Вельмі добрая чалавечая рыса – пастаянства, бо за ім звычайна стаяць надзейнасць, адданасць, адказнасць. А ў жыцці чалавека ўсё гэта надзвычайна важна.
У мінулым годзе даводзілася пісаць пра машыніста аўтагрэйдэра ДРБУ №162 Уладзіміра Спірыдовіча, які заняў тады трэцяе месца ў конкурсе прафесіянальнага майстэрства, што праводзіла КУП «Мінскаблдарбуд». Лепшыя вадзіцелі пагрузчыкаў і самазвалаў, машыністы экскаватараў і аўтагрэйдэраў, прадстаўнікі іншых прафесій з усіх ДРБУ вобласці дэманстравалі свой прафесіяналізм, і стаць лепшым сярод лепшых было вельмі няпроста. Дастойна прадстаўляў сваю арганізацыю Уладзімір Спірыдовіч, якому было прысуджана ганаровае месца сярод калег вобласці.

Яго працоўны стаж у ДРБУ №162 складае без малога дваццаць сем гадоў. Пачынаў падменным. Вельмі хутка засвоіў усё тое, што патрабуецца, і неўзабаве яму даверылі аўтагрэйдэр. З таго часу будаўніцтва дарог, падрыхтоўка іх пад асфальтаванне стала справай яго жыцця. Давялося выконваць работы не толькі на Вілейшчыне, але і за яе межамі.
І ўсюды, дзе б ні працаваў аўтагрэйдэрыст Спірыдовіч, кіраўніцтва адзначала яго высокі прафесіяналізм і адказныя адносіны да даручанай справы. Шматлікія граматы, падзякі і дыпломы яскрава сведчаць пра яго заслугі.
Уладзімір Леанідавіч нарадзіўся ў Залессі, дзе жыве і цяпер, і гэта таксама пра пастаянства. Як і ўсе дбайныя вяскоўцы, Спірыдовічы шчыруюць на прысядзібным участку і па гаспадарцы, з радасцю сустракаюць у сваім доме дзяцей і ўнукаў. А працуе Уладзімір Леанідавіч у Ільянскім дарожна-рамонтным пункце, куды штораніцы спяшаецца, каб выконваць важную і вельмі патрэбную людзям справу.
Ірына БУДЗЬКО








