Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

У «Юнік-агра» на 10 жніўня было ўбрана 88 працэнтаў плошчаў збожжавых

Зусім нямнога засталося да завяршэння жніва сельгаспрадпрыемству «Юнік-агра», дзе
на 10 жніўня было ўбрана 88 працэнтаў ад запланаванага.

Сямейны экіпаж: камбайнеры Вадзім і Дзмітрый Генадзьевіч Грабянькі

 

У гаспадарцы мы пабывалі напрыканцы мінулага тыдня. Быў гарачы дзень, і камбайнеры займаліся сваёй галоўнай справай.

– На жніве ў нас задзейнічаны тры экіпажы, – расказала галоўны эканаміст гаспадаркі Таццяна Белякова. – Усе працуюць роўна, таму і няпроста назваць з іх пераможца. Хіба на крышку сёння ўперадзе экіпаж Уладзіміра Хадановіча і Валянціна Кірыка, ды ў іншы дзень сітуацыя можа памяняцца. Старанна працуе і экіпаж сям’і Грабянёк, у якім сын Вадзім – галоўны камбайнер, а памочнікам у яго бацька Дзмітрый Генадзьевіч. Толькі добрых слоў заслугоўваюць і камбайнеры яшчэ аднаго экіпажа – Сяргей Суднік і яго памочнік Мікалай Краўчанка. Сяргей Мікалаевіч, дарэчы, працуе ў лясгасе, а на час жніва са­дзіцца за штурвал камбайна. Нельга не адзначыць і працу вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа ад камбайнаў. Гэта, у першую чаргу, Алег Цюлькоў і Сяргей Сакалоўскі, якіх можна назваць перадавікамі ў гэтай справе.

Экіпаж Уладзіміра Хадановіча (справа) і Валянціна Кірыка на дзень
нашай сустрэчы лідзіраваў

Жніво – клопат агульны, адзначыла Таццяна Георгіеўна, падкрэсліўшы важнасць кампаніі для кожнага працаўніка іх гаспадаркі, пачынаючы ад кіраўніка Генадзя Адамовіча і заканчваючы кожным з тых, хто заняты зараз уборкай. Вось і сын маёй суразмоўцы, які вучыцца зараз у вышэйшай навучальнай установе, на час канікулаў стаў механізатарам. У дзень нашай сустрэчы ён быў заняты на прэсаванні саломы. Што і казаць, падвойная карысць ад гэтага: і зарплату хлопец атрымае (а грошы, заробленыя сваёй нялёгкай працай, асабліва цэняцца!), і вопыту зносін з людзьмі ды тэхнікай нябярэцца, а гэта, як кажуць, за плячыма насіць не трэба.
Разам з галоўным аграномам гаспадаркі Андрэем Станкевічам едзем на поле да вёскі Скарада, дзе у дзень нашай сустрэчы ўбіралася жыта. Па дарозе Андрэй Юльянавіч падзяліўся некаторай статыстыкай жніва. Так, адзначыў ён, сёлета добра ўрадзіла пшаніца, ураджайнасць якой склала вышэй за сорак цэнтнераў з гектара. Больш за трыццаць цэнтнераў з гектара даў ячмень. На час нашай гутаркі поўнасцю быў убраны рапс, якога з 220 гектараў намалацілі 370 тон. А ўвогуле збожжавыя і зернебабовыя ў «Юнік-агра» размяшчаюцца на 844 гектарах.

Абед скончыўся, і камбайнеры Сяргей Суднік (справа)

і Мікалай Краўчанка гатовы зноў брацца за справу.

 

На жытнёвым полі, дзе мы сустрэліся з камбайнерамі, справы ішлі поўным ходам. «Яшчэ б з тыдзень пастаяла такое спрыяльнае надвор’е, закончылі б жніво», – зазначыў Андрэй Станкевіч. Хацелася сказаць, што ўжо не пашко­дзіў бы і дожджык, ды стрымалася. Так, нам, гараджанам, не пашкодзіў бы, а вось хлебаробы, занятыя галоўнай і важнай для ўсіх нас справай, просяць у высокага Неба спрыяльнага для жніва надвор’я. Ідзе яго Вялікасць Хлеб, і няхай Неба пачуе людскую просьбу…

Ірына БУДЗЬКО. Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 135 queries