Праляцелі святы, якіх мы так чакалі, і жыццё ўвайшло ў звыклае рэчышча. Бярэ разгон год 2010-ты, у якім мы будзем жыць –працаваць, радавацца, засмучацца, цікавіцца, дзякаваць. Вось і першыя ў новым годзе звароты ў рэдакцыю гэта пацвярджаюць.
На пытанне, якое задала нам пенсіянерка з Вязыні, ужо прагучаў адказ па мясцоваму радыё. Магчыма, не ўсе яго пачулі, таму і звярнуліся ў газету. Жыхароў аграгарадка, якія пражываюць па вуліцы Юбілейнай, цікавіць наступнае: калі на іх вуліцы загарыцца святло? Іншыя вязынскія вуліцы, маўляў, асветленыя, а гэта – не. Чаму?
– Справа ў тым, што ў нас вядзецца капітальны рамонт лініі электраперадачы, – растлумачыў старшыня Вязынскага сельскага Савета Ігар Судніковіч. – Ён будзе цягнуцца прыкладна месяцы чатыры. На тых вуліцах, дзе не будзе мяняцца падстанцыя, асвятленне адразу пасля рамонту ўключаецца, на Юбілейнай жа падстанцыю электрыкі будуць мяняць, таму вуліца часова не асветлена. Зробіцца ўсё, што намечана, будзе светла і на Юбілейнай.
Таму, паважаныя вязынцы, вам давядзецца крышачку пачакаць. Затое ў аграгарадку будзе зроблена вельмі важная справа – капітальны рамонт электраліній. Згадзіцеся, што дзеля гэтага можна пацярпець часовую нязручнасць…
Віляйчанка Таццяна Іванова патэлефанавала ў рэдакцыю з прапановай:
– Чаму б нашаму камбінату бытавога абслугоўвання не набыць прыстасаванне для абмёткі дывановых дарожак, а то даводзіцца дзеля гэтай справы везці тыя дарожкі ў Маладзечна. Вельмі нязручна…
– Згодна, – пагадзілася з гэтым дырэктар Вілейскага камбіната бытавога абслугоўвання Аляксандра Салава. – Хутка, магчыма, ужо ў першым квартале гэтага года, мы набудзем авярлок па абмётцы дывановых вырабаў.
А ўвогуле, мы з Аляксандрай Генадзьеўнай сышліся ў меркаванні, што пакупніку было б яшчэ зручней, каб такія авярлокі працавалі ў магазінах, дзе ў продажы ёсць дывановыя вырабы – тады б не трэба было з купленай дарожкай ці паласам цягнуцца дадому (а гэта, згадзіцеся, даволі няпроста), затым – у КБА, а пасля – зноў дамоў. Магчыма, задумаюцца гандлёвыя работнікі і прымуць рашэнне ў карысць пакупніка. Калі, вядома, гэта магчыма.
Добры ліст прыйшоў у рэдакцыю ад чацвёртакласніка Арцёма Паляковіча. Хлопчык паведаміў, што хутка ў яго бабулі Валянціны Андрэеўны Трухан – дзень нараджэння. Унук вырашыў па-свойму павіншаваць яе, напісаўшы блізкаму чалавеку душэўны верш. І хоць віншаванні ў газеце платныя, адмовіць хлопчыку нельга. Вось вытрымкі з яго верша, які ён, думаецца, прачытае цалкам любімай бабулі за святочным сталом:
Бабушка милая, родная,
С днём рожденья тебя поздравляю!
Ты у меня одна такая,
Самая добрая и заводная.
Желаю тебе подольше прожить,
А я тебя буду очень любить.
Добры і ўдзячны ты ўнук, Арцём, будзь такім жа ўважлівым да людзей, родных і чужых, заўсёды.
У №1 за бягучы год у газеце быў змешчаны матэрыял Уладзіміра Літвіновіча «Не залівай, дзед…», які вельмі крануў нашу пастаянную чытачку, былую настаўніцу, якая чамусьці не пажадала паведаміць сваё імя.
– Вельмі правільна ўсё напісана, – дала яна ацэнку публікацыі. – Часта езджу аўтобусамі і бачу, як «клапатлівыя» мамы і таты ўрываюцца ў салон і садзяцца са сваімі дзецьмі, якія ўжо могуць і пастаяць. А пенсіянераў ды нямоглых ні дзеці, ні іх бацькі «не бачаць». Вось такое выхаванне… Было б нядрэнна, каб гаспадыні ў салонах – кандуктары – па магчымасці «дапамагалі» такім «убачыць» старэнькага, нямоглага, цяжарную жанчыну, якія стаяць побач.
Згодна з нашай чытачкай. Дарэчы, асабіста я не раз была сведкай таго, як кандуктар прапаноўвала нявыхаваным падлеткам падняцца і ўступіць месца таму, каму гэта трэба. Вось гэта правільна, што называецца, па-гаспадарску.
Ірына БУДЗЬКО







