Даўно гэта было ці нядаўна, у нейкім царстве ці ў звычайным невялічкім гарадку, але гісторыя наша дакладна была. Паслухайце яе і, можа, вы ўспомніце штосьці падобнае.
Жылі-былі дзве сяброўкі. Галіна і Ірына. Жылі яны дружна, ніколі не сварыліся, заўсёды выручалі адна адну. І вось здарылася бяда: захварэла Галіна. А каб вылечыцца, ёй неабходна было заварваць і піць на працягу месяца чай са спецыяльнай травы горнай мяты. Засумавала Ірына без сяброўкі, але часу нельга было губляць. Яна вырашыла дапамагчы сваёй сяброўцы і выправілася ў чужую горную краіну. З сабой Ірынка мела толькі кошычак для цуда-травы. Ішла яна дзень, ішла другі. Вельмі стамілася дзяўчынка, а травы горнай мяты яшчэ не бачыла. I вось на трэці дзень сустрэла Ірына зайчыка, які трапіў у пастку. Ірынка была вельмі суперажывальная дзяўчынка, яна дапамагла зайчыку вызваліцца. Аказалася, што гэта не звычайны зайчык, а чарадзейны: ён мог гаварыць на мове людзей.
Паглядзеўшы на сумны Ірынчын твар, зайчык адразу запытаўся:
– Што з табой такое здарылася? Чым я магу дапамагчы?
– У мяне лепшая сяброўка захварэла, і, каб яна паправілася, мне трэба знайсці траву горнай мяты, – адказала Ірына.
– Ты мяне выручыла з бяды, і я табе дапамагу, не бядуй. Усё будзе добра. Хутка будзе зусім цёмна, па гэтаму давай адпачнём у маёй нары, а заўтра разам выправімся ў дарогу. Я ведаю, дзе расце гэта трава, мне мая матуля-зайчыха заварвала такі чай у дзяцінстве, калі я занямог.
Назаўтра зайчык з Ірынай адправіўся ў горы за цудадзейнай травой. Шлях іх быў доўгім і складаным. Здавалася, што ужо няма сіл, што дарога такая няроўная, а вакол столькі нейкіх страшных горных істот. Але нягледзячы на ўсе цяжкасці і перашкоды, яны нарэшце дабраліся да патрэбнага месца. Прыйшоўшы туды, яны з цікавасцю назіралі за рознымі дзівоснымі раслінамі, якія зіхацелі ўсімі колерамі вясёлкі. Гэта і крышталёвы рамонак з залатой сярэдзінкай, і бурштынавы дзьмухавец, і брыльянтавы васілёк. Асабліва Ірынку ўразіла вогненная ружа, якая гарэла полымем ярчэй за астатнія кветкі. Праз некалькі хвілін зайчык паказаў дзяўчынцы незвычайнай прыгажосці траву, пах ад якой разносіўся па ўсёй мясцовасці. Гэта была трава горнай мяты. Яны хуценька назбіралі яе ў свае кошыкі. Затым паспяшылі дамоў. Зайчык вывеў Ірынку з зачараванай мясцовасці, і яна апынулася дома.
Вярнуўшыся, Ірына адразу заварыла чай з горнай мятай для Галіны. Нават пасля першага глытка Галіна адчула палёгку. Яна падзякавала сваёй сяброўцы за тое, што тая не кінула яе ў бядзе. Праз некалькі дзён Галіна магла ўжо ўставаць з ложка, а праз некалькі тыдняў ад хваробы не засталося і сляда. Стаўшы на ногі, Галіна сама спякла смачны пірог для сваёй сяброўкі. У госці да іх прыйшоў і зайчык. Пасля гэтага выпадку Галіна больш ніколі не хварэла, а са сваёй сяброўкай ніколі не сварылася, разам яны праводзілі ўвесь свой вольны час.
Сяброўства робіць сапраўдныя цуды.
Марыя КАСУШКІНА,
Анастасія САБІНІЧ,
вучаніцы 5 «Б» класа АСШ №3
Жыццёвая казка
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ







