі ўладкаваўся сын Васіль. Пра Вераніку, якая зараз вучыцца ў Ваеннай акадэміі, наша газета пісала ў мінулым годзе. Малодшыя – васьмікласніца Ульяна і трэцякласнік Ягорка – пакуль цешаць бацькоў сваёй штодзённай прысутнасцю. Аднак гэта толькі пакуль, бо час ляціць хуткакрылай птушкай, і вось ужо Ульяна сур’ёзна задумваецца пра самастойны шлях пасля заканчэння школы, марыць звязаць сваю будучыню з медыцынай. Ды што Ульяна – нават Ягорка, не задумваючыся, адкажа на пытанне пра будучую прафесію: буду, кажа, механізатарам, як і тата.

Сёлетняе жніво ўжо чатырнаццатае для Уладзіміра Батуры, і ўвесь гэты час ён працуе на сваім «Джон Дзіры». Да кожнага жніва механізатар сваімі рукамі адладжвае сваю тэхніку, стараючыся папярэдзіць паломкі ў час самай адказнай кампаніі. На тое, як тата рамантуе тэхніку, вельмі любіць паглядзець збоку малодшы сын. Хлопчык літаральна ловіць кожнае татава слова-тлумачэнне, пільна сочыць за кожным рухам спрактыкаванага механізатара. «Наш Ягорка ведае пра тэхніку ўсё, можа адказаць на самыя розныя пытанні пра дэталі, рамонт камбайна, – з усмешкай расказвае сястра Вераніка, з якой я пагутарыла, пра малодшага брата. – Гэта ўжо гатовы механізатар, хоць яшчэ і малы… Няма для яго большай радасці, як пяглядзець, як працуе тата».

Урэшце, і сама Вераніка ў мінулым два-тры сезоны была памочнікам у баць­кі на жніве. І старэйшы брат – таксама. Быць побач з татам, дапамагаць яму, слухаць яго парады – гэта вельмі важна, прызналася дзяўчына. Чаму? Ды для іх, дзяцей, тата з мамай – самыя галоўныя настаўнікі па жыцці, якія навучылі любіць працу, сваіх родных, цаніць сям’ю, дапамагаць і клапаціцца.

– Асабіста я параўноўваю нашу сям’ю з такім ланцужком, у якім усе звенні моцна звязаны, – падзялілася Вераніка. – Вось так і ў нас. Мы з дзяцінства цэнім працу, стараемся ва ўсім дапамагаць бацькам. Дома заўсёды вялікая гаспадарка, таму мы стараемся з усім управіцца, пакуль тата з мамай прыйдуць з працы. Затое так прыемна адчуваць, што, вярнуўшыся ўвечары, бацькі могуць спакойна адпачыць.

Гаспадарка ў Батураў вялікая і зараз (адно тое, что яны трымаюць на падворку чатырох кароў, пра многае гаворыць), і большая частка клопатаў – на плячах гаспадара. Даводзіцца вельмі рана ўставаць, каб з усім управіцца і своечасова пайсці на працу, дзе яго чакае нялёгкая і адказная справа да поз­няга вечара.

– Ведаеце, які момант мне з дзяцінства запомніўся? – прыгадала Вераніка. – Быў летні вечар, тата з яго тагачасным памочнікам Вадзімам вярталіся з поля. Многія людзі на нашай вуліцы віталі іх, віншавалі… Здаецца, яны, камбайнеры, сталі тады тысячнікамі. Ці гэта было тады, калі тату ўзнагародзілі медалём… Гэты эпізод чамусьці вельмі запомніўся…
Многа цёплых слоў пра бацьку пачула я ад Веранікі. І пра тое, як любіць ён сваіх блізкіх і жыве іх клопатамі; і пра тыя мудрыя жыццёвыя ўрокі, якія тата штодня дае дзецям; і пра рэдкія хвіліны адпачынку, калі сям’я збі­раец­ца разам… Не ведаю, ці ўсе дзеці могуць назваць свайго бацьку ідэалам ва ўсім. Для дзяцей Уладзіміра Батуры ён такім з’яўляецца.
Жніво. Яно для Уладзіміра Васільевіча напоўнена сваім, зразумелым толькі хлебаробу, сэнсам. Гэта час, калі ўсе сілы, усе веды скіраваны на галоўнае – скарыстацца кожнай пагодлівай гадзінай, каб своечасова і без страт убраць вырашчанае. У дзень нашай размовы камбайнер быў заняты на ячменным полі ля вёскі Стахі. Ярка свяціла сонца, асвяжаў лёгкі вет­рык, і гэта настройвала працаваць з поўнай аддачай, як Уладзімір Батура ўмее.

Ірына БУДЗЬКО/Фота прадастаўлена Веранікай БАТУРА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 108 queries