Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Яму падуладна складаная тэхніка

Больш за два дзясяткі гадоў працуе машыністам экскаватара ў філіяле «ДРБУ № 162» КУП «Мінскаблдарбуд» Міхаіл Чарнецкі.

Кожны чалавек, хто хоць крыху знаёмы з будаўніцтвам дарог, ведае, што яно не абыходзіцца без удзелу экскаватараў – тэхнікі, якая патрабуе спецыфічных ведаў і ўмення. Таму і да машыністаў экскаватара – асаблівыя патрабаванні. Гэтыя людзі не проста павінны валодаць навыкамі ваджэння, але і ведаць усе прафесійныя тонкасці: прынцыпы работы абсталявання экскаватара, правілы балансіроўкі, прыёмы кіравання пры распрацоўцы грунту і многае-многае іншае. Як кажуць дасведчаныя людзі, сённяшні экскаватаршчык у нейкай меры павінен разбірацца нават у прыкладной фізіцы і механіцы, чарцяжах, схемах і іншай тэхнічнай дакументацыі.

Чалавек, пра якога пойдзе гаворка ніжэй, больш за два дзясяткі гадоў працуе машыністам экскаватара ў філіяле «ДРБУ № 162» КУП «Мінскаблдарбуд» Міхаіл Чарнецкі, як адзначыў кіраўнік упраўлення Аляксандр Майстровіч, – дастойны прадстаўнік сваёй прафесіі і адзін з перадавых працаўнікоў калектыву. Прафесіянал, якому можна давяраць любую справу і ведаць, што ён выканае яе належным чынам.

У гэтыя дні Міхаіл Дзмітрыевіч працуе на Маладзечаншчыне, ля населенага пункта Рагазы. «Добраўпарадкоўваем дарогу, тратуары, – коратка сказаў ён у тэлефоннай размове пра свае абавязкі і дадаў галоўнае: – Я вельмі люблю сваю работу менавіта за гэта – за тыя прыгажосць, добраўпарадкаванне, камфорт, якія з’яўляюцца вынікам нашай агульнай стараннай працы».

Мы размаўлялі з Міхаілам Чар­нецкім у час яго абедзеннага перапынку, і надоўга скарыстоўваць яго асабісты час у газетных мэтах мне, канешне ж, не хацелася. Але і за нашу кароценькую размову даведалася, бадай, самае галоўнае пра гэтага стараннага працаўніка, якога цэняць і паважаюць у калектыве, і сціплага чалавека. Нарадзіўся ў вёсачцы Капішча, нейкі час працаваў у калгасе, жыве з сям’ёй у Асіпавічах. Як і ўсе вяскоўцы, Міхаіл Дзмітрыевіч і Рыта Трафімаўна трымалі раней гаспадарку, якая цяпер не такая вялікая – складана ўпраўляцца, бо гаспадары заняты на працы. У Маладзечне жывуць дзеці, дзядулю з бабуляй радуе маленькі ўнучак. Гэта ўсё тое, што датычыць асабістага. Ёсць і вытворчае – праца ў ДРБУ № 162, якой аддадзены больш чым два дзясяткі гадоў Міхаіла Дзмітрыевіча. І яна, гэтая праца, – таксама надзвычайна важная і вялікая частка яго жыцця.

Ірына БУДЗЬКО/Фота з сямейнага архіва Чарнецкіх 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries