– А гэта наш трынаццаты валанцёр, – пажартавала Раіса Філістовіч, назіраючы, з якім замілаваннем цікуюць вочы прысутных за кудлатым шчанюком, пазначаным пышным светлым бантам. Дасціпны сабачка ўскочыў на сцэну, дзе арганізатары каляднай дзеі ўжо выставілі дэкарацыі вясковай хаты, якую меліся наведаць «валачобнікі». Ззяла агнямі на покуце клубнай залы навагодняя ялінка, дэкараваная драўляным парканам. Раз-пораз расчыняліся дзверы, упускаючы чарговую партыю ўзрушаных дзеяй, па-святочнаму апранутых гасцей. Не ўпершыню
вязынскія культработнікі ладзілі для вяскоўцаў свята. Адметнасць гэтага ў тым, што датасоўвалася яно да Каляд і, як заўважыла кіраўнік валанцёрскай групы Раіса Філістовіч, павінна была паслужыць данінай павагі этнічных традыцый продкаў, той самабытнай народнай культуры, на каранях якой грунтуюцца многія духоўныя набыткі сучаснасці. У тэатралізаванай дзеі было і шэсце валачобнікаў, і сустрэча іх з гасціннымі гаспадарамі, і прывітанне «святы вечар добрым людзям», што гучыць у гэтыя калядныя дні напамінкам нашай еднасці з творчымі фальклорнымі крыніцамі. У фармаце калядных сустрэч праходзіла гэта мерапрыемства, для ўдзелу ў якім аматарскае аб’яднанне «святліца» запрасіла мясцовых валанцёраў.
«Мы – госці недакучныя, у гадочак – адзін разочак…» Ад устанаўлення рэгламенту сустрэчы калядоўшчыкі пераходзяць да пажаданняў, якія абавязкова збудуцца. Гарантуючая ўмова – сапраўдная шчодрасць гаспадароў, калі не пашкадуюць яны для гасцей з казой ні каўбас, ні пірагоў святочных, – усяго, чым бывае багата калядная хата.
«Каб у гэтай хаце было што даці», «Каб людзей частавалі і гумны не пуставалі», «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць…»
Добразычлівасць, перамешаная з гумарам шчырасць, вострае слоўца – усе адценні моўнага калейдаскопу занатаваны ў сюжэтнай дзеі калядавання. Апошнім часам вяртанне да каранёў стала добрай модай, вельмі папулярнай, дарэчы, і ў моладзі. Бо адноўлена пераемнасць, а сярод усіх напрамкаў культурнага развіцця нацыі духоўная спадчына набывае статус непераходзячай каштоўнасці.
Усяго год існуе ў Вязыні валанцёрская суполка. Памагаць слабейшым – такі яе дэвіз. Аб’яднанне існуе на прынцыпах добраахвотнасці і бясплатнасці. У валанцёрскага руху на Вілейшчыне – свая адметнасць, – заўважае дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Сляпцова, таксама запрошаная на мерапрыемства. – Яно ў тым, што арганізаваны групы аднадумцаў, з’яднаных высакароднай мэтай суперажывання, з людзей так званага «залатога» ўзросту. У асноўным, гэта маладыя пенсіянеры, для якіх саміх вельмі складаны пераход да нязвыклага ладу жыцця. Па-ранейшаму хочацца быць у гушчыні падзей, праяўляць так званую грамадскую актыўнасць і быць карыснымі для тых, хто перажывае далёка не лепшыя свае часы.
– Люблю любіць людзей… Вырастаюць крылы, калі ўдаецца чалавеку дапамагчы. Гэта шчасце – супольна жыць і супольна радавацца… – шчыра дзеляцца валанцёры нюансамі свайго новага светаадчування.
З некалькіх сюжэтных блокаў складзена калядная сустрэча ў Вязынскім культурным цэнтры. Сур’ёзныя размовы аб сэнсе валанцёрскага руху, як навагодняя ёлка гірляндамі,расквечаны дасціпнымі жартамі, гульнямі і варажбой. Была ж нейкая прыцягальнасць у таямнічым рытуале прадвызначэння ўласнага лёсу. Найбольш цягнуліся да яго дзяўчаты, варожачы на суджанага, а значыць, і на сваё жаночае шчасце, мройнае ў тыя даўнія часы, калі ладдзя кахання сапраўды вельмі часта разбівалася аб сялянскі быт, не пакідаючы часу для любоўных уцех.
Некалькі праектаў рэалізуюць вязынскія валанцёры. Усе яны сістэматызаваны ў альбоме, які з любасцю аформіла Раіса Канстанцінаўна Філістовіч, чалавек усебакова цікавы і шматгранны…У яе да кожнай справы – індывідуальны падыход, тая зайздросная захопленасць, якая ўласціва натурам светлым і творчым. І трымаецца суполка вязынскіх валанцёраў на ўзаемадаверы, узаемным імкненні тварыць дабро, не чакаючы за гэта адплаты. Гуманістычны прынцып, які і павінен быць між людзьмі, што жывуць па хрысціянскіх традыцыях. Апошнія прыйшлі ў свет разам з каляднымі святамі.
Марыя КУЗАЎКІНА
Фота аўтара
Святы вечар
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ







