Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Калядны канцэрт

16 студзеня з розных куточкаў нашага горада паспешліва сцякаліся ў напрамку Палаца культуры жывыя раўчукі людзей. Па размовах можна было заўважыць, што ўсе яны ішлі з бадзёрым прыўзнятым настроем і ў добрым гуморы. Пра мерапрыемства, якое павінна было пачацца ў 16 гадзін, яскрава сведчыла афіша над галоўным уваходам Палаца: «Канцэрт да Нараджэння Хрыстова «Рождество твое, Христе Боже наш, возсия мирови свет разума». Словы ў стараславянскай рэдакцыі, рэдкія ў нашым паўсядзённым жыцці, падкрэслілі важны момант свята – праз гады і вякі асновай быцця нашага застаецца вера, і сёння, як і даўным-даўно нашы продкі, мы святкуем Нараджэнне Хрыстова…

Мнагалюдна было і ў вестыбюлі, а ў самой глядзельнай зале стаў наглядным выраз «няма дзе яблыку ўпасці» – бо так яно і было. І вось гасне святло ў зале, а на сцэне – вядучыя канцэрта: артыст Беларускага радыё Алег Вінярскі і сябра Беларускага Саюза музычных дзеячаў Таццяна Захарыч. Пасля ўступнага слова яны запрашаюць на сцэну Благачыннага Вілейскай акругі протаіерэя Сімяона Даніілавіча Мацюха. Да ўсіх прысутных звярнуўся ён са словам, расказаўшы пра свята Нараджэння Хрыстова і нагадаўшы, што пасля яго надышлі Святыя вечары, і да іх – асаблівае духоўнае пачуццё ў вернікаў. На жаль, заўважыў айцец Сімяон, сёння гэты звычай слабее, але мы можам і павінны вярнуцца да вытокаў нашых продкаў, кіравацца іх прыкладам, як яны працавалі і як ратаваліся. Выхаванкі нядзельнай школы ўручылі Благачыннаму кветкі.
Канцэрт складаўся з двух аддзяленняў. У першым выступіў хор храма Прападобнай Марыі Егіпецкай, у другім – удзельнікі мастацкай самадзейнасці ўстаноў культуры і адукацыі. Падчас выступлення хору ў зале ўсталявалася звонкая цішыня. Па гэтай рэакцыі стала зразумела, што выпадковыя людзі сюды не прыйшлі. Узнікла адчуванне, а, мабыць, так яно і было, што песнапенні хору пад кіраўніцтвам рэгента Мікалая Шкета людзі ўспрымалі не на слых, а сэрцам. Светлы спеў акрыліў кожную душу, і шчырыя апладысменты ўдзячных гледачоў не змаўкалі доўгі час. Выхаванкі нядзельнай школы Даша Дзевяцень, сёстры Злата і Рыта Скабей прадоўжылі канцэрт выразным чытаннем вершаў пра Нараджэнне Хрыстова. Сваю порцыю цёплых і ўдзячных апладысментаў дзяўчынкі атрымалі заслужана. Далей прагучалі традыцыйныя калядкі «Гэта ноч святая» і «Добры вечар табе».
Вера і родная мова – аснова асноў ўсяго існага. Пацвярджаючы гэта, у пачатку другога аддзялення з літаратурна-музычнай кампазіцыяй «Перажыві мяне, мой белы сад» выступілі выхаванцы студыі мастацкага чытання «Ветразь» (гімназія №2), якой кіруе Мікалай Іваненка. На пявучай нашай мове, пад акампанемент канцэртмайстра Кацярыны Літвіновіч, гучалі з вуснаў юнакоў і дзяўчат радкі з вершаў Івана Лашуткі. А ў іх – пра зямное існаванне і вечнасць, што шчыльна знітаваныя паміж сабой, пра тое, што кожнаму на зямлі трэба «пражыць чалавекам, а не прапаўзці», пра «роднае слова – веры прычасце»… Рэфрэнам гучалі словы, вынесеныя ў назву кампазіцыі: «Перажыві мяне, мой белы сад». Яны ж сталі і яе фінальным акордам.
Нават калі дзеці ўжо дарослыя, і ў іх ёсць свае сем’і, думкамі маці заўсёды побач з імі. У працяг гэтай тэмы трыа «Элегія» прапанавала гледачам цудоўную баладу «Званочак» на словы Навума Гальпяровіча. Не ў адной з прысутных жанчын вочы затуманіла сляза.
Вершы на хрысціянскі матыў чытаў Навум Гальпяровіч, укладваючы ў іх усю сілу чалавечага пачуцця.
Увогуле ж, падчас канцэрту на ўсіх прысутных проста абрушыўся вадаспад талентаў. Выступалі артысты Вілейскага Палаца культуры, хор Дзіцячай школы мастацтваў, Народны калектыў аўтарскай песні «Элегія», хор гімназіі №2, ансамбль скрыпачоў і многія іншыя.
Калі зямля багатая на такія таленты, нельга сказаць, што тая сіла, што над намі, не спрыяе. Усё астатняе, як кажуць, у руках чалавечых.
Таццяна Шаршнёва

IMG_3288

IMG_3318
IMG_3568
IMG_0022

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries