Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Гістарычныя вандроўнічкі, або У госці да Алены

У кожнага чалавека ёсць свае захапленні. Колькі сябе помню, цікавілася музыкай. Яна мне давала духоўны адпачынак. І мой вольны час праходзіў разам з музыкай. Але густы змяняюцца. Я вырашыла займацца гісторыяй. Пачала наведваць гурток па вывучэнню краязнаўства,якім кіруе Марына Жыльцова, музей і залу выстаў імя Н.Сілівановіча. Я пазнаёмілася з новымі цікавымі людзьмі: дырэктарам музея Сяргеем Ганчаром,старшым навуковым супрацоўнікам Вольгай Коласавай, навуковым супрацоўнікам Аленай Стрэж і многімі іншымі. У Вілейскім краязнаўчым музеі працуюць добрыя, адкрытыя людзі. Там шмат цікавых кніг, якія не заўсёды можна адшукаць у бібліятэцы або ў кніжнай краме. Пра заняткі краязнаўчага гуртка ў музеі я расказала сваім сябрам, якія таксама зацікавіліся гэтым і зараз наведваюць музей разам са мной.
У пачатку кастрычніка пачаліся заняткі ў зале выстаў. Калі я трапіла туды ўпершыню, я апынулася ў другім свеце гісторыі, які спадабаўся мне яшчэ больш. Там вельмі цёплая атмасфера, бо знаходзішся каля ўсіх гэтых прадметаў, адчуваеш дух мінуўшчыны. Калі прыходзіш туды – час замірае, і ёсць толькі ты і гісторыя.
Цыкл лекцый, якія мы слухаем называецца “Гістарычныя вандроўнічкі або ў госці да Алены”. Першы цыкл заняткаў паклаў пачатак да вывучэння новых тэм, больш глыбокіх і складаных. Яны былі разнастайнымі, але ўсе закранулі тэму беларускай культуры. Сярод якіх беларуская хата, рамяство, народныя казкі і народны каляндар. Мы мелі магчымасць не толькі слухаць, але і бачыць усё вышэйсказанае ў малюнках, які стварыў вядомы чалавек на Вілейшчыне Анатоль Капцюг.
Асаблівае захапленне ў мяне выклікала тэма “Паэтыка жаночай душы”. Я і не ведала, што рушнікі – гэта кнігі жаночай долі.Але кожны ўзор на тканым вырабе – кніга жыцця беларускага народа. Стварыць такі рушнік вельмі цяжкая справа. Колькі сіл і часу было затрачана нават на адзін. На першы погляд здаецца,што вельмі цяжка прачытаць гэтую кнігу, але на самой справе гэта не так. Трэба толькі ведаць, што абазначаюць узоры.
Вялікую цікавасць выклікаюць тэмы вывучэння гісторыі народнага календара. Колькі пазнавальнага перадалі нам продкі праз культавыя святкаванні!
Набліжаецца хрысціянскае свята: Дзень Божага нараджэння. Гэта свята называецца па народнаму календару – Каляды, па хрысціянскаму – Раство Хрыстова. Гістарычнымі каранямі Каляды ўзыходзяць да старажытных часоў, калі народ адзначаў зімовае сонцастаянне. Калядам папярэднічаў доўгі шасцітыднёвы Піліпаўскі пост, які заканчваўся з надыходам урачыстага зімовага святкавання.
Усе гэтыя гістарычныя заняткі павысілі мой узровень у ведах краязнаўства, беларускіх традыцый, культуры і нашага мінулага. У наш час большасць традыцый, якія перадавалі нашы продкі не захаваліся або на іх не звярталася належная ўвага. А вельмі важна захаваць гэтыя традыцыі для будучых пакаленняў, каб яны больш ведалі пра сваю Бацькаўшчыну. Я лічу, што адукаваным лічыцца той чалавек, які не толькі вывучае дакладныя навукі, але ведае і зберагае сваю Спадчыну.
Кацярына БІЧУН,
Вілейская гімназія №1”Логас”,
навучэнка гісторыка-краязнаўчай студыі ”Спадчына”

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 187 queries