Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Населеныя пункты Рабунскага сельсавета асабліва прыцягваюць гарадскіх дачнікаў

Ніколі не стамлюся паўтараць: прыгожая яна, наша Вілейшчына! Яшчэ раз залюбавалася наваколлем на днях, праязджаючы па тэрыторыі Рабунскага сельсавета… Але аб гэтым ніжэй. А выезд у сельсавет быў арганізаваны старшынёй раённага Савета дэпутатаў Наталляй Радзевіч, якая запрасіла ў спадарожнікі журналіста. Такія паездкі сталі традыцыйнымі, і няма ў раёне такой вёсачкі і ўстановы, куды б не зазірнула наша рэйдавая. Заўсёды ў старшыні райсавета знаходзіцца многа тэмаў для размоў з людзьмі. Адказныя спецыялісты, якія, здараецца, на справе з’яўляюцца не зусім адказнымі, атрымліваюць прадпісанні і пэўны тэрмін на выпраўленне недахопаў. Як выконваюць даручанае, праз вызначаны час абавязкова правяраецца.

Так склалася, што населеныя пункты Рабунскага сельсавета асабліва прыцягваюць гарадскіх дачнікаў. А чаму б і не? Побач – вадасховішча, лес, а гэта надзвычай важна для чалавека са шматпавярхоўкі ў шумным горадзе.
Разам са старшынёй сельсавета Ірынай Супрановіч праязджаем па вуліцы Крывога Сяла.
– На ўездзе ў населены пункт звярнулі ўвагу на добраўпарадкаваную сажалку? – пытае Ірына Аляксандраўна. – Сваімі сіламі яе давялі да ладу. І цяпер там людзі ў вольны час адпачываюць. Сёлета мяняем у вёсцы платы на жалезабетонныя… Справа нятанная, сельсавету без удзелу грамадзян з ёй не справіцца, таму яны аплачваюць каля 25 працэнтаў кошту. Дык гэта яшчэ добра, што мы ў свой час закупілі плот па ранейшых цэнах, калі адно прасла каштавала каля дваццаці пяці тысяч. А цяпер за яго давядзецца плаціць намнога даражэй.
Міжволі звяртаеш увагу на чысціню вуліц, дагледжанасць большасці прысядзібных участкаў. На фоне такіх асабліва кідаюцца ў вочы тыя, дзе няма сапраўдных гаспадароў. Здараецца, набудзе гарадскі чалавек домік у вёсцы, а сам па нейкіх прычынах наведваецца сюды ў лепшым выпадку раз у год. Вядома ж, парадку на такой сялібе не будзе. Таму і стараецца старшыня ўсімі магчымымі і немагчымымі спосабамі звязацца з такімі гаспадарамі і пераканаць навесці парадак. З аднымі ўдаецца знайсці агульную мову, з другімі – не заўсёды.
…Узбоч чыстай вуліцы – куча голля.
– Гэта часова, у канцы дня ўбярэцца, – запэўніла Ірына Аляксандраўна. – Чалавек вярнуўся ў сваю хату з месцаў зняволення і адразу ж узяўся наводзіць парадак на прысядзібным участку.
Значыць, падумалася, пераасэнсаваў сваё жыццё, знайшоў адказ на пытанне, для чаго ён прыйшоў на гэты свет.
А вось і падвор’е Ніны Андрыеўскай, якое лічыцца ў Крывым Сяле лепшым. Адпаведная шыльдачка на доме сведчыць пра гэта. Ды каб і не яна, дык пра адметнасць сядзібы і творчы густ гаспадара сведчыць яе выгляд. Дом літаральна патанае ў шматколерным моры кветак. Не бачна нават маленькай купінкі зямлі, дзе б расла трава – усюды кветкі, усюды чысціня. Непадалёк ад ганку – своеасаблівы астравок адпачынку: столік, засцелены цыратай, лавачка… Здаецца, нічога незвычайнага, акрамя таго, што стаіць стол на размаляваным прыгожымі кветкамі астраўку. Яшчэ далей – акуратна пафарбаваны калодзеж, роўна падстрыжаныя кусты з ужо спелай буйной малінай.
