Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Магія папяровай лазы: як майстрыха з Людвінава стварае прыгажосць з простых рэчаў

Алена Шушкевіч, кіраўнік гуртка «Творчы партал» Людвіноўскага сельскага Дома культуры, лічыць сябе, можна сказаць, пачынаючым майстрам.

Праўда, сур’ёзныя работы з папяровай лазы і джутавай ніткі ў яе пачалі атрымлівацца гады два назад. Але ж сама жанчына зазначае, што яна знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, многаму яшчэ марыць навучыцца, адшліфаваць сваё майстэрства.

– Цяга да творчасці ў мяне, відаць, ад мамы, – падзялілася Алена Іосіфаўна. – Яна ў нас была творчым чалавекам і майстрыхай на ўсе рукі – і шыла, і вязала, і нешта майстравала… З часам жаданне ствараць прыгожае сваімі рукамі з’явілася і ў мяне. Асабліва захапілася пляценнем з папяровых трубачак. Азы падгледзела ў інтэрнэце і ўзялася за справу.

Калі шчыра, не думала спачатку, што нешта сур’ёзнае атрымаецца. Каб не браты ды сын, відаць, расчаравалася б. Але яны падтрымалі: маўляў, калі хочаш нечаму навучыцца, не адступайся, цярпліва працуй. І паступова ў мяне ўсё пачало атрымлівацца.

Падстаўкі, кошычкі, хлебніцы, пано… Колькі разнастайных работ было зроблена яе рукамі, таленавітая жанчына не лічыла. Ёй прыемна бачыць, што яны падабаюцца людзям, ствараюць добры настрой.

Вось і зусім нядаўна папрасіла жанчына зрабіць невялічкі кошычак на падарунак, і чалавек, якому яго ўручылі, ад усяго сэрца падзякаваў ёй, майстру.

– Вельмі прыемна, што некаму мая работа дастаўляе радасць, – прызнаецца Алена Іосіфаўна. – Хочацца развівацца далей, шліфаваць сваё майстэрства.

Мне даводзілася сустракацца з многімі творчымі людзьмі, якія здольны сваімі рукамі ствараць прыгажосць. Цяпер да іх кагорты далучылася і Алена Шушкевіч, якая ўпэўнена, што для ажыццяўлення любой мары чалавеку патрэбны тры складаемыя – жаданне, цярпенне і настойлівасць. І тады ўсё атрымаецца.

Ірына БУДЗЬКО/ Фота прадастаўлена Жаннай АНДРЫЕЎСКАЙ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 192 queries