Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Пасяліўся тут абветраны народ

LESXOZ– На лесанарыхтоўкі няма сезону, – ляснічы Прыгараднага лясніцтва Сяргей Філістовіч на некалькі хвілін сабраў брыгаду лесарубаў прама на лесасецы, каб правесці традыцыйны ранішні інструктаж. На гэтай дзялянцы вядуцца рубкі догляду – прахадныя і санітарныя. Убіраюцца дрэўцы кволыя, недарослыя – застаюцца тыя, што будуць перададзены ў рубку галоўнага карыстання, – каменціруе Сяргей Аляксандравіч.
– І што пасля?
– Гадоў праз восемдзесят іх таксама можна высякаць для прамысловых мэт…
Для лесаводаў час надзіва спрэсаваны. Пра далёкае будучае яны разважаюць так натуральна, нібыта яно вось ужо тут, дрыготкім марывам выступае з-за кромкі аснежанага лесу. Пачэсная місія чалавека ўладкоўваць зямлю для сваіх нашчадкаў. Недзе падсвядома кожны з людзей, занатаваных на гэтым фотаздымку, адчувае сваю адметную ролю. А сёння? Сёння піла ўгрызаецца ў медзяныя ствалы сасонак, якім належыць у хуткім часе стаць будаўнічым матэрыялам, дранкаю, што выкарыстоўваецца ў рабоце, у тым ліку, і нашай міні-ТЭЦ, балансам. Апошні экспартуецца не толькі ў бліжняе, але і ў далёкае замежжа.
Брыгаду лесарубаў, якую нам удалося заспець на лясной дзялянцы, узначальвае ляснік-вальшчык Аляксей Салаўёў (крайні злева). Побач на фотаздымку яго паплечнікі – леснікі Віктар Чараповіч, Аляксандр Раманоўскі, Сяргей Голец.
Галоўны ляснічы, як кажуць, «азадачыў» – і хлопцы рушылі ўзбоч лясной дарогі, патанаючы ў глыбокім снезе і спяшаючыся туды, дзе засыпаная інеем і аблашчаная марозам ва ўсю моц валадарыла яе вялікасць – зіма.

Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 188 queries