Зусім нядаўна пры дапамозе штучнага інтэлекту пад назвай “Nano Banana” з’явілася магчымасць расфарбаваць старыя фотаздымкі з гістарычнай дакладнасцю. З гэтай нагоды прапаноўваем вам паглядзець на каляровыя фотаздымкі нашага горада 100-гадовай даўніны, каб даведацца, як тады выглядалі нашы вуліцы.
Пачнем з страчанай спадчыны нашага горада: Свята-Георгіеўская царква, якая знаходзілася на месцы цяперашняга ўнівермага “Меркурый”. Першапачаткова гэта павінен быў быць касцёл, урачыстая закладка падмуркаў якога адбылася яшчэ ў верасні 1861 года, але гісторыя рэзка павярнула ў іншы бок. Няскончаны будынак быў забраны ў каталіцкай парафіі ў пакаранне за паўстанне 1863-64 гадоў і пераданы праваслаўным. Ужо ў 1874 годзе храм асвяцілі ў імя велікамучаніка Георгія Пераможца (у памяць пра першую вілейскую царкву на цяперашняй плошчы Свабоды). Падчас вызвалення горада ў 1944 г. храм быў моцна пашкоджаны, а таму было прынята рашэнне яго канчаткова разбурыць. На фотаздымку вы можаце пабачыць, наколькі вялікім ён быў ў свой час ў параўнанні з іншымі пабудовамі тагачаснай Вілейкі. Адметна, што зялёны колер даху меў тады і іншы праваслаўны храм горада.

Неад’емнай часткай цяперашняга выгляду Вілейкі з’яўляюцца Касцёл Уздвіжання Святога Крыжа і Царква прападобнай Марыі Егіпецкай, якія вось ужо болей за сто гадоў суседнічаюць на галоўнай плошчы горада. Царква была падараваная гораду ў 1865 расійскім чыноўнікам Апалонам Рэдкіным, які сам папрасіў асвяціць новы храм у гонар хрысціянскай святой 5-га стагоддзя. Дарэчы, і дасёння гэта адзіны храм у яе гонар на ўсю Беларусь.

Касцёл у нас з’явіўся трохі пазней, у 1910 годзе, дзякуючы намаганням вернікаў, фундацыі пана Аляксандра Любанскага і іншых уплывовых людзей Вілейшчыны. Дагэтуль каталікі Вілейкі не мелі свайго храма і маліліся ў невялікай драўлянай каплічцы. За апошнія сто гадоў, пад уплывам часу, быў заменены матэрыял пакрыцця даху, што надало святыням трошкі іншы выгляд. Як яны выглядалі раней, можаце пабачыць на фотаздымках.

Пяройдзем да самай каларытнай вуліцы нашага горада – Савецкай. Традыцыйна вуліца называлася “Вялікай” ці “Мінскай”, а таксама “ад царквы да двара”, бо вяла ад самага першага гарадскога храма да рэзідэнцыі старасты. У розныя гістарычныя перыяды на гэтай вуліцы было актыўнае грамадскае жыццё: працавалі шынкі і цырульні, дробныя крамы і аптэкі, часцяком праводзіліся кірмашы, на якія з’язджаліся людзі з усяго вілейскага наваколлля. Па вуліцы Савецкай месцілася самая першая ў Вілейцы гімназія, якая ў міжваенны перыяд лічылася вельмі прэстыжнай – там выкладаў нават Уладзіслаў Страмінскі – заснавальнік плыні “унізму” ў мастацтве. Вяртаючыся да тэмы фотаздымкаў, нельга не ўзгадаць першага вілейскага фатографа Берку Бермана, які таксама жыў на гэтай вуліцы. Дзякуючы яму мы маем каштоўныя для нас фатаздымкі Вілейкі ў міжваенны перыяд. Падчас разліваў Віліі вуліцу неаднойчы залівала вадой, што ператварала яе ў сапраўдную Венецыю: месцічы перасоўваліся па ёй у чоўнах ці па драўляных насцілах.


