З Марыяй Белай, аператарам машыннага даення адкрытага акцыянернага таварыства «Нарачанскія зоры», мы пазнаёміліся без малога дзесяць гадоў назад. Тады, памятаецца, маладая жанчына была ў ліку перадавых працаўнікоў Вілейшчыны на раённым злёце. Пасля таго яна не раз называлася сярод лепшых, і падобных раённых урачыстасцяў было ў жыцці нямала.

Прафесія
У далёкім ужо 1990-м бацькі Марыі пераехалі жыць і працаваць у вёску Бараўцы Нарачанскага сельсавета з далёкага Казахстана. Хоць у памяці Марыі і захаваліся нейкія яркія ўспаміны пра казахстанскае жыццё, усё ж менавіта з Бараўцамі звязвае яна ўсё самае дарагое і светлае. Тут у свой час працавала на ферме яе маці Ганна Мар’янаўна, і Марыя школьніцай бегала ёй дапамагаць. Усё ў дзяўчыны рабілася правільна і акуратна, а галоўнае – з душою. Гэта, пэўна, і быў добры знак. Аднак на яго тады не звярнулі ўвагі, і пасля школы Марыя пайшла вучыцца на гаспадыню сядзібы ў тагачаснае Вілейскае СПТВ. Вывучылася, а лёс не абмінеш – ён усё ж прывёў дзяўчыну на ферму, у родныя «Нарачанскія зоры».
– Маёй настаўніцай у прафесіі была мама, – прыгадвае Марыя. – Яе парады і канкрэтная дапамога былі вельмі важнымі для мяне, пачынаючай даяркі. Памятаю, як раздойвала сваю першую групу першацёлак… Нялёгка было, і тут не абыходзілася без дапамогі прафесіяналаў, у тым ліку і матулі.
Цяпер, як і ўжо многа гадоў назад, жанчына працуе аператарам машыннага даення на малочна-таварнай ферме «Нарач». Праца, адзначае, адказная, нялёгкая, але ж такая блізкая і родная. І калектыў на ферме – нібыта яе другая сям’я. Тут цябе і падтрымаюць, і зразумеюць, і дапамогуць.

Сям’я
Дзеці – галоўнае ў жыцці. У гэтым Марыя Белая была пераканана і ў час нашай першай сустрэчы, і зараз не памяняла сваіх поглядаў. Дзвюх дачушак з прыгожымі імёнамі Ангеліна і Сабрына нарадзіла і выгадавала жанчына. «Ангеліна – ад слова «анёл», а Сабрына – пад уплывам аднаіменнага фільма», – расказала маці пра выбар імён сваім дзяўчаткам. Зараз яны ўжо дарослыя, выбралі самастойныя жыццёвыя дарогі: старэйшая працуе на Вілейскім хлебазаводзе, малодшая закончыла другі курс Вілейскага дзяржаўнага каледжа, дзе вучыцца на повара-афіцыянта. Дзяўчаты з маленства любілі кухарыць, імкнучыся навучыцца выпякаць такія ж смачныя пірагі, рулеты ды хрушчы, якімі частавала іх матуля. «Цяпер ужо яны рыхтуюць розныя ласункі для мяне», – з усмешкай зазначае Марыя.

Родная вёска
«Свае Бараўцы не памяняла б нават на самы вялікі горад», – прызнаецца Марыя. І гэта не проста словы, а яе глыбокае перакананне. Прастор, чыстае паветра, птушыныя спевы і такое хараство навокал! Хіба можа параўнацца з гэтым шумны горад, дзе бясконца снуюць машыны і некуды бягуць-спяшаюцца людзі? Ніколі. А ў горад, на канцэрт ці экскурсію, з’ездзіць заўсёды можна, і жанчына не супраць гэтага. Паглядзець, паслухаць пра нешта новае і цікавае – ад гэтага Марыя не адмаўляецца. А вось працаваць і радавацца жыццю можа толькі тут, у родных Бараўцах. Тут родны дом, дзе выраслі і прыязджаюць сюды па выхадных дачушкі; аднавяскоўцы, якія сталі нібыта роднымі людзьмі; яе нялёгкая, але такая любімая работа – тут усё яе жыццё, якое было і якое будзе.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва гераіні матэрыяла







