Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Свята вёскі

Такую гучную назву насіла свята вёскі Каловічы, якое прайшло нядаўна ў гэтым населеным пункце. Вялікую работу правяла дырэктар Каловіцкага дома майстроў Тамара Бурко (з дапамогай, вядома ж, вельмі многіх людзей), каб свята было сапраўдным. Дата ж вунь якая значная – 420 гадоў Каловічам, таму вельмі хацелася Тамары Вітальеўне , каб азначыць яе сабраліся як мага болей тых, хто нарадзіўся ў гэтай вёсцы.

Свята адкрылі старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч, старшыня Любанскага сельскага Савета Ілля Глускі.
На імправізаванай пляцоўцы разгарнулася захапляльная дзея. Летапісец (у яго ролі ўдала выступіў Уладзімір Старадуб) пачаў гаворку з тае даўняе пары, калі ў летапісе Вілейшчыны ўпершыню ўпамінаецца вёска Каловічы. Доўгі час у 420 гадоў прайшла яна, і на гэтым адрэзку было ўсякае. Тры дзяўчыны – адна прадстаўляла Каловічы старажытныя, другая – вёску перыяду Вялікай Айчыннай вайны, а трэцяя – населены пункт дня сённяшняга – расказалі шматлікім прысутным пра доўгі і складаны, трывожны і шчаслівы гістарычны шлях вёскі. Людміла Ляшковіч распавяла пра першых жыхароў Каловічаў. Гэта былі людзі па прозвішчах Дубовік, Пыск, Рогач. А сама назва вёскі пайшла ці-то ад слова кол, ці-то ад – кола. Вядома, што першай уладальніцай тутэйшых зямель была Анастасія Мсціслаўская. Калісьці старастам губерні, у якую ўваходзілі Каловічы, быў пан Леў Сапега. У 1866 годзе ў вёсцы было адчынена народнае вучылішча, а ў 1938 годзе Каловічы сталі гмінай, у якую ўвайшлі 86 вёсак.
Вядучая Таццяна Наркевіч перанесла прысутных у значна пазнейшы перыяд – у гады ваеннага ліхалецця. 44 жыхары Каловічаў удзельнічалі ў ваенных дзеяннях, многія з іх назаўсёды засталіся на палях баёў. З асаблівай пашанай называліся іх прозвішчы, і здавалася, што ў гэты час суцішылі свой спеў, замерлі нават птушкі. А затым прагучалі і прозвішчы тых герояў, хто, прайшоўшы ваеннымі дарогамі, вярнуўся ў родную вёску, услаўляў яе мірнай працай.
Не менш цікавую старонку адгарнула перад прысутнымі вядучая Наталля Чарток. Яна расказала пра пасляваенны час і дайшла да сённяшняга дня вёскі. Першы старшыня калгаса «Шлях Ільіча», першыя бухгалтар, свінар, паляводы, даяркі, трактарысты – іх прозвішчы назаўсёды ў летапісе Каловічаў. Як і прозвішчы настаўнікаў, ваеннаслужачых, медыцынскіх работнікаў. Мае гэта зямля сваіх ардэнаносцаў (у прыватнасці, ордэна Знак Пашаны ўдастоена Соф’я Гулецкая), тут карані прафесара Аляксандра Смоліка, прарэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў Леаніда Пагуды, Аляксандра Смоліка, Аляксея Дубовіка, Віктара Новаша…
Падарункамі і цёплымі словамі віншаванняў былі адзначаны самыя старэйшыя і самыя юныя жыхары вёскі. А затым адна са старэйшых – Зінаіда Васільеўна Капцюг — перадала сімвалічны звітак-летапіс Надзечцы Палянскай. Няхай ведаюць юныя ўсё-усё пра мінуўшчыну свайго краю.
Доўга і весела святкавалі Каловічы. І, як падзялілася пасля жыхарка Порсы Алена Сідараўна Лаўрыновіч, было вельмі цікава. «Дзякуй вялікі за такую аддушыну Тамары Бурко – гэта яна арганізавала свята», – выказала пажаданне многіх жанчына.
А дырэктар дома майстроў, у сваю чаргу, шчыра падзякавала ўсім, хто дапамог у правядзенні мерапрыемства. Не было б свята без спонсараў (а імі выступілі старшыня СВК «Новая Любанія» Юрый Дуброўскі, старшыня сельвыканкама Ілля Глускі, ІП Уладзімір Федаровіч, намеснік дырэктара Любанскай сельгаскампаніі Анатоль Сівец, начальнік службы бяспекі і рэжыму ААТ «Электрыкбуд» Аляксандр Смолік); без дапамогі супрацоўнікаў райвыканкама (у прыватнасці, аддзела культуры, жыллёва-камунальнага), бібліятэкі. Дапамаглі і вяскоўцы, дарослыя і дзеці. Іх, нашу змену, хацелася б адзначыць асабліва. Гэта Жэня Мядзелька, Лёша Ляошка, Максім Гулецкі, Улада Петух, Аня Баслык, Лёша Гулецкі, Дзіма Альфер, Жэня Багданаў, Таня Макарэвіч, Саша і Аня Сюдакі, Карына Казакевіч. Вельмі пастараліся супрацоўнікі раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці, прыезджыя з іншых куточкаў Вілейшчыны артысты. І атрымалася цудоўнае свята.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 168 queries