Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

92-гадовая пенсіянерка з Вілейкі – жывая энцыклапедыя вілейскага ткацтва

Яна дапамагае чацвёртакласніку з дамашнім заданнем, за гэту зіму звязала 20 пар шкарпэтак, чытае кнігі энцыклапедычнага характару і нават задумалася аб вывучэнні англійскай мовы. Не дзіўна? Яшчэ як! Бо размова ідзе пра 92-гадовую жанчыну.

Жывая энцыклапедыя вілейскага ткацтва

Ірына Уладзіміраўна Гіль нара­дзілася і ўсё жыццё пражыла ў вёсцы Сліпкі, цяпер гэта Крывасельскі сельсавет. Але ўжо з дзясятак гадоў жыве ў дачкі Раі, у Вілейцы. Толькі летам наведвае родную хату. Ёй сапраўды 92 гады і ў яе выдатная памяць, якой пазайздросцяць нават тыя, што ўдвая маладзей.

Пра гэту ўнікальную жанчыну я дазналася выпадкова і ўчапілася за магчымасць болей даведацца пра традыцыйнае ткацтва Вілейшчыны. Гэта тэма зараз у фокусе майго журналісцкага інтарэсу.

Так і аказалася: Ірына Уладзі­міраўна – крыніца цікавай інфармацыі. Яе чэпкая памяць утрымлівае шмат падрабязнасцей. Напрыклад (этнографы, запісвайце), вузкія доўгія ручнікі на малой радзіме жанчыны звалі “наметы”. Параўнайце з “наміткай” – жаночым галаўным уборам.

– Не, мая мама не насіла намітку, а наметамі мы звалі такія вузейшыя ручнікі з кужэльнага палатна, гэта значыць, з лепшага, больш тонкага, адбеленага, – расказвае Ірына Уладзіміраўна. Яна добра памятае, як адбельвалі ільняную тканіну: раскладвалі раніцой на расу, чакалі, каб высахла, і так некалькі разоў.

– Як фарбавалі? Фарбы былі, куплялі. Быў у нас у суседняй вёсцы хлопец, адзінокі быў, дык ён ездзіў у Вілейку, купляў фарбу, а нам прадаваў трохі даражэй, – успамінае жанчына. У 18 год яна ўжо была добрай ткачыхай – усё ткала: “трэба ж было адзявацца, усё ж сваё трэба было наткаць”.

Сама Ірына Уладзіміраўна ткала і ў два, і ў чатыры, і ў восем нітоў.

Васьмінітовыя – ручнікі і настольнікі, чатырохнітовыя – посцілкі “ў дымы”, двухнітовыя – ручнікі-перабіранкі.

Тыя перабіранкі ткаліся так: аснова – ільняная, уток – віскозны.
– Во, паглядзіце, як час адбяліў лён, – дэманструе мне жанчына свой ручнік-перабіранку. – Гэта ж ён быў з ільну неадбеленага, а віскоза белая была, таму і быў выяўны ўзор. Зараз жа ўсё белае зрабілася.

Тут мне Ірына Уладзіміраўна пачынае гаварыць пра тэхніку ткацтва. Што гаварыць? Паказвае! Бярэ сваё крэсла, з якім рухаецца па кватэры, пераварочвае ножкамі ўверх і выкарыстоўвае яго замест снавалкі. Раней снавалі (наматвалі ніткі асновы ў пэўным парадку для запраўкі станка) на сцяне, на раме і на снавалцы, якая ўмацоўвалася паміж падлогай і столлю.

– У нас снавалка была, на сцяне не снавала я. Калі на сцяне снуеш, то находзішся туды-сюды, а так сядзі, круці снавалку, так лягчэй, – каменціруе жанчына. А яе дачка Рая ўспамінае, што яны, малыя, любілі катацца на той снавалцы: “Маці круціць, а мы катаемся”.

Ірына Уладзіміраўна паказвае мне, у якім парадку трэба снаваць па чынах, як здымаць, як сплятаць касу, каб не заблытаць ніткі, і потым правільна заправіць аснову ў ніты. Прызнацца, мне, чалавеку, знаёмаму з ткацтвам толькі па кнігах, прыйшлося цяжка, хаця Ірына Уладзіміраўна добра тлумачыць.

Вучыцца, каб дапамагчы праўнуку

Тут Раіса Георгіеўна пазвала нас на чай, і я выкарыстала гэту магчымасць, каб даведацца пра лёс жанчыны. Ірына Уладзіміраўна памаленьку, са сваім крэслам, прыйшла да стала. Калі ёй было 85 гадоў, яна зламала шыйку бядра, доўга ляжала ў бальніцы. Пакуль ёй зрабілі аперацыю, ад ляжання пайшлі пролежні. Ды родныя настоілі, што аперацыя патрэбна, і іх маці падымецца. Так і адбылося.

