У гэтым прызнаецца перадавая цялятніца МТФ «Касічы» ААТ «Нарачанскія зоры» Галіна Сарока, якая тры дзясяткі гадоў адпрацавала ў культуры.
Непрадказальныя шляхі, якімі людзям наканавана прайсці. Выходзячы ў самастойнае жыццё, прыктычна кожны ведае, чым хоча займацца, якую прафесію будзе выбіраць. У адных усё атрымліваецца адразу і з самага пачатку; у другіх жыццёвы шлях да мэты няпросты і пакручасты; да трэціх, здараецца, праз многія гады прыходзіць усведамленне таго, якую справу трэба было выбраць. І выбіраюць, пачынаючы ўсё з чыстага ліста ўжо не ў юным узросце, знаходзячы асалоду і сэнс у нечым новым.
Менавіта да тых, хто не баіцца памяняць сваё жыццё карэнным чынам, адносіцца і Галіна Сарока, пра якую хочацца расказаць. Яна магла б знайсці сябе на Урале, дзе нарадзілася і некалькі гадоў пражыла, але бацькоў – беларусаў па нацыянальнасці – пацягнула на радзіму. Так сям’я прыехала на Вілейшчыну, у Балашы. Тут і прайшло дзяцінства і юнацтва Галіны. Сям’я была шматдзетнай, таму, як і ўсім вясковым хлопчыкам і дзяўчынкам, Галі і яе братам ды сёстрам даводзілася дапамагаць бацькам па гаспадарцы. Ужо тады, у дзяцінстве, дзяўчынка ўсёй душой цягнулася да хатняй жывёлы, якую даглядала з асаблівай любоўю. Відаць, гэта быў знак, якога, на жаль, ці не заўважылі, ці не надалі яму асаблівай увагі.
– А будучае вырашыла звязаць з культурай, паступіўшы ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, – расказала пра сябе Галіна Рыгораўна. – За маімі плячыма – трыццаць тры гады працы ў культуры. Была і загадчыцай клуба, і бібліятэкарам. Мне цікава было працаваць з моладдзю, жыць яе інтарэсамі. І свае ж дочкі падрасталі, хацелася, каб ім і іх сябрам было цікава. Бывала, дыскатэкі ладзіліся ў клубе амаль да раніцы, моладзь адпачывае, танцуе, а я таксама тут, бо трэба ж сачыць за парадкам.
На маё пытанне, як трапіла з Балашоў у Ярмолічы, што непадалёк ад Нарочы, Галіна Рыгораўна адказала з усмешкай:
– Можна сказаць, выпадкова. Каб не тое вяселле ў Балашах, дык і не сустрэліся б мы з Валерам… А справа ў тым, што ён быў сведкам на тым вяселлі. Ну і пазнаёміліся. Потым перапісваліся, ён на сваім «Усходзе» прыязджаў да мяне. Пазней пажаніліся і пачалі жыць у Ярмолічах, у бацькоўскім доме Валеры. Тут нарадзіліся і выраслі дзве нашы дачкі – Аксана і Анжэла, сюды зараз прыязджаюць нашы любімыя ўнукі. А іх маем пяцёра. Па святах, калі збіраемся ўсе разам, дык цэлае застолле атрымліваецца.
Мы гутарылі з Галінай Рыгораўнай на ўтульнай тэрыторыі малочнатаварнай фермы «Касічы» ААТ «Нарачанскія зоры», дзе жанчына зараз працуе. Пяць гадоў назад, толькі выйшаўшы на заслужаны адпачынак, вырашыла яна прыйсці сюды і ні аднаго разу не пашкадавала аб гэтым выбары.
