Перастала біцца сэрца чулай, добрай, спагадлівай жанчыны, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Занкавіч Ганны Іванаўны, жыхаркі вёскі Нарач.
Маё знаёмства з Ганнай Іванаўнай адбылося вельмі даўно. У 1987 годзе, па прыездзе ў вёску Нарач, я працавала ў Доме культуры. Мы рэгулярна сустракаліся на святах і мерапрыемствах, якія там праводзіліся. Мая дыпломная работа была прысвечана тэме Вялікай Айчыннай вайны. У Доме культуры праводзілася мерапрыемства “Ад усёй душы”, прысвечанае тым суровым падзеям. У праведзенай кампазіцыі была ўдзелена асабістая ўвага кожнаму земляку-ветэрану, быў падрыхтаваны падарунак на добрую памяць. У сваю чаргу ветэраны звярнуліся з наказам да маладога пакалення: берагчы мір, любіць Радзіму, цаніць іх ратны подзвіг.
Прайшлі гады… Памяць пра гэту сустрэчу засталася назаўжды і ўзмацніла яшчэ большую сувязь паміж намі.
Больш за 26 год я працую педагогам-арганізатарам у Нарацкай сярэдняй школе. Разам з вучнямі мы кожны год віншавалі Ганну Іванаўну са святамі, дапамагалі па гаспадарцы і запрашалі ў школу на сустрэчы. Яна дзялілася з намі ўспамінамі пра тыя незабыўныя, цяжкія гады жыцця.
Гавораць, што час – добры лекар, які прыглушае боль. Можа, гэта і сапраўды так, але ўспаміны пра ліхалецце застаюцца з чалавекам назаўсёды.
У сваім жыцці лёгкіх дарог Ганна Іванаўна не выбірала. Крочыла ўпарта наперад, не зважаючы на ўсе перашкоды. Адна з самых цяжкіх дарог у яе жыцці – гата дарога вайны. З самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны пачала актыўна ўдзельнічаць у барацьбе супраць нямецкіх акупантаў. Была ў ліку тых, хто стварыў падпольную групу “Мсціўцы” ў вёсцы Нарач. Члены гэтай групы распаўсюджвалі лістоўкі з інфармацыяй пра становішча на франтах, у самой вёсцы Нарач і навакольных вёсках. Доўгі час была партызанскай сувязной, забяспечвала партызан прадуктамі харчавання, адзеннем. Калі ўзнікла прамая пагроза арышту, Ганна Іванаўна была залічана ў партызанскі атрад “За Савецкую Беларусь”, камандзірам якога быў Андрэй Іванавіч Валынец. Ганна Іванаўна да самага вызвалення знаходзілася ў складзе баявой дыверсійнай групы. Перамогу над Германіяй мужная жанчына сустрэла ў сваёй вёсцы. Працавала ў калгасе ў паляводчай брыгадзе. З болем і смуткам заўсёды ўспамінала загінуўшых і тых, каго ўжо няма сярод нас. Узнагароды за яе мужнасць і гераізм у гады вайны сведчаць пра подзвіг гэтага чалавека.
Ганна Іванаўна была для мяне родным чалавекам. Я звярталася да яе ў цяжкія моманты жыцця за душэўнай падтрымкай. Яна заўсёды спачувала, падымала настрой, усяляла надзею на лепшае.
Гасподзь адмерыў ёй доўгі век. Ганна Іванаўна дачакалася ўнукаў, праўнукаў і прапраўнукаў. Угледзьцеся ў яе вочы. Колькі мудрасці, глыбіні, чуласці ў гэтым позірку.
Скончыўся жыццёвы шлях даўжынёй у век. Згасла зорка яшчэ аднаго вялікага жыцця. Застаецца толькі памяць…
Ніна КАВАЛЁВА, педагог-арганізатар ДУА “Нарацкая сярэдняя школа Вілейскага раёна/фота прадстаўлена аўтарам