– Мама не першы раз вучыцца ха­дзіць, – распавядае дачка. – Яе ўжо двойчы ўносілі ў маю кватэру, і двойчы яна ўставала. Першы раз – пасля інсульту. Гэта было дзесяць год таму. Тады правы бок надта пашкоджаны быў. Але мама патрохі распрацавала руку: возьме спіцы для вязання, неяк прымайструецца і вяжа. А праз тры гады нагу зламала, але і тут расха­дзілася. А тыя пролежні мы мамінымі ільнянымі тканінамі лячылі – і ўсё зажыло.
Ірына Уладзіміраўна нарадзілася ў 1929 годзе. Пасля вайны выйшла замуж за Георгія Антонавіча Гіля, з якім пражылі 64 гады. Выгадавалі чацвёра дзяцей. Старэйшы, Вячаслаў, ваенны, ён жыве ў Кіеве. А Раіса, Жанна і Аляксандр тут, у Вілейцы.

– Яны добра з татам жылі, – рассказвае Раіса Георгіеўна. – Называлі адзін аднаго “Юрачка” і “Ірачка”. Памятаю, калі мама захварэла, то тата сказаў: “Лебедзь без лебедзя не жыве”. Тату было 83 гады, калі ён адышоў у другі свет.

Ірына Уладзіміраўна ўспамінае, колькі работы выпала на яе лёс. Спачатку хадзіла на палявыя работы ў калгас, потым перайшла працаваць бухгалтарам, а апошнія 20 год – асеменатарам. Спецыяльнай адукацыі не мела, аднак добрая памяць і светлая галава дапамагалі.

– Матэматыку я любіла, – канстатуе жанчына і нават прыпамінае імя свайго настаўніка матэматыкі – Вячаслаў Скабей. А тагачаснага дырэктара Рабунскай школы, дзе вучылася Ірына Уладзіміраўна, звалі Іван Іванавіч Рогач.

– Навучанне ў нас было па-беларуску, калі я стала памагаць праўнукам, прыйшлося перакласці для сябе наз­вы. Мы ж казалі: множымае, множнік – здабытак, дзялімае, дзельнік – дзель, а па-руску «произведение» и «частное». Але нічога, перавучылася, – смяецца прабабуля.

Яна і праўнуку-васьмікласніку бралася б дапамагаць, але той не хоча дапамогі. Тады Ірына Уладзіміраўна пераключылася на пашырэнне свайго кругагляду – энцыклапедыі тыпу “Што? Калі? Як?” стала чытаць – каб праўнуку патлумачыць больш, чым патрабуе школьная праграма. Ну і англійскі слоўнік прабабуля таксама запрасіла, каб хаця што-колечы ведаць і дзіцяці дапамагчы.

– Я кажу: “Мама, супакойся, людзі смяяцца будуць, які англійскі?”, – заўважае дачка, а мама толькі пасміхаецца.

Па ўсім відаць, Ірына Уладзіміраўна з тых, хто на сваё меркаванне арыентуецца. Некалі, за савецкім часам, адмовілася браць дзялянку буракоў на палонне, дык быў таварыскі суд арганізаваны:

– А я не магла фізічна прапалоць тыя буракі: чацвёра дзяцей, праца ў калгасе, свая гаспадарка – коней трымаць савецкая ўлада забараняла, а вось карову, авечак трымалі – як усё паспець? А яшчэ ж сама ткала, сама кажухі шыла. У газеце прачытала, як апрацоўваць скуры трусоў – і сваім, і суседскім дзецям футры шыла. Так што папрацаваць раней давялося.

– Ой, як мы раней цяжка працавалі. Зараз жыць значна лягчэй і лепш. Але толькі глянь наўкол – усе ў сваіх тэлефонах сядзяць, няма з кім пагаварыць. Ці так было раней: моладзь збярэцца – песні, размовы, смех, дзе гэта ўсё зараз падзелася? – канстатуе мая суразмоўца.

На пытанне, ці шчаслівая яна, адказвае:

– Шчаслівая дзецьмі, унукамі, праўнукамі. Імі радая і давольная.
У Ірыны Уладзіміраўны, акрамя чац­вярых дзяцей, сем унукаў, 14 праўнукаў. Родныя часта наведваюцца да бабулі і прабабулі. На дзевяностагоддзе жанчыны родныя зрабілі ёй падарунак – стварылі плакат “Сямейнае дрэва”. Ён аздабляе пакой Ірыны Уладзіміраўны і кожны дзень нагадвае пра сваю такую вялікую сям’ю.

Ірына ТРУБАЧ/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 50 queries