– Сказаць шчыра, дочкі спачатку адгаворвалі, маўляў, навошта табе гэта – з культработнікаў да на ферму, – дзеліцца жанчына. – Але я настаяла на сваім. І шкадую толькі аб адным: што не прыйшла на ферму і раней. Да працы з жывёлай мне не прывыкаць, у нас заўсёды была і цяпер ёсць шматлікая жыўнасць на падворку. Ды і люблю я жывёлу, з самага дзяцінства люблю…
І гэту сваю якасць Галіна Рыгораўна перадала і дзецям ды ўнукам. Зараз на ферме поруч з маці працуе яе малодшая дачка, Анжэла Ластачкіна. У сваім жыцці маладая жанчына папрацавала і прадаўцом, і культработнікам, і нават таксістам. Ды ўсё гэта, адчувала, было не па ёй. А тут на ферме якраз пабудавалі новы цялятнік, і брыгадзір жывёлагадоўлі Галіна Дзедзюль неяк прапанавала перадавой цялятніцы: «Можа, твая Анжэла пайшла б да нас?» Падумалі-абмеркавалі на сямейнай радзе і прынялі рашэнне: а чаму б і не? Зараз Анжэла працуе цялятніцай і з любоўю расказвае пра сваіх гадаванцаў, якіх любіць усёй душой.
– Ды яна ў нас з дзевяці гадоў ездзіла вярхом на кані, даглядала жывёлу, – расказала пра дачку маці. – Працаваць тут ёй па душы.
Яшчэ адной прадстаўніцай працавітай дынастыі стала і дачка Анжэлы, Ліза. Дзяўчына вучыцца ў каледжы на цырульніка ды швачку, а цяпер, у час летніх канікулаў, падмяняе цялятніц, якія ідуць у адпачынак. Сядзець без справы – не ў характары Лізы, ды і грошы, заробленыя самастойна, дзяўчыне будуць дарэчы. Ужо намеціла нават, на што іх патраціць. Як і бабуля з мамай, дзяўчына з любоўю расказала і з задавальненнем паказала цялятак, якіх так любіць.
Ліза падзялілася, што ў кожнага з гадаванцаў – свая мянушка, за якой – нейкая гісторыя. Ёсць на ферме Пакемон і Прыгажун, Малыш і нават… Бабнік, якіх з любоўю, як дзетак, даглядаюць цялятніцы.
Да нашай размовы далучылася непасрэдны кіраўнік маіх суразмоўцаў – брыгадзір жывёлагадоўлі фермы «Касічы» Галіна Дзедзюль. Гэта пад яе кіраўніцтвам калектыў фермы дасягае высокіх поспехаў у працы. А яшчэ тут вялікая ўвага надаецца добраўпарадкаванню тэрыторыі, якая радуе вока мноствам кветак і архітэктурных форм. Працаўніцы сваімі рукамі зрабілі на тэрыторыі клумбы, высаджваюць і даглядаюць кветкі. Тут ў засені дрэў можна адпачыць у вольную хвілінку на зручных лавачках за столікам, а з нядаўняга часу на тэрыторыі з’явілася і альтанка, уваход у якую ўпрыгожылі пышныя пятуніі. Усё гэта – праца нястомных рук і фантазіі кіраўніка і працаўніц фермы, сярод якіх, бадай што, галоўным ландшафтным дызайнерам якраз і з’яўляецца Галіна Сарока.
– Люблю кветкі, – згаджаецца жанчына. – Дома яны ў мяне нават у цяпліцы… Муж ужо неяк сказаў, што бульбы на ўчастку ў нас не будзе – засеем кветкамі…
Шчырай і цёплай атрымалася размова з працавітай дынастыяй. Гаварылі пра рознае: жыццё на вёсцы, якое мае суразмоўцы не прамяняюць на гарадское; пра вучобу; сямейныя каштоўнасці. Дачка і ўнучка з любоўю адзначалі не толькі працавітасць маці і бабулі, але і яе гасціннасць, сапраўдны кулінарны талент (ён, дарэчы, перадаўся і дочкам з унучкамі), гаспадарлівасць, адказнасць. Напрыканцы размовы мы падышлі да цялятнікаў, і мае суразмоўцы згадзіліся сфатаграфавацца з забаўнымі цяляткамі, якія даверліва цягнуліся да сваіх гаспадынь. Гледзячы на гэта, я міжволі падумала, што і малодшая з дынастыі, Ліза, наўрад ці будзе цырульнікам ці швачкай – хутчэй за ўсё, як і бабулю з мамай, яе пакліча ферма.
Ірына БУДЗЬКО/Фота аўтара