Вайна. Канцлагер. Жахі, што выпалі на долю людзей. Здаецца, гэта было вельмі даўно. Толькі не для тых, хто пра грозны час ведае не з кніг і фільмаў, а сам перажыў усё гэта. Біяграфіі такіх людзей – сапраўдныя прыклады мужнасці для нашчадкаў.
– У нашым раёне на сёння жывуць два ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны і васямнаццаць непаўнагадовых вязняў канцлагераў, – канстатавала старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Вольга Дзяруга. – Гэта асаблівыя людзі, якім выпала перажыць столькі выпрабаванняў! Мы схіляем галовы перад гэтымі людзьмі, якія ўсё пераадолелі і захавалі сумленне і гонар. Іх жыццё – прыклад гераізму, мужнасці і стойкасці для маладых. А яшчэ – любові да сваёй радзімы і людзей. Дзеці і ўнукі павінны памятаць перажытае іх продкамі, бо, захоўваючы памяць пра мінулае, мы пракладаем дарогу ў будучае.

Пра адну з васямнаццаці непаўнагадовых вязняў – наш сённяшні расказ.
Антаніну Гарчакову на Вілейшчыне ведаюць многія. Педагог са шматгадовым стажам, яна не толькі дала пуцёўкі ў жыццё дзяўчатам і хлопцам, якім пашчасціла ў яе вучыцца, але і стала прыкладам мужнасці, сілы волі, любові да радзімы.
«У жыцці Антаніны Іванаўны было столькі выпрабаванняў, што міжволі думаеш: як толькі ўсё вытрымала!» – гэта словы з аднаго майго матэрыяла пра гэту жанчыну. І сёння па-ранейшаму задаюся такім пытаннем. Сапраўды, як вытрымала яна і тысячы такіх жа маленькіх вязняў тыя жахі, што ім давялося перажыць?

Дзяцінства і пачатак вайны
Яна нарадзілася на Пскоўшчыне ў грозным трыццаць сёмым годзе. Бацька быў калгасным старшынёй, таму спакойнага жыцця ў сям’і не было – многія былі не задаволены калектыўнай гаспадаркай, актывістам часта пагражалі, іх падсцерагала небяспека. Можна толькі ўявіць, як няпроста было ў той час калгаснаму старшыні…
А вось перажытае ў самым пачатку вайны Антаніна Іванаўна запомніла на ўсё жыццё: бацька, развітваючыся перад адыходам на фронт, узяў яе на рукі, прыціснуў да калючай шчакі, пацалаваў, а вочы яго былі мокрыя-мокрыя ад слёз… І словы яго, адрасаваныя жонцы, таксама запомніліся: «Беражы, Фрося, дзяцей. Мо і не ўбачымся… Закончыцца вайна, абавязкова вучы іх, будзь за маці і за бацьку…»
Даваў наказ, быццам адчуваў, што развітваецца з блізкімі людзьмі назаўсёды. Так яно і атрымалася: дамоў з фронту бацька не вярнуўся. Як рэліквію захоўвала маці паведамленне, што муж прапаў без вестак, і яго даваенны пашпарт.
Канцлагер «Пяты полк»
А на вёску хутка наляцелі карнікі. Маці з малымі дзецьмі разам з іншымі людзьмі выгналі з хат і некуды павезлі. Так сям’я трапіла ў Віцебскі канцэнтрацыйны лагер «Пяты полк».
Тое, што перажылі, забыць немагчыма. Што пятніцу, прыгадала Антаніна Іванаўна, фашысты выганялі ўсіх з баракаў на пераклічку, кожнага пятага расстрэльвалі. У бараках бушаваў тыф. Хворых вывозілі ў вёску Якуціна, дзе была тыфозная бальніца. Целы памерлых выкідалі ў ямы, якія не заўсёды засыпалі.
«Мы таксама ўсе хварэлі, – расказала Антаніна Іванаўна, – і мама не спадзявалася, што застанемся жывымі. Але ж выжылі». Усяго ў «Пятым палку» было знішчана больш за 80 тысяч чалавек.
Пасляваенныя гады
Вельмі цяжкімі былі і першыя пасляваенныя гады. «Галадалі, – прыгадала даўняе Антаніна Іванаўна. – Мы, дзеці, нібы тыя буслы, вясною хадзілі па адталым бульбянішчы, шукаючы леташнюю бульбу. З яе, гнілаватай, смярдзючай, маці пякла чорныя сачні. Елі іх замест хлеба з варанай крапівой. І цяпер адчуваю той нядобры смак…»

Адукацыя і педагагічная дзейнасць
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, наказ мужа вучыць дзяцей маці выканала – зрабіла ўсё для таго, каб яны атрымалі адукацыю. Вось і Антаніна Іванаўна, закончыўшы сямігодку, паступіла спачатку ў педвучылішча, затым – у інстытут.
З далёкага 1955-га жыве на Вілейшчыне. Спачатку настаўнічала ў Журыхах, затым – у Нарочы, пазней доўгі час выкладала беларускую і рускую мовы ў школе рабочай моладзі, была намеснікам дырэктара ў трэцяй і другой гарадскіх школах. На заслужаны адпачынак выйшла з пасады дырэктара сярэдняй школы №3.

Узнагароды і творчасць
Сумленная праца настаўніцы адзначана шматлікімі высокімі ўзнагародамі і званнямі. Імя Антаніны Гарчаковай занесена ў кнігу «Кто есть кто в Республике Беларусь», якая выйшла ў свет да 70-годдзя Вялікай Перамогі.
Творчая жанчына з’яўляецца аўтарам кніг «Душа нанізвае радкі», «Рэха душы», «Несупынная плынь жыцця», якія прыязна сустрэлі чытачы.
Клуб «Дзеці вайны», літаратурная гасцёўня «Дамінанта душы» – гэта важныя для Антаніны Іванаўны фарміраванні, у якіх яна многа і з задавальненнем працавала.
«Усё гэта дапамагае жыць, – гаварыла яна сама, – змагацца з хваробамі, цаніць радасць кожнага мірнага дня. Вось толькі ўспаміны… Памяць не дае спакойна спаць. Жыццё, як шматсерыйны фільм, круціць старонкі перажытага. Яна, гэта памяць, патрабуе свята захоўваць гісторыю народа, перадаваць з пакалення ў пакаленне вялікую любоў да свайго народа, да сваёй Радзімы».
Ірына БУДЗЬКО
Фота з архіва Антаніны ГАРЧАКОВАЙ








