Сёлета рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Адна зямля» праходзіў ужо ў трынаццаты раз. Цяпер яго прымала астравецкая зямля.
У фестывалі ўдзельнічалі выканаўцы чатырох узроставых груп. Выступалі работнікі культуры і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, вучні агульнаадукацыйных школ, навучэнцы прафесійна-тэхнічных устаноў, студэнты – усе тыя, для каго песня стала неад’емнай часткай жыцця.
Як і заўсёды, Вілейшчыну на конкурсе прадстаўлялі дастойныя выканаўцы. Што тут скажаш, багатая наша зямля на таленты. Цудоўныя дзяўчаты – Кацярына Барташэвіч, Таццяна Макарэвіч, Наталля Чарток, Аляксандра Корсак, Анастасія Ластачкіна і Паліна Вазняк – і адзін хлопец – Давід Дуровіч – ехалі на фестываль, каб паказаць сябе, паглядзець на іншых, памерацца сіламі ў творчасці.
– Сустракала астравецкая зямля цёпла, – расказвае метадыст раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Таццяна Слуцкая. – Выступала многа ўдзельнікаў, таму праграма была даволі працяглай. Але гледачам,відаць па ўсім, не надакучыла, яны цёпла прымалі кожнага артыста. Немалаважна, што і надвор’е было як па заказе…
Для вілейскіх артыстаў мерапрыемства было ўдалым. Як,дарэчы, і заўсёды, бо майстэрства і прафесіяналізм нашых спевакоў адзначаюцца ўсюды. Ды толькі прызавых месцаў для ўсіх таленавітых не хапае… Таму, як мне здаецца, пераможцамі конкурсу можна лічыць кожнага з яго ўдзельнікаў.
Калі ж звярнуцца да афіцыйных вынікаў «Адной зямлі», то яны такія: Таццяна Макарэвіч заняла першае месца ў трэцяй групе канкурсантаў, у салістак узорнай эстраднай студыі «Экспромт» Вілейскага Палаца культуры (кіраўнікі Алег і Нэллі Зайцавы) Кацярыны Барташэвіч і Аляксандры Корсак – другія месцы ў другой і першай групах, а Давід Дуровіч адзначаны заахвочвальным прызам.
Былі дыпломы, кветкі, новыя знаёмствы, а закончылася праграма вясёлай дыскатэкай на пляцоўцы. І яшчэ адна важная для нас, віляйчан, падзея: напрыканцы праграмы эмблема рэгіянальнага конкурсу «Адна зямля» была ўручана начальніку аддзела культуры Вілейскага райвыканкама Сяргею Паўлоўскаму – у знак таго, што наступным летам гэты фестываль пройдзе ў нас. Прыемна.
Ірына БУДЗЬКО
На здымку: вілейскія ўдзельнікі рэгіянальнага фестывалю-конкурсу.
Фота прадастаўлены
Таццянай Слуцкай