А вось і гаспадыня. Спрытная, у прыгожым спартыўным касцюмчыку, Ніна Іванаўна здаецца маладой дзяўчынай.
– Што вы, у мяне чацвёра ўнукаў і праўнук, – усміхаецца жанчына. – А я проста стараюся заўсёды быць аптымістам…
Яе дочкі былі яшчэ маленькімі, калі жанчына засталася ўдавой. Адна іх падымала на ногі, выводзіла ў людзі. Трымала ў свой час вялікую гаспадарку, з якой вясковай жанчыне без гаспадара было ой як няпроста. Цяпер жа цяжка працаваць Ніне Іванаўне не дазваляе здароўе – у яе група па інваліднасці.
– Вось так і жыву з Божай і людской дапамогай, – разводзіць рукамі жанчына. – А кветкі – гэта мой галоўны занятак, мая аддушына. З ранняй вясны і да снегу цвітуць яны, адны змяняючы другія, на участку. І неяк лягчэй і святлей на душы…
У гэтыя дні Ніна Іванаўна з унучкай Ганначкай не сядзяць дома, а ходзяць па ягады. Для бабулі гэта не вельмі лёгка, але ж хочацца падтрымаць дзяўчынку. А тая стараецца, вунь ужо здала ягад, сабраных сваімі рукамі, больш як на шэсцьдзесят тысяч. Вось і зарабіла дзіця на кішэнныя расходы…
Празджаючы па тэрыторыі сельсавета, мы не ўбачылі стыхійных звалак смецця.
– А таму, што ўсё болей і болей людзі перааконваюцца ў патрэбнасці заключэння дагавораў на вываз смецця, – расказвае старшыня. – Так, насельніцтва вёсак Касута, Грыцукі, Чыжэвічы стопрацэнтна ахоплена вывазам, пераважная большасць жыхароў Крывога Сяла таксама заключылі дагаворы. Так што адвыкаем ад звалак смецця недзе за вёскамі. Навошта гэта рабіць, калі можна сабраць яго і, нікуды не выцягваючы, спакойна пакінуць ля дома ў азначаны дзень – машына забярэ.
Жыхаркі Чыжэвічаў Вольга Мікалаеўна і Ніна Уладзіміраўна Марозы з гэтым поўнасцю згодны. Жанчын мы ўбачылі на лавачцы. Ніна Уладзіміраўна, маладая пенсіянерка, прысела да нямоглай суседкі, каб перакінуцца слоўцам.
– На бульбу бягу, трэба ад жукоў апырскваць, – падзялілася сваімі клопатамі жанчына.
Яно і зразумела, у гэтую гарачую пару на вёсцы не адпачываюць. Вось і Вольга Мікалаеўна паказала на свой кіёчак, маўляў, хвароба вымусіла за яго ўзяцца, пасля некалькіх інфарктаў стаў ён жанчыне памочнікам. А рукі так і цягнуцца да працы…
Прыхарошваецца да светлага свята – Дня Пятра і Паўла – Касута. Тут у гэты дзень штогод праходзяць храмавыя святы. На фэсты, як іх называюць, збіраецца мноства людзей, сярод якіх і жыхары навакольных вёсак, і тыя, чые тут карані, і госці. Людна святам ля царквы, на вуліцы, абавязкова наведваюцца і на мясцовыя могілкі. Месца спачыну продкаў тут дагледжана: выразаны высокія дрэвы, устаноўлена прыгожая агароджа, рэгулярна абкошваецца трава. Урэшце, так яно і павінна быць.
Каб у чытачоў не склалася ўражанне, што на тэрыторыі сельсавета літаральна ўсё ў парадку, адзначу, што ёсць і тут праблемы. Але самае важнае, што іх бачаць, над вырашэннем іх працуюць. І вынікі гэтай сумеснай працы добра відаць кожнаму.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота аўтара

Ніна Андрыеўская з унучкай Ганначкай

Будзе вось такая арыгінальная пабудова...

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries