Ліпень. Зусім не выпадкова другі месяц лета названы менавіта так – цяпер пара цвіцення ліпы, цвет якой лічыцца адным з лекавых народных сродкаў.

На працягу адзінаццаці гадоў бібліятэкар Чурлёнскай інтэгрыраванай бібліятэкі Марына Пашкевіч праводзіць цікавае мерапрыемства для мясцовых дзяцей – арганізоўвае экскурсіі на прыроду, падчас якіх расказвае і паказвае лекавыя зёлкі, што растуць у нашым раёне і ў яе агародзе.

Вось і на днях такое мерапрыемства прайшло ў бібліятэцы. З адным толькі ўдакладненнем: напярэдадні Марына Пашкевіч сама назбірала лекавых раслін, прынесла іх у бібліятэку, куды былі запрошаны хлопчыкі і дзяўчынкі са школьнага лагера «Непаседы». Дзеці з цікавасцю разглядалі расліны, слухалі пра тое, ад якіх хвароб лячыліся імі нашы продкі. Дзеці цвёрда засвоілі, што вельмі важна ведаць расліны нашага краю. А яшчэ кожны з «непаседаў» узяў дадому па букеціку, каб пачаставаць пахучай гарбатай сваіх блізкіх.

Падрыхтавала Ірына БУДЗЬКО/Фота прадастаўлена Марынай ПАШКЕВІЧ