На гэтай жа вуліцы месціўся і іншы аб’ект нашай страчанай спадчыны – Вялікая сінагога. Няварта забывацца на тое, што да нямецкай акупацыі значную частку насельніцтва горада складалі яўрэі, якія ў 1884 годзе асвяцілі тут свой храм. З прыходам савецкай улады там размясцілі інтэрнат для рабочых, а падчас халакосту – стайню для коней. Напачатку вайны ў Вілейцы было аж тры сінагогі, але да вызвалення ніводная з іх не дажыла. Цяпер тут знаходзяцца гаражы ДТСААФа.

Так сталася, што першым каменным будынкам у Вілейцы была турма, вакол якой бытуе легенда, быццам першы камень у ейны падмурак заклала сама расійская імператрыца Кацярына II, але гэта не так. Вілейскі турэмны замак быў пабудаваны ў 1856 годзе паводле плана, які зацвердзіў расійскі імператар Мікалай I. У розныя часы ў ім адбывалі пакаранні такія вядомыя людзі як Максім Танк, Барыс Кіт, Фелікс Дзяржынскі і Францішак Сяліцкі, доктар філалагічных навук і аўтар шматлікіх кніг пра гісторыю Вілейшчыны. Пасля закрыцця ў 1964 г. турма была перароблена на анкалагічную бальніцу і выконвала гэтую функцыю да 2018 года. Да вайны яна была абнесена каменным плотам, што можна пабачыць на фотаздымку.

Напрыканцы 1910-х гадоў у горадзе быў пабудаваны вакзал і, адпаведна, адкрыта станцыя “Вілейка”. У той час усе вакзалы будавалі ў стылі “мадэрн”, і наш не стаў выключэннем. У дадатак да яго была ўзведзена воданапорная вежа, бо тады паравоз трэба было кожныя 20 кіламетраў дазапраўляць. Ваду ў вежу пампавалі з Віліі. За польскім часам у горадзе не ставала жылля, таму ўлады рашылі гэту праблему арыгінальна – перарабілі памяшканні на другім паверсе вакзала на кватэры для працаўнікоў чыгункі. Тады вакзал набыў выгляд, набліжаны да сучаснага. Людзі ў гэтых кватэрах жылі ажно да канца мінулага стагоддзя.

За ўсю гісторыю нашага горада мастоў праз Вілію было шмат, але зараз нас цікавіць той, які выяўлены на гэтым фотаздымку. На ім мы можам пабачыць жаўнераў польскага палка Корпусу Аховы Памежжа “Вілейка”, якія, падобна, нешта святкуюць. На дошках, якія пакладзены праз мост як сталы, стаяць і пляшкі з гарэлкай, і хлеб, і сала, і агуркі. А на заднім фоне відаць хаты і гаспадарчыя пабудовы. Цяпер на месцы гэтых хат знаходзіцца вуліца Стаўкі. Гэты драўляны мост быў спалены 24 чэрвеня 1941 года, калі савецкія войскі пакідалі Вілейку.

Апошні фотаздымак на сёння – польская сямігадовая школа. Адчыненая яна была для таго, каб даць магчымасць жыхарам Вілейкі і навакольных вёсак атрымаць сярэднюю адукацыю. У такога даволі прыгожага драўлянага будынка з белымі калонамі вельмі сумны лёс:падчас нямецкай акупацыі ў ім працяглы час знаходзілася настаўніцкая семінарыя, але ў кастрычніку 1943 года немцы размясцілі тут вайсковы шпіталь. Каб адпомсціць, вучні семінарыі Лявон Жоўтка і Пётр Маліноўскі падарвалі будынак. У той жа час хлапцоў схапілі і павесілі проста пасярод руінаў. Пасля вайны на тым месцы працаваў калгасны рынак, а з 1966 года і дагэтуль там месціцца Сярэдняя школа №3.

Такім чынам, калі карыстацца штучным інтэлектам як інструментам, то ён можа быць вельмі карысным. Як, напрыклад, у гэты раз дапамог нам паглыбіцца ў гісторыю роднага горада.
Peramoga.by








