Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Выступаючы на сцэне, адчуваю драйв

Па горадзе – на веласіпедзе, у Дубаўку – з палкамі для скандынаўскай хадзьбы, у Палац культуры – з песняй, на мерапрыемствы цэнтра сацыяльнага абслугоўвання – з новымі ідэямі, на заняткі ў басейн – з добрым настроем, у кветнік ля свайго дома – з любоўю да зямлі і жаданнем рабіць яе прыгажэйшай…

І толькі так – ветэран працы Вілейскага цэха электрасувязі Маладзечанскага занальнага вузла электрасувязі Мінскага філіяла РУП «Белтэлекам» Марыя Субач не можа іначай.

Назусім з работай Марыя Субач не развіталася – каардынуе работу з ветэранамі, якія, знаходзячыся на пенсіі, застаюцца на ўліку ў прафсаюзнай арганізацыі і адчуваюць увагу да сябе і падтрымку.

Актыўная ў працы і ў жыцці, дынамічны тэмп Марыя Іванаўна задае сабе сама – і выхад на заслужаны адпачынак не стаў гэтаму перашкодай. «На пенсіі жыццё толькі пачынаецца» – узгадвае яна гэту фразу, пачынаючы кожны новы дзень.

38 год – агульны працоўны стаж электрамеханіка сувязі Марыі Субач. Нарадзілася яна ў Баранцах, скончыла Асіпавіцкую сярэднюю школу. З маладых год спявала і нават іграла на мандаліне – наведвала музычны гурток. Але ад думкі звязаць жыццё з музыкай адгаварылі бацькі – людзі простыя, ад зямлі: што гэта за прафесія такая – іграць ды спяваць? Таму вырашыла паступаць на гістфак, ды для здзяй­снення гэтай мары не хапіла ўсяго паловы бала. Планы прыйшлося мяняць. Скончыўшы Мінскі тэхнікум электрасувязі, працоўны шлях пачынала ў Баранавічах, а праз пэўны час вярнулася на радзіму. Адказныя абавязкі электрамеханіка сувязі патрабавалі моцных тэхнічных ведаў – каб аператыўна выявіць, дзе адбылося пашко­джанне лініі, каб у кароткія тэрміны адрамантаваць.

Наша нядаўняя сустрэча з Марыяй Субач адбылася паміж дзвюма кропкамі аднаго з яе штоты­днёвых маршрутаў – «дом – басейн». А дакладней – цэнтр фізкультурна-аздараўленчай работы «Сатурн», дзе пад кіраўніцтвам інструктара Наталлі Іваноўскай разам са сваімі аднадумцамі займаецца Марыя Субач.

Два заняткі на тыдзень – у «сухой» зале, адзін – у басейне. На заняткі са Ставак Марыя Іванаўна дабіраецца на веласіпедзе – так і зручней, і здаравей. Ля яе дома зараз, у красавіку, ужо цвітуць крокусы – першацветам і іншым кветкам яна аддае нямала часу. Яе энергіі і жадання хапае таксама на заняткі ў народным хоры ветэранаў пры Вілейскім Палацы культуры – пад кіраўніц­твам Уладзіміра Навуменкава паўтараюць ужо вядомыя кампазіцыі, развучваюць новыя. І ў тэатральным гуртку «Натхненне», якім кіруе Алена Саўрук, наша гераіня зай­маецца.

«Душэўныя песні» – такі рэпертуар найбольш даспадобы самой Марыі Іванаўне. Падчас выступлення на свяце да Дня абаронцаў Айчыны яна выконвала песню «За мужчын» Вікі Цыгановай – і не засталася незаўважанай сярод іншых выканаўцаў.

– Я не прафесіянал, – дзеліцца Марыя Іванаўна. – І перад кожным выступленнем хвалююся. Але пасля адчуваю, як сёння кажуць, драйв. І гэта адчуванне дапамагае сябе трымаць у тонусе.

Канешне, пандэмія «адкарэкціравала» графік выступленняў, якіх раней было значна больш, ды і іншых актыўнасцяў, заўважае Марыя Субач, але тыя мерапры­емствы, дзе ёсць магчымасць сацыяльнага дыстанцыявання і выканання неабходных мер бяспекі, яна наведвае. І ахвотна дзеліцца сваім «рэцэптам»: актыўнасці – болей, пасіў­насці – меней, дзейнічаць – наперакор сваім «балячкам» (у каго з людзей ва ўзросце іх няма?) і… менш шкадаваць сябе.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 69 queries