Прафесійная дзейнасць – неад’емная частка жыцця сучаснага чалавека. Ад таго, наколькі паспяхова складваецца прафесійная кар’ера, залежыць не толькі задаволенасць асобы сваім жыццём, але і яе гарманічнае развіццё.
На прафесійнае развіццё асобы ў значнай ступені ўплываюць першыя гады працы, малады спецыяліст актыўна ўключаецца ў сістэму прафесійных і сацыяльна-псіхалагічных адносін унутры арганізацыі, засвойвае новыя нормы і каштоўнасці, узгадняе сваю індывідуальную пазіцыю з мэтамі і задачамі дзейнасці ўсяго калектыву.
Не меншы ўплыў на паспяховасць прафесійнай адаптацыі маладога педагога аказваюць арганізацыйныя фактары. У сувязі з гэтым адміністрацыя, метадычная служба ўстановы адукацыі павінны імкнуцца арганізаваць умовы прафесійнага развіцця такім чынам, каб выкладчык паспяхова адаптаваўся ў калектыве і замацаваўся ў ім на доўгі час.
Праца з маладымі спецыялістамі, а таксама з педагогамі, якія нядаўна прыбылі, ва ўстанове адукацыі «Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж» традыцыйна з’яўляецца адным з самых важных складаемых метадычнай работы.
Пачынаючы самастойную дзейнасць, педагогі высвятляюць, які вялікі аб’ём працы ім трэба будзе выканаць у найкарацейшыя тэрміны: скласці вучэбна-метадычныя комплексы па выкладаемых дысцыплінах, падрыхтаваць распрацоўкі заняткаў для розных груп, заняць статуснае становішча ў калектыве, наладзіць адносіны з навучэнцамі, калегамі, адміністрацыяй, бацькамі.
І тут на дапамогу ім прыходзіць створаная ў каледжы сістэма настаўніцтва. Яна ўключае ў сябе творчую лабараторыю маладых выкладчыкаў, настаўнікаў, адміністрацыю, старшыняў цыклавых камісій. Гнуткая і мабільная сістэма настаўніцтва – гэта адна з найбольш эфектыўных формаў прафесійнай адаптацыі, якая здольная аптымізаваць працэс павышэння прафесійнай кампетэнтнасці маладога выкладчыка, сфармаваць у яго матывацыі да самаўдасканалення, самаразвіцця, самарэалізацыі.
У каледжы паспяхова дзейнічае Школа маладога педагога, удзельнікамі якой з’яўляюцца пачаткоўцы-выкладчыкі і педагогі-настаўнікі. Заняткі праходзяць штомесяц, з’яўляюцца разнастайнымі па форме арганізацыі і па змесце. У бягучым навучальным годзе ў нашай установе адукацыі ажыццяўляюць дзейнасць шэсць пачынаючых выкладчыкаў: Дыба П. М., Маскалевіч К. І., Кавалеўская В. О., Чыркевіч І. Г., Дударчык Д. Л., Калядка Т. С., якім дапамагаюць пазнаваць усе мудрасці педагагічнага майстэрства педагогі-настаўнікі Захарэвіч В. Г., Шамоніна А. і., Кучко А. М., Мількота В. П., Альшук Я. Ф., Панятоўская А. В. Усе педагогі-настаўнікі маюць не толькі вышэйшую або першую кваліфікацыйныя катэгорыі выкладчыкаў, яны з’яўляюцца сапраўднымі прафесіяналамі, спецыялістамі аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці Беларусі.
На занятках Школы маладога педагога разглядаюцца як тэарэтычныя, так і практычныя пытанні, якія хвалююць педагогаў, па якіх ім неабходная дапамога, разыгрываюцца педагагічныя сітуацыі, праводзяцца трэнінгі.
Неацэнную метадычную дапамогу атрымліваюць маладыя спецыялісты, удзельнічаючы ў працы семінараў, педагагічных саветаў, майстар-класаў. Семінары і педагагічныя саветы праходзяць у актыўнай форме, пачаткоўцы- педагогі з цікавасцю ўдзельнічаюць у ролевых гульнях, дыскусіях, круглых сталах: «Мой найлепшы занятак», «Інтэрактыўныя метады навучання і выхавання», «Сучаснае ў педагогіцы».
Па пытаннях фарміравання педагагічных кампетэнцый праводзяцца семінары, тэсціраванне. Сумесна з настаўнікам малады педагог аналізуе свой узровень прафесійных кампетэнцый і вызначае сваю далейшую самаадукацыйную дзейнасць.
Да ўдзелу ў рабоце з маладымі кадрамі ў каледж запрашаюцца прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады, навукоўцы, духавенства.
У працы з маладымі спецыялістамі па іх прафесійным станаўленні дапамагаюць розныя памяткі: патрабаванні да сучаснага навучальнага занятку; аналіз і самааналіз вучэбнага занятка; арганізацыя работы з бацькамі; актыўныя формы навучання; патрабаванні да вядзення часопіса навучальных заняткаў.
Важным момантам у адаптацыі маладых спецыялістаў з’яўляецца прыцягненне іх да грамадскага жыцця ў рамках адукацыйнай дзейнасці каледжа, дзейнасці прафсаюзнага камітэта. Зносіны ў нефармальнай абстаноўцы спрыяюць больш хуткаму ўсталяванню дзелавых і сяброўскіх кантактаў з членамі педагагічнага калектыву, адбываецца знаёмства з традыцыямі ўстановы адукацыі, нормамі жыцця, каштоўнаснымі арыентацыямі і яе дзейнасцю. Сумесная творчая дзейнасць – гэта самы прадуктыўны стыль педагагічнага зносін.
Штогод у канцы навучальнага года педагогі-настаўнікі сумесна з маладымі выкладчыкамі прадстаўляюць творчую справаздачу аб выкананні плана настаўніцтва. Маладыя выкладчыкі атрымліваюць граматы і падзячныя лісты ад адміністрацыі каледжа за педагагічны дэбют. Усё гэта дазваляе павысіць матывацыю пачынаючых выкладчыкаў да педагагічнай дзейнасці. Мы з задавальненнем адзначаем, што тыя маладыя выкладчыкі, якія прыходзяць да нас ва ўстанову адукацыі, становяцца сапраўднымі спецыялістамі і застаюцца вернымі сваёй прафесіі. Гэта дае падставу лічыць, што, працуючы з маладымі педагогамі, мы на правільным шляху.
Таццяна БУСЛАЎСКАЯ, загадчык метадычнага кабінета Ільянскага дзяржаўнага
аграрнага каледжа