Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Пытанні ўзняты і будуць вырашацца. Сустрэча Анатоля Завацкага з працаўнікамі ААТ «Алая зара»

Выязджаючы ў арганізацыі і ўстановы горада і раёна, сустракаючыся з працоўнымі калектывамі, прадстаўнікі ўлады бачаць, якімі клопатамі жывуць людзі, ацэнваюць іх дасягненні, адказваюць на пытанні, бяруць на кантроль і вырашаюць праблемы. Такая зваротная сувязь працуе, і дзякуючы ёй многае з таго, што людзей хвалюе, вырашаецца, выпраўляецца.

У святочны дзень старога Новага года адбылася сустрэча першага намесніка старшыні раённага выканаўчага камітэта – начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Анатоля Завацкага з працаўнікамі ААТ «Алая зара». У пачатку размовы Анатоль Мікалаевіч адзначыў, што такія сустрэчы ў нашым раёне ўжо традыцыйныя, і пытанні, якія хвалююць людзей і агучваюцца падчас іх, не застаюцца без увагі: на некаторыя адказы даюцца нават у ходзе размовы, а тыя, з якімі трэба разбірацца кампетэнтным службам, адрасоўваюцца ім і бяруцца на кантроль.

Што ж хвалюе і непакоіць жыхароў аграгарадка Ерхі? Штодзённыя бытавыя пытанні, якія ўзнікаюць у свой час, напэўна, у кожнага з нас. Так, як падзяліліся сяльчане, ім хацелася б, каб у аграгарадку было болей бакаў для смецця, бо тыя, якія ёсць, хутка перапаўняюцца. І гэта нягледзячы на тое, што ГУП Вілейская ЖКГ» рэгулярна і ў азначаны час вывозіць смецце. А яго, дарэчы, «дапамагаюць» местачкоўцам збіраць і праязджаючыя міма гарадскія дачнікі, якія падкідваюць цэлыя пакеты смецця да бакаў. Так што, заключылі жыхары аграгарадка, дадатковыя ёмкасці ім вельмі патрэбны, і Анатоль Завацкі пагадзіўся з гэтым, паабяцаўшы данесці просьбу людзей да кіраўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Яшчэ адно вельмі важнае пытанне – медыцынскага абслугоўвання – хвалюе жыхароў аграгарадка. У населеным пункце няма амбулаторыі (бліжэйшая да нядаўняга часу была ў Касцяневічах, а зараз размяшчаецца ў Людвінова, дык туды ж трэба яшчэ дабрацца!), таму ў Ерхі прыяз­джаў ФАП на колах, які дастаўляў неабходныя лекі. І рэцэпты фельчар перасоўнага ФАПа мог выпісаць, і даць кансультацыю… Карацей, зручна гэта для людзей. Праўда, у апошні час медыцынская ўстанова на колах чамусьці ў Ерхі не прыязджала, і людзі адчулі, як ім яе не хапае. І гэта пытанне Анатоль Завацкі ўзяў на кантроль, паабяцаўшы ў бліжэйшы ж час абмеркаваць яго з кіраўніцтвам ЦРБ.
Падчас размовы сяльчане выказалі сваё пажаданне і дарожным службам: больш якасна чысціць снег, асабліва ля прыпынкаў і на іх, бо менавіта адсюль аўтобус забірае дзяцей і вязе іх у школу. Пажаданне ўзята на кантроль.

У час сустрэчы людзі гаварылі пра многае – дзяліліся ўражаннямі, нешта прыгадвалі, прапаноўвалі. І ўсё гэта з галоўнай мэтай – зрабіць жыццё жыхароў аграгарадка лепшым, больш камфортным. Што ж, дзеля гэтага і арганізоўваюцца такія сустрэчы.

Ірына БУДЗЬКО/фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 111 queries