Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

На тэрыторыі Вязынскай школы пасаджана 56 пладовых дрэўцаў

Удзел у месячніку па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый прымаюць і працоўныя калектывы, і жыхары рэгіёна. Прыбіраюцца ад асенняй лістоты, сухой травы і смецця тэрыторыі ў населеных пунктах, прыдарожныя тэрыторыі, ліквідуюцца несанкцыянаваныя звалкі, высаджваюцца дрэвы і кусты… Робіцца многае для таго, каб наша малая радзіма была не проста прыгажэйшай, але і каб аздаравіць навакольнае асяроддзе, у якім мы жывём.

У мінулы чацвер кіпела работа на тэрыторыі Вязынскай школы – тут у рамках месячніка па навядзенні парадку на зямлі пасаджаны 56 пладовых дрэўцаў. Іх высаджвалі дружнай камандай, у якой былі работнікі сельсавета пад кіраўніцтвам старшыні Ігара Судніковіча, вучні, настаўнікі і тэхработнікі школы, дэпутаты, мясцовыя культработнікі. У важнай справе ўдзельнічала і былая настаўніца Валянціна Пятроўна Бубневіч, якая, дарэчы, у свой час падняла пытанне пасадкі сада. Калісьці ў Вязыні быў вялікі сад, які чамусьці некаму не спадабаўся, і яго поўнасцю высеклі.

– Высеч высеклі, а вось новы пасадзіць не падумалі, – разважае Валянціна Пятроўна. – Чаму? Гэтае пытанне разам з іншымі я задала неяк падчас прыёму грамадзян старшыні райвыканкама Алегу Бегунцу. Не пры ім той сад высякаўся, але ён уважліва выслухаў і падтрымаў маю прапанову: так, трэба пасадзіць у Вязыні новы сад. Абмеркавалі пасля мы, дзе яго пасадзіць, і прыйшлі да высновы, што найлепей будзе на школьнай тэрыторыі. Тут дрэўцы пад наглядам вучняў, якія некалі будуць ласавацца смачнымі і карыснымі пладамі.

Калісьці, прыгадала Валян­ціна Пятроўна, калі яна працавала ў школе, то разам з дзецьмі збіралі яблыкі ў колішнім садзе і клалі іх у скрынку ў школе. На перапынках кожны з дзетак меў магчымасць з’есці яблык-другі, папярэдне яго памыўшы. І гэта было добра для вучняў, бо не ў кожнага ж дома былі яблыні… Карацей, добрую і карысную справу зрабілі ў Вязыні, паса­дзіўшы сад. Дарэчы, як адз­начыла жанчына, работа была добра арганізавана, і ў гэтым вялікая заслуга старшыні сельвыканкама, які быў, бадай, самым актыўным і па-гаспадарску рабіў справу.

– Працавалі з добрым настроем, надвор’е нам спрыяла, што таксама немалаважна, – падзяліўся старшыня сельсавета Ігар Судніковіч. – Дрэўцы, усе 56 штук, нам паставіла БМУ-5, якое у нас праводзіла работы і такім чынам заплаціла за парушэнне расліннага слоя глебы. Працавалі старанна, а Валянціна Пятроўна Бубневіч падвязвала дрэўцы. Час праляцеў непрыкметна, і ўсе засталіся задаволенымі ад сумесна зробленай справы.
Справы важнай і карыснай, бо сад – для ўсіх і на дзесяцігоддзі. Няхай набіраюцца сіл, цягнуцца да сонца яблынькі!

Ірына БУДЗЬКО/Фота прадстаўлена Вязынскай школай

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries