Снежань у мінулыя выхадныя поўнасцю апраўдаў сваю назву. Усю суботу кружыла завіруха. І ў нядзелю, дзень выбараў, яна час ад часу налятала гарэзнай свавольніцай. Але пратаптаныя сцежкі да выбарчых участкаў не паспявала замесці снегам. Настолькі шчыльным быў паток людзей, якія спяшаліся выканаць свой грамадзянскі абавязак.
Абстаноўка – урачыста-святочная. Яна панавала на ўсіх выбарчых участках. Яе стваралі дзяржаўная атрыбутыка, кветкавыя кампазіцыі, музыка. Камісіі пастараліся, каб фон, на якім праходзіла галасаванне, ствараў адпаведны настрой у электарата. Але большасць з такім ужо прыходзіла.
– У сям’і была размова, за каго будзем галасаваць, – дзеліцца Аляксандр Даўгучыц, які працуе вартаўніком у СВК «Нарачанскія зоры». – Я сказаў, што буду за Лукашэнку: жыццё наша стабільнае, ведаем, што заўтра будзе. За будучае ўнукаў спакойны.
Сын Даўгучыца – таксама Аляксандр, – механізатар СВК. Даводзілася сустракацца з ім на палях сельгаскааператыва. Чацвёра дзетак растуць у яго сям’і. А калі жанчына не асцерагаецца нараджаць, значыць, яна ўпэўнена ў стабільнасці свайго матэрыяльнага дабрабыту, які дапаможа ёй усіх дзяцей паставіць на ногі, выхаваць працавітымі і ўдзячнымі бацькам за клопат.
– Калі чалавек працавіты, усё будзе мець, – рэзюміруе Аляксандр Даўгучыц ужо на ганку адміністрацыйнага будынка Нарачанскага сельсавета, дзе праходзіць галасаванне. Прывітальным поціскам рукі ён абменьваецца з будаўніком сельгаскааператыва Алегам Баўтрукевічам, які ўслед
заходзіць на выбарчы ўчастак. У камісіі сёння святочная падзея мясцовага значэння. Адна з яе членаў – Аксана Тумаш адзначае дзень нараджэння. Такім супадзеннем, яна лічыць, ёй яшчэ больш запомніцца гэта нядзеля.
Ігар Кір’янаў, ветурач-тэрапеўт, прыйшоў галасаваць з дачкой Анастасіяй. Мілая і абаяльная, яна з задавальненнем глянула ў аб’ектыў фотаапарата. І той зафіксаваў для нашых чытачоў гэту светлую дзявочую ўсмешку.
Людзі па-рознаму рэагуюць на магчымасць падзяліцца думкамі з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі. Хтосьці кідае некалькі слоў на хаду, спяшаючыся па неадкладных справах, якія і ў выхадны могуць быць. А хтосьці сам імкнецца да дыялогу, раскрываючы сябе ў нечакана кідкім індывідуальным ракурсе. Як, напрыклад, Ларыса Аляксееўна Сліжэўская. З ёю мы сутыкнуліся на
ганку Любанскага выбарчага ўчастка. Жанчына ўжо прагаласавала. Затрымалася на прыступках, задумна ўглядаючыся ў каларытны зімовы ўбор акаляючых ялін. Мы гутарылі аб тым, што маем сёння, адначасова кідаючы позірк у тое, што было калісьці, што перажыта, але не згубілася за завесай часу. Не наканавана нам незваротна страціць тое, што некалі складала сэнс нашага жыцця. Ларыса Аляксееўна – настаўніца рускай мовы і літаратуры. У яе, карэннай беларускі, чыста рускі акцэнт, прыгожая літаратурная мова. Мая суразмоўца скончыла калісьці Полацкае педагагічнае вучылішча: «Раніцой здала выпускныя экзамены, а днём – уступныя – у інстытут». Вышэйшую адукацыю атрымоўвала ў Вялікіх Луках. Настаўнічала на Мядзельшчыне. Але большую частку свайго жыцця адпрацавала ў Любанскай сярэдняй школе. Тут, кажа, яна атрымала сапраўдную сяброўскую падтрымку калег, калі давялося перажыць незваротныя страты. Тут і радасць агортвала вялікая, калі бачыла, як словы яе адгукаюцца ў сэрцах вучняў, як мужнеюць падлеткі, як смела ірвуцца са школьных сцен у вялікае жыццё. Іх поспехі – гэта тая самарэалізацыя, да якой імкнецца кожны паважаючы сябе настаўнік.
Ларыса Аляксееўна, хоць і на пенсіі, цікавасці да жыцця не губляе. Памятае саўгас «Любань» у гады яго найбольшага росквіту. Пасля гаспадарка перажыла нямала цяжкасцей. Але сёння ў сельгаскааператыве «Новая Любанія» навідавоку добрыя зрухі. І гэта акалічнасць радуе сэрца маёй суразмоўцы, якая сёння і аддала голас за выразную перспектыву развіцця краіны, гаспадаркі, сваёй сям’і.
Альберціна Багдановіч, старшыня ўчастковай выбарчай камісіі, таксама канстатуе высокую актыўнасць выбаршчыкаў. Дзве гадзіны прайшлі ад пачатку галасавання, а яўка дабіраецца ўжо да паловы іх агульнай колькасці, занатаванай у спісах.
Гідрабудаўнічы выбарчы ўчастак №5 – адзін з буйнейшых у горадзе. Размешчаны ў адміністрацыйным будынку ПМК-88. Побач – буфет і палатка з духмянымі шашлыкамі. Гандлюючыя кропкі таксама не пакутуюць ад недахопу наведвальнікаў: хто прагаласаваў, карыстаюцца выпадкам прыдбаць тое-сёе на святочны стол. Не за гарамі – каляды і Новы год. Ды і кашалькі ў людзей не пустыя… А напрыканцы года прыкметна патаўсцелі з выпадку павышэння заработнай платы і пенсій. Таццяна і Аляксей Крэмза ў добрым настроі зайшлі на выбарчы ўчастак.
У дзень галасавання прыемна было бачыць такія маладыя пары, якія ўжо заклалі трывалую матэрыяльную аснову пад свой сямейны дабрабыт, шчаслівыя сваім узаемным пачуццём і не лічаць неабходным хаваць ад іншых святло кахання, якое выпраменьваюць іх душы.
Нашы выбары выклікалі цікавасць у сусветнай грамадскасці. Яна зразумелая. Маленькая краіна пад назваю Беларусь набывае статус феномена, і з ёю не тое, што лічыцца, а маюць гонарам усталёўваць сяброўскія кантакты і эканамічныя сувязі. Гэта мы ў час глабальнага сусветнага крызісу не збавілі тэмпаў развіцця і нават змаглі павялічыць валавы ўнутраны прадукт. Беларусь палепшыла паказчык індэксу чалавечага патэнцыялу і пазіцыяніруе сябе як самадастатковая краіна, з якой бяспечна і надзейна супрацоўнічаць. Пільнай увагаю да Беларусі пазначана і шырокае прадстаўніцтва замежных наглядальнікаў на выбарах у Вілейскім раёне. Аўтару гэтых радкоў давялося назіраць за работай прадстаўнікоў СНД, разам з імі наведваць выбарчыя ўчасткі, выслухоўваць іх адназначна добразычлівыя каментарыі. Адносна і ходу галасавання, і тых станоўчых момантаў развіцця, якія яны заўважылі нават у час свайго кароткага візіту.
Ігар Халін і Алег Коласаў прыляцелі з Цюменскай вобласці. Іх гасцінна прымалі на заводзе будаўнічых дэталей. Прадукцыя прадпрыемства зацікавіла расіян не толькі сучасным дызайнам і практычнасцю, але і дастаткова нізкімі, на іх погляд, цэнамі. Яны не выключаюць, што пасля іх прыбыцця ў Цюмень, вырабамі ААТ «Буддэталі» зацікавяцца мясцовыя камерцыйныя структуры. Ацанілі госці і ўнікальны энергетычны аб’ект горада – Міні-ТЭЦ, зазначыўшы, што падобных аналагаў Цюменшчына пакуль не мае, робячы стаўку на іншыя энэрганосьбіты, хоць драўнінных рэсурсаў у вобласці таксама хапае. Можна спадзявацца, што ў кватэрах цюменцаў з’явіцца некалі і элітная мэбля вілейскай фабрыкі, паколькі госці захапілі з сабою рэкламныя праспекты гэтага ўжо шырока вядомага на расійскім рынку прадпрыемства. Наглядальнікі пабывалі на некалькіх выбарчых участках у горадзе і раёне. Па вартасці ацанілі добразычлівую, спакойную атмасферу, якая там панавала. І… нават паспрабавалі размаўляць па-беларуску. Мілагучнасць нашай мовы яны ацанілі, пачуўшы «Зорку Венеру» Максіма Багдановіча, якую ім у час экскурсіі па Мінску прадэкламавала ўлюбёная ў беларускую класіку экскурсавод.
Добрае ўражанне пакінула сустрэча і з наглядальнікамі ад парламента Украіны, народнымі дэпутатамі Юрыем Гайдаевым і Уладзімірам Даніленкам.
– Былі на пяці ўчастках. Парушэнняў не заўважылі. Выбары праходзяць арганізавана, дэмакратычна. Няма мітусні. Кожны з камісіі заняты сваёй справай – такі вывад зрабілі ўкраінскія парламентарыі.
За работай выбарчых участкаў назіралі таксама прадстаўнікі місіі АБСЕ, вылучаныя ЗША, Польшай, Грузіяй і Літвой, і незалежны наглядальнік ад Турцыі.
Калі думала над вывадамі, якія можна было б зрабіць з усяго сказанага вышэй, у кабінет зайшла Клаўдзія Дубовік, вядомая наша паэтка. На стол леглі вершаваныя радкі, створаныя, як кажуць, на адным дыханні ў прайшоўшую пасля галасавання
ноч. Яны прысвячаюцца нашаму Прэзідэнту.
Поверив в очевидное, народ,
За сильным лишь на правое пойдёт.
И в подтвержденье этому есть день,
Когда мы опустили бюллетень.
З перамогай цябе, квітнеючая Беларусь!
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара







