Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У гаспадарках Вілейшчыны на 12 красавіка было пасеяна 4223 гектары ранніх яравых

У гаспадарках Вілейшчыны на 12 красавіка было пасеяна 4223 гектары ранніх яравых, зерневых і зернебабовых, што складае 50 працэнтаў ад запланаванага. На гэту дату ў ААТ «Нарачанскія зоры» сяўба набліжалася да завяршэння – было 90 працэнтаў
ад плана. 80 працэнтаў плошчаў ад запланаванага былі засеяны ў філіяле «Юнік-агра». У ААТ «Новая Вілія» на гэту дату было засеяна 29 працэнтаў да плана.

Такі знаёмы і актуальны для гэтай веснавой пары сюжэт: па раўнюткім полі снуюць магутныя трактары, выконваючы сваю адвечную справу: адны – рыхтуюць глебу, другія – сеюць, трэція – падкормліваюць. Звыклыя клопаты аграрыяў, адвечныя, як само жыццё…
Падобную карціну ўбачыла ў мінулы панядзелак у адкрытым акцыянерным таварыстве «Новая Вілія» – тут кіпела работа на полі непадалёк ад вёскі Фалькі. Глебу пад сяўбу рыхтаваў механізатар Алег Петрусевіч, а сеяў яго калега Андрэй Кавалевіч. На хвілінку прыпыніў пры дарозе магутны МТЗ-3022 Андрэй Іванавіч, каб штосьці пераправерыць у пасяўным агрэгаце, і я выкарыстала гэта, каб зрабіць фотаздымак ды запытаць у вопытнага механізатара, як ідзе сяўба.

– Усё нармальна, сёння сеем гарох, – расказаў Андрэй Кавалевіч. – Працуем, як кажуць, у штатным рэжыме, стараемся выкарыстоўваць кожную пагодлівую гадзіну. Галоўнае, каб не падводзіла тэхніка.

А каб так было, механізатар старанна адладжваў свой трактар, на якім працуе з 2011 года, перад выхадам у поле. Андрэй Іванавіч – з мясцовых, нарадзіўся і вырас у Селішчы. Яго бацькі і цяпер працуюць у гаспадарцы, і іх прыклад быў перад вачыма сына з дзяцінства. Таму і не шукаў хлопец шчасця ў свеце, а пасля вучылішча прыйшоў працаваць у сваю гаспадарку. Было гэта ў 2005 годзе, і за гэты час Андрэй не расчараваўся ў сваім выбары. Ён жыве адвечнымі клопатамі земляробаў і бачыць у гэтым сваё важнае прадназначэнне.

– Ну, вось і ўсё гатова, трэба працаваць, – завяршыў механізатар наш кароценькі дыя­лог, і магутны трактар з пасяўным агрэгатам, падымаючы клубы пылу, плаўна «паплыў» па полі.
Прыемная дэталь. Каб пасяўная ў гаспадарцы прайшла паспяхова, у пачатку яе механізатараў павіншавалі юныя ўдзельнікі аматарскага аб’яднання «Калейдаскоп» Вязынскага Дома культуры, якія наведаліся на мехдвор у Вязыні і павіншавалі механізатараў Аляксея Шмагарова, Андрэя Кавалевіча, Алега Петрусевіча, Уладзіміра Грыпініча, Юрыя Мычко, Юрыя Жука і загадчыка майстэрні Сяргея Нарэйку (на здымку). Музычны падарунак юных, безумоўна, натхніў працаўнікоў палёў на плённую працу.

Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 142 queries