Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

У «Нарачанскіх зорах» ўжо засеяна большая частка з 540 гектараў, запланаваных пад яравыя культуры

У адзін з такіх давялося пабываць у адкрытым акцыянерным таварыстве «Нарачанскія зоры», дзе ўжо была засеяна большая частка з 540 гектараў, запланаваных пад яравыя культуры.

Вясна – дама непрадказальная і капрызлівая: то сонейкам ды цяплом парадуе, то замаразкамі ды сухавеем напалохае. Вось тут і паспрабуй, вясковец, падладзіцца пад яе нораў. А падладжвацца трэба – вясна выпісвае разнарадку на мноства важных палявых работ, якія чакаць не будуць. І адна з важнейшых з іх – сяўба збожжавых.

Механізатар Сяргей Кубліцкі (справа) і вадзіцель Уладзіслаў Варабей

Ужо па традыцыі, якая склалася за шмат гадоў, аднымі з першых у раёне пачы­наюць сеяць працаўнікі адкрытага акцыянернага таварыства «Нарачанскія зоры». Вось і сёлета яны не парушылі гэта правіла. У мінулы панядзелак, калі мы наведаліся ў гас­падарку, тут ужо была засеяна большая частка плошчаў, запланаваных пад раннія яравыя збожжавыя.

– Мінулай вясной у поле выйшлі рана – 12 сакавіка, – прыгадаў галоўны аграном гаспадаркі Віктар Драчылоўскі. – Сёлета ж надвор’е не тое, пачалі пазней – толькі 27 сакавіка. Вось і сёння (5 красавіка. — аўт.) такі сухавей, холадна. А каб жа дожджык ды цяпло… Ды нічога не зробіш, трэба працаваць у любых умовах. Вось і працуем. Усяго плануем заняць яравымі збожжавымі 540 гектараў, і сёння да вечара ужо трыста будзе.

Акрамя таго, расказаў Віктар Уладзіміравіч, на дзень нашай сустрэчы ў гаспадарцы было падкормлена 60 працэнтаў азімых, прыкладна столькі – свірэпіцы, палова – рапсу. Не так, як хацелася б, перазімавалі азімыя – там-сям вымерзла пшаніца. Яна, адзначыў вопытны аграном, культура далікатная, патрабуе асаблівых умоў. Не тое, што жыта, якое радуе вока дружнымі ўсходамі і яркай зелянінай.

Разам з Віктарам Дра­чылоўскім мы пабывалі на палях, дзе ў гэты дзень поўным ходам ішлі веснавыя работы. Як адзначыў галоўны аграном, сяўбу ў гаспадарцы на сваёй тэхніцы практычна «закрываюць» два вопытныя механізатары: Сяргей Кубліцкі і Іван Забрамскі.

Трактарыст Іван Забрамскі

У дзень нашага наведвання гаспадаркі мы сустрэліся з механізатарамі. Сяргей Кубліцкі на сваім МТЗ-3022 з пасяўным агрэгатам сеяў ячмень на палетку непадалёк ад вёскі Касічы; яго калега Іван Забрамскі на МТЗ-3522 з шыроказахопным агрэгатам айчыннай вытворчасці ля вёскі Падклённе рыхтаваў глебу пад сяўбу ячменю. Тут, на 35-гектарным полі ля Падклёння, было людна: яшчэ два трактары ўносілі ўгнаенні, а далей, на ўскрайку поля, працавалі памочнікі ад цэнтра занятасці – збіралі каменне.

Галоўны аграном Віктар Драчылоўскі (злева) і механізатар Сяргей Кезік

Яшчэ з адным механізатарам гаспадаркі мы сустрэліся ў гэты дзень – з Сяргеем Кезікам, які на трактары «Фэндт» сеяў аднагадовыя травы ля аграгарадка Нарач.

– Пятнаццаць гадоў трактару, а працуе, не падводзіць, – пракаменціраваў Віктар Драчылоўскі. – У многім дзякуючы, канешне, належнаму догляду тэхнікі механізатарам.

Характэрнае для гэтай адказнай веснавой пары ажыўленне назіралася ў «Нарачанскіх зорах» усюды, дзе давялося пабываць у гэты дзень. Звычайны веснавы дзень, які, як кажуць, год корміць. Тут радуюць вока роўненькія – дзе засеяныя, а дзе падрыхтаваныя прыняць насенне – палеткі; тэхніка і людзі, што старанна працуюць на новы ўраджай, які, верыцца, традыцыйна будзе дастойным. Урэшце, там, дзе працуюць прафесіяналы і гаспадары сваёй зямлі, інакш і не можа быць. А сюжэты занятых сваёй адвечнай справай аграрыяў заўсёды радуюць, усяляюць аптымізм і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 66 